БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ
- Автор: Найдзюк Язэп, Касяк Іван
- Год: 1993
- Язык: белорусский
- Год: Навука і тэхніка
- ISBN: 5343014585
- Жанр: История
Электронная книга - «БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ». Краткое содержание книги:
У вадказ на гэта ў Польшчы паўстаў другі саюз, званы «канфэдэрацыяй барскай», ад таго, што ён заснаваўся ў гор. Бары. Барскі саюз выступіў у вабароне зьменшаньня польскіх правоў, і прыхільнікі гэтага саюзу змагаліся з праваслаўнымі беларусамі і ўкраінцамі. Адбываліся новыя паўстаньні, а ўрад ня меў сілаў, каб іх спыніць.
Тады для ўпарадкаваньня краю зьявіліся зноў расейскія войскі, а сьледам за імі таксама і войскі прускія ды аўстрыяцкія. Яны зьліквідавалі ўсе забурэньні, але, як заплату за зроблены парадак, Прусія забрала сабе Памор'е і частку Пазнаншчыны, Аўстрыя — Галіччыну, а Расея — беларускія ваяводзтвы: Магілеўскае, Мсьціслаўскае і частку Полацкага з гарадамі Дзьвінск, Полацк, Віцебск, Магілеў, Ворша, Мсьціслаў, Рагачоў. Гэткім спосабам адбыўся першы разьдзел Польшчы і Беларусь Дзеілася гэта ў 1773 годзе.
Разьдзел гэты ўзбудзіў сярод лепшых людзей намеры паправіць гнілы парадак польскага гаспадарства. 3 траўня 1791 году сойм прыняў новы закон, канстытуцыю, якая, між іншым, абмежавала правы паноў, касавала права пярэчаньня, гэтак званае «ліберум вэто», права арганізацыі канфэдэрацыяў і ўводзіла свабоду веры. Прыгон, паншчына заставаліся надалей.
Новая канстытуцыя не спадабалася, аднак, шмат каму з паноў, і яны, наўсуперак забароне, стварылі канфэдэрацыю ў Таргавіцы на чале з Шчэнсным, Браніцкім і Жэвускім. Таргавіцкая Канфэдэрацыя зьвярнулася да расейскае царыцы Кацярыны II, каб яна бараніла даўнейшы польскі парадак, што хутка і сталася. Расейскае войска зараз-жа знайшлося ў Варшаве. Пасунулася далей і прускае войска. Зараз-жа зноў паўстала пытаньне аб нагародзе за зроблены парадак. I ў 1793 годзе адбыўся другі падзел Польшчы і Беларусі. Гэтым разам Прусія забрала Данцыг, рэшту Пазнаншчыны, Торн, Каліш, Чэнстахоў, а Расея: Валынь, Падольле і беларускую Меншчыну. Рэшта земляў была ўзятая пад апеку Расеяй, і ў Варшаве надалей заставалася расейскае войска.
Гледзячы на гэта. лепшыя людзі краю пастанавілі ратаваць гаспадарства. Яны стварылі патаёмную арганізацыю і хутка паднялі паўстаньне. За начальніка гаспадарства і галоўнакамандуючага арміяй выбралі гэнэрала Тадэуша Касьцюшку родам беларуса з Наваградчыны. Касьцюшка любіў свой край і разу.меў усю шкоднасьць паніжаньня польскімі панамі і шляхтай народных сялянскіх масаў. Ён, як толькі стаў на чале паўстанцкага ўраду, зараз-жа абвесьціў, што сяляне атрымаюць свабоду, іхнае палажэньне палепшыцца, што паншчына будзе зьменшаная і што яны бяруцца пад апеку ўраду ад шляхоцкіх і панскіх гвалтаў над імі.
Заява Касьцюшкі зварушыла сялянскія масы. Сяляне падтрымлівалі паўстанцаў. Дзякуючы гэтаму шмат дзе расейцы былі пабітыя. Дзеля таго на змаганьне з паўстанцамі выступіла Прусія і Аўстрыя. У выніку паўстаньне было зьліквідаванае. Апошні кароль Польшчы і Беларусі Аўгуст (Станіслаў Панятоўскі — 1764—1795) адрокся ад каралеўскага пасаду і пераехаў у Пецярбург, дзе праз колькі год памёр.
Паміж Прусіяй, Расеяй і Аўстрыяй у 1795 г. адбыўся трэйці, апошні падзел Беларусі і Польшчы. Расея тады забрала заходнюю часьць Беларусі і ўсходнюю часьць Летувы, а таксама і Украіну да Заходняга Бугу. Аўстрыя і Прусія забралі рэшту польскіх земляў.
Такім парадкам, Польшча перастала існаваць. Беларусь увайшла ў склад Расейскай дзяржавы. Ад гэнага часу пачаўся новы пэрыяд у гісторыі Беларусі. З-пад польскага панаваньня Беларусь трапіла пад панаваньне расейскае.
XXIV
Беларусь пад Расеяй.— Русыфікацыя краю.— Касаваньне вуніі.— Эканамічнае палажэньне.— Сялянскія паўстаньні.— Расейскія і польскія ўплывы.— Напалеонаўская вайна.— Думкі ўзнавіць Вялікае Княства.— Пачаткі беларускага адраджэнскага руху.— Першыя беларускія пісьменьнікі.— Зацікаўленьне навукоўцаў Беларусьсю.— Паўстаньне 1863 г.— Кастусь Каліноўскі.— «Мужыцкая Праўда».— Ігнат Грынявіцкі.— Франціш Багушэвіч.— Першыя беларускія арганізацыі.
Расея, забраўшы пад сваю ўладу Беларусь, заяўляла ўсяму сьвету, што беларусы — гэта расейскае племя і што яно мусіць быць злучаным з расейскім народам. Але таму, што гэта не згаджалася з праўдаю, расейскі царскі урад стараўся, каб як найхутчэй зрусыфікаваць беларусаў і каб яны нічым ня розьніліся ад расейцаў. Перш-наперш рабілася ўсё, каб як-небудзь зьліквідаваць вунію. Дзеля гэтага ў 1793 г. было створанае спэцыяльнае праваслаўнае місыйнае таварыства, якое, пры асабістым падтрыманьні царыцы Кацярыны II, займалася наварочваньнем беларусаў-вуніятаў і каталікоў на праваслаўе. Адначасна на Беларусі пачалі паўставаць расейскія школы. У ўрады насаджваліся расейскія ўрадаўцы, а ў сканфіскаваныя ў розных паноў двары прысылаліся расейскія «дваране» (шляхта) і розныя заслужаныя для Расеі царскія прыслужнікі. На месца вуніяцкага мясцовага духавенства прысылалася духавенства расейскае. Духавенства гэтае ліквідавала ня толькі вунію, але і тыя беларускія вуніяцкія школы, якія поўнасьцю не падпалі пад польскія ўплывы і дзе яшчэ навука адбывалася пабеларуску. Так праводзілася поўная ліквідацыя беларушчыны. Было нават забаронена ў судох карыстацца беларускім Статутам Вялікага Княства. Судзьдзі мусілі судзіць паводле «Соборного Уложения царя Алексея Михайловича». Словам, русыфікацыя ішла ўсялякімі спосабамі: праз царкву, школу, двары, суды, урады і г. д.