Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула
Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула

Электронная книга - «Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула». Краткое содержание книги:

Два новыя раманы Людмілы Рублеўскай : “Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію” і “Сутарэнні Ромула” атрымалі шырокі розгалас у грамадстве. Іх звязвае тэма сталінскіх рэпрэсій супраць беларускай творчай інтэлігенцыі, а таксама тое, што дзеянне адбываецца і ў сучаснасці, і ў мінулым, раскрываючы тэму гістарычнай памяці. Прозе Л.Рублеўскай уласцівы псіхалагічная глыбіня, эпічнасць, філасофскі роздум і напружаны сюжэт, а таксама спроба сфармуляваць беларускую нацыянальную ідэю. За раман “Сутарэнні Ромула” ў 2011 годзе пісьменніца стала лаўрэатам прэміі імя Францішка Багушэвіча.
1 ... 51 52 53 54 55 56 57 58 59 ... 213
Перейти на страницу:

Мара збылася. Але цяпер яна была толькі сухой кветкай на сукенцы нябожчыцы.

Я жыў дзеля працы. Нібыта спадзяваўся сваймі адкрыцьцямі апраўдацца за зробленае. І… ведаў, што болей ніколі нікога ў сваім жыцьці не прадам і не заб’ю. Потым… Шмат чаго было. Былі хвіліны слабасьці. Памятаю, аднойчы на другім курсе страшэнна закарцела далучыцца да сьвету ценяў. Да аднакурсьніка прыехала сястра, гімназістачка, і, пакуль круцілася ў гасьцёўні інтэрнату, дзе я прыладкаваўся на зручнай канапе з чарговай кнігай, пачала пасылаць мне доўгія погляды. Напэўна, доўга крыўдавала, што я затросься, як пры зьяўленьні прывіда, і ўцёк, нават забыўшыся на здабыты з цяжкасьцю ў публічнай бібліятэцы том. А проста неразумнае дзяўчо страшэнна нагадвала Сонечку.

Я ня Вертэр. Я ўсяго толькі сын балаганнага факіра. На хуткую руку зьмяшаў сімпатычнае расчыньне, якое пры судакрананьні з агнём мусіла даць прыстойны, але зусім невялікага радыусу, выбух, плюс атрутны газ з малым часам распаду. Дастаткова было знайсьці цёмны пусты кут…

І я, паколькі рамантыка ў мазгах яшчэ не перагарэла, забраўся ва уні­версітэцкі археалагічны музей, туды, дзе грувасьціліся каменныя саркафагі егіпецкіх фараонаў. Тут і днём нікога ніколі не было — а апоўначы, як я спадзяваўся, нават вартаўнік не дачуецца.

Затое — якое атачэньне! Фараоны, саркафагі… Што труп з адарванай галавой не прыўкрасяць нават такія дэкарацыі — я неяк не задумваўся. Так сьпяшаўся… Ажно кроў у вушах шумела… І не пачуў крокаў выкладчыка — ён нядаўна атрымаў месца дацэнта на кафедры гісторыі старажытнасьці і выяўляўся ў сваёй навуцы гэткім жа энтузіястам, як я ў сваёй…

Так я пазнаёміўся з Люцыянам Нічыпаровічам.

Я доўга даводзіў яму, што такога, як я, ня варта ратаваць і нават гаварыць са мной прыстойнаму чалавеку гідка… У доказ распавёў (яму першаму і адзінаму), якім чынам трапіў сюды на вучобу. Пра Сонечку і Сяргея…

Спадар Люцыян знайшоў словы, якімі прывязаў мяне да жыцьця. Нагадаў пра Бога, веды, Альбарутэнію... Ён назаўсёды застаўся маім лепшым сябрам.

Калі я атрымаў праз яго запрашэньне паўдзельнічаць у стварэньні Беларускага універсітэту, не вагаўся ні хвілі. У мяне быў доўг перад гэтай зямлёй. І я прыехаў.

