Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Кнігазбор
- ISBN: 978-985-7007-66-0
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула». Краткое содержание книги:
Мне ўпершыню давялося думаць не пра рэвалюцыйную барацьбу ўвогуле, не пра вартых сьмерці катаў увогуле — а пра канкрэтных асобаў, якія з маёй дапамогай будуць забітыя. Дагэтуль мне ніколі не паведамлялі, дзе зробяць пякельную справу мае машыны сьмерці. І калі я чытаў пра тэрарыстычныя “акцыі”, сэрца сьціскалася ад салодкага жаху, падобнага да гонару: гэта, магчыма, зрабіў я. Я небясьпечны. Я — таемны ўладар над жыцьцямі. Суддзя паскуднага гэтага чалавецтва. Цяпер мне належала зірнуць ахвярам у твар. Ну, паліцмайстар — гэта зразумела… Чалавек, які апранае на сябе мундзір, тым прымае на сябе функцыю адказваць за мундзір — забіць альбо быць забітым. А вось Старовы... Тры кабеты… Прычым дзьве — зусім маладыя. Дзяўчаты.
Так, яны зрабілі жахлівае… Калі глядзець з аднаго боку барыкады. Успомніце Шарлоту Кардэ, якая забіла нажом Рабесп’ера. Ён сядзеў у ваньне — хвароба скуры, невыносны сьверб. На тую самую пошасьць хварэў рымскі дыктатар Сула, іншыя тыраны… Шарлота прыйшла, як быццам просьбітка.
Адны яе кляймілі, як падступную забойцу… Але іншыя — лічылі гераіняй. Прыгожая дзяўчына, якая ахвяруе сабою, каб пакараць ката, выратаваць тысячы жыцьцяў, даць волю Айчыне… Так, як яна разумела. З аднаго боку — манархістка Кардэ, з другога — народаволка Соф’я Пяроўская. Чалавек, які здольны мысьліць, убачыць гэтую “люстранасьць”.
Таму тых, хто здольны мысьліць, забіваюць у першую чаргу.
Ну, уявіце… Тры жанчыны бачаць, як малады чалавек кідае бомбу, назірае за панікай, пагардліва ўсьміхаецца і сыходзіць. Забойца, які можа забіць яшчэ. Як расцаніць, што яны кінуліся яго затрымліваць? Ведаючы, што ён можа быць узброены, што могуць загінуць? Таксама ж сьмелы ўчынак?
Я быў супраць таго, каб забіваць Старовых. Гэта не стасавалася да вобразу высакароднага змагара — карбанарыя, Авадня, Карла Маора, Андрэя Кожухава… У вас чытаюць яшчэ кнігу Сьцепняка-Краўчынскага пра народавольца Андрэя Кожухава? А, у маці ёсьць у шафе? Значыць, зноў пераацэнка каштоўнасьцяў пакаленьняў…
Я даказваў сваё вельмі горача. І ўрэшце мяне запэўнілі, што забойства ня будзе. Старовых проста трэба напалохаць — так, каб былі папярэджаныя ўсе, хто захоча ў будучым стаць на шляху рэвалюцыянера.
Бомбу належала ўзарваць пад іх вокнамі, падгадаўшы, каб усе былі дома. Я мусіў зрабіць гэтую бомбу і высачыць кабетаў. Сонечка кіне кошык са сьмяротным снарадам пад вакно — і ўсё. А Норава тым часам пакараюць іншыя. Хто — мне не сказалі. Я здагадваўся, што ў той групе будзе Крэчат. Усё здарыцца на ўгодкі сьмерці Пуліхава.
Дні разьбіваліся, як дажджынкі аб вечка труны. Я працаваў, як апантаны… Сачыў за Старовымі… Сонечка была да мяне неверагодна ласкавай. У ноч напярэдадні нашай акцыі яна нават пацалавала мяне на разьвітаньне. У левую шчаку… Лёгка і хутка, як птушка… Ніколі не забуду гэты момант. Яе брунатную сукенку ў вузкую сінюю палоску, з шэрагам дробных гузікаў пад горла, чорную шапачку на стрыжаных пшанічных валасах, крыху прыўзьняты носік — і выраз вечнай дзёрзкай цікавасьці на твары. Нібыта яна пыталася ў сьвету: як жа гэта? Чаму так робіцца?
Яна сышла… А я ўсё ня мог супакоіцца. Сну не было і ў адным воку. Я ўспамінаў, як пільнаваў злачыннае сямейства ля Кацярынінскай царквы. Як бачыў іх на службе. Старэйшая, таўставатая, як на мой густ, увесь час стаяла, апусьціўшы вочы і трохі пахіліўшы галаву ў карункавым капялюшыку да левага пляча — мне здавалася, што ў ейным сьмірэньні я ўгледжваю нешта ненатуральнае. Мажная маці, наадварот, галаву трымала прама, нават паклоны біла з адчуваньнем уласнай годнасьці… І пагрозна паглядала на малодшую, якая крадма перазіралася з нейкім фацэтам у вайсковай форме.
Я ведаў, што малодшая любіць монпансье — рознакаляровыя круглыя карамелькі. Часта купляе іх у аднаго і таго ж афені-карабейніка. Што старэйшая наведвае мадыстку і таемна скупляе паштоўкі з партрэтамі артыстаў МХАТу, асаблівую перавагу аддаючы асобе Качалава. А да мадам Старовай, шаноўнай удавы, прыходзяць гэткія ж, як і яна, дамы — урыўкі іхніх гутарак, якія мне ўдавалася падслухаць праз адчыненае вакно, можна было друкаваць у газеце “Славянскі сабор”. Людзі сапсаваліся, маралі няма, моладзь… Якая моладзь — напісана яшчэ чатыры тысячы гадоў таму ў Фіванскай пірамідзе. Выказваньне тамтэйшага жыхара слова ў слова супадала з меркаваньнем мадам Старовай. З такой разбэшчанай моладдзю — ніякай будучыні ў няшчаснай старажытнаегіпецкай (рускай праваслаўнай) краіны.