БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ
- Автор: Найