БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ
- Автор: Найдзюк Язэп, Касяк Іван
- Год: 1993
- Язык: белорусский
- Год: Навука і тэхніка
- ISBN: 5343014585
- Жанр: История
Электронная книга - «БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ». Краткое содержание книги:
З мірных перамоваў Швэдыі з Масквою нічога ня выйшла. Расея, баючыся Швэдыі і, апрача таго, верачы паляком, якія пад швэдзкім націскам згаджаліся аддаць маскоўскаму цару польскі каралеўскі пасад, Беларусь і Украіну, перастала ваяваць з Польшчаю, а пачала вайну з Швэдыяй. Калі паляком удалося адбіць швэдаў, тады польскі сойм не зацьвердзіў дакляраваньняў і ўмовы з Масквой аб перадачы польскага пасаду і Беларусі з Украінай маскоўскаму цару. Мала таго, палякі перацягвалі на свой бок нездаволеных з маскоўскіх парадкаў украінскіх казакоў і беларусаў, якія ўжо арганізавалі супроць Масквы паўстаньні. Так, прыкладам, у Магілеве супроць расейцаў у 1661 годзе выбухла паўстаньне пад кіраўніцтвам бурмістра Левановіча. Паўстанцы раззброілі ўвесь 7-тысячны расейскі гарнізон і перабілі яго, а расейскага ваяводу злавілі і перадалі ў рукі паляком. У такіх абставінах Масква мусіла адступаць і вайну прайгравала.
Не зважаючы на гэта, ані беларусам, ані ўкраінцам палякі ня выказалі свае ўдзячнасьці. Расейска-польская вайна закончылася мірам у 1667 годзе ў Андрусаве, паводле якога Беларусь і Украіна былі падзеленыя. Частка Беларусі — Смаленшчына і частка Украіны з Кіевам апынуліся пад маскоўскаю ўладай, а рэшта засталася пад уладай польскай.
Умовіўшыся з Масквой, палякі, бачачы жывучасьць беларускіх самастойніцкіх імкненьняў, зараз-жа яшчэ больш завастрылі сваю палёнізацыйную акцыю на Беларусі. Тым часам, аднак, пачаліся новыя войны з туркамі і татарамі. У гэны час туркі і татары сталі ў вабароне Украіны і наагул хацелі пашырыць свае валоданьні ў Эўропе. Турэцка-польскія войны за часоў гаспадараваньня каралёў Міхала Вісьнявецкага (1669—1673) і Яна Сабаскага (1674—1696) аслаблялі Польшчу Гэтыя цяжкасьці хацеў выкарыстаць беларускі магнат гэтман Павал Сапега, стараючыся вызваліць свой беларускі край і ўнезалежыць яго ад Польшчы. Але і гэтая спроба не ўдалася, бо край і народ беларускі даўгімі войнамі быў абрабаваны, змучаны і ня здолеў у гэную часіну нанова разгарнуць шырэйшага і пераможнага змаганьня за свае вызваленьне.
У кажным разе паўстаньні беларускага народу проці Польшчы і Масквы, спробы князя Януша Радзівіла і гэтмана Паўлы Сапегі ўзнавіць Беларускае гаспадарства зьяўляюцца довадам вялікага гэраізму беларусаў і жывучасьці самастойніцкай беларускай ідэі.
Бачачы такую зьяву, польскія соймы, хочучы падняволіць Беларусь і зьнішчыць беларускую культуру, прыймалі розныя пастановы, скіраваныя супроць беларусаў і для хутчэйшае палёнізацыі іх.
Так, у 1667 г. польскі сойм пастанавіў вызваліць ад ваенных абавязкаў каталіцкае і вуніяцкае духавенства, а праваслаўнае ніжэйшае духавенства павінна было плаціць падаткі так, як плацілі і мяшчане.
У 1668 г. сойм пастанавіў караць за пераход з каталіцтва або вуніі ў іншую веру выгнаньнем з краю.
У 1676 г. быў выдадзены закон, у якім праваслаўным забаранялася пад карай сьмерці выяжджаць за межы, або прыяжджаць з-за межаў.
У 1697 г. польскі сойм прыняў пастанову, якая забараняла ўжываць беларускую мову ў урадах, судох і ўсялякіх урадавых установах, як у справаводзтве, так і ў карэспандэнцыі.
У 1699 г. той самы польскі сойм прыняў пастанову — закон, на аснове якога ў самаўрады маглі быць абіраныя толькі каталікі і вуніяты.
Адначасна польскія паны прысьпешана будавалі касьцёлы і манастыры ды перараблялі праваслаўныя цэрквы на вуніяцкія, так што ў другой палове XVII ст. на Беларусі было збудавана больш за 300 новых касьцёлаў і манастыроў. Ксяндзоў і вуніяцкіх сьвятароў палякі шчодра надзялялі зямлёй і прыгоннымі сялянамі, каб яны лепш і ахватней праводзілі палёнізацыю. Паны ў дварох падпарадкаваных ім сялян усімі спосабамі прымушалі прыймаць вунію. Такім парадкам, палёнізацыя Беларусі ўсьцяж ішла наперад. Забарона-ж ужываць беларускую мову ў урадах, судох і ўсялякіх урадавых установах як у справаводзтве, так і ў карэспандэнцыі была найвялікшым ударам для Беларускага Народу і Беларускае Дзяржаўнасьці, даводзячай яе да заняпаду.