Ня трэба думаць, што тыя гады — толькі сьмерць ды подласьць. Я ехаў з Парыжу ў краіну, дзе перамагла вялікая рэвалюцыя. Дзе будуецца Альбарутэнія. І не расчараваўся… Так, была беднасьць. Прадуктовыя карткі. Пайкі… Чэргі па селядцы… Але і вечарыны паэзіі, на якіх зьбіраюцца тысячы людзей, і ловяць кожнае слова з вуснаў маладога беларускага генія. Дзень авіяцыі ў 1924-м, падчас якога ўзьляцеў першы ў сьвеце самалёт з надпісамі на беларускай мове… Інстытуты, музеі, часопісы — у якіх усё па-беларуску… Спаборніцтвы па веласпорце… Выступленьні Маякоўскага… Прафсаюзны зьезд хімікаў, на якім усталяваны зносіны з калегамі з Чэхіі… Памятаю, як у кастрычніку 1925 году ў Менск пешкі прыйшоў знакаміты французскі падарожнік Эме Тарал, які нацэліўся абысьці вакол сьвету. Мяне папрасілі быць у дэлегацыі, якая сустракала яго… Мы напаілі француза, вядомага цьвярозьніка і вегетарыянца, старадарожскім першаком так, што ён палез цалавацца з гіпсавым помнікам Гіршу Лекерту ў Аляксанд­раўскім скверы. А як даставаліся білеты на першы беларускі фільм “Лясная быль” у кінатэатры “Культура”, у будынку былой харальнай сінагогі! Памятаю пуск першага трамваю… Вагон, прыўкрашаны кветкамі, з раніцы да ночы вазіў усіх бясплатна… Не, было шмат вясёлага, цудоўнага… А колькі талентаў зьявілася! Наш народ — надзвычай таленавіты. Колькі яго ні выкошвай… Я праводзіў семінары, на якіх прапаноўваў студэнтам пафантазіраваць, што ў нашай галіне хіміі будзе вынайдзена да канца стагоддзя… Вы б гэта чулі! Якія ўсчыналіся спрэчкі, якія ўзьнікалі ідэі ў гэтых учарашніх вясковых хлапчукоў ды дзяўчатак! Упэўнены, у вашым часе да ўсіх іхніх прапановаў яшчэ не дадумаліся. І нават тады, калі пачаліся арышты — для многіх людзей заставалася досыць месца для радасьці і веры ў сьветлую будучыню.

Але для некаторых гэтага месца не ставала.

У 1932 годзе сюды прызначылі камісарам Крэчата. Ён пазнаў мяне.

Ні ў чым яго не вінавачу. Я не заслужыў лёгкай сьмерці. А ён быў гатовы мне яе падарыць. Але, відаць, Крэчат хацеў, каб я паводзіўся падчас допыту трохі іначай. Прасіўся, напрыклад. Выяўляў сваю нягодніцкую сутнасьць. Прызнаўся, як патрабавалі, у сваёй шпіёнскай дзейнасьці на карысьць Францыі, Англіі і Польшчы. Выкрыў змову іншых буржуазных шпіёнаў-прафесараў Беларускага універсітэту… Абмаляваў мяркуемыя дыверсіі… Проста ён ня ведаў, што для мяне сьмерць і фізічны боль — гэта такая дробязь у параўнаньні з іншым… З вечным пакутлівым адчуваньнем віны, якое ледзь ня зьела мяне знутры. А якая радасьць забіць чалавека, які ўпэўнены, што гэта заслужыў, і нават палёгку ў сьмерці бачыць? Мадэст Касіянаў, таксама новы “прызначэнец”, што прыўнёс у працу НКВД асаблівыя метады, прапанаваў больш дасканалае пакараньне для здрадніка. І пасьля чарговага допыту, які, па маіх прыблізных пад­ліках, доўжыўся пяць сутак, “перакупіў” мяне з крэчатавых кіпцюроў для сваёй парафіі.

1 ... 51 52 53 54 55 56 57 58 59 ... 213
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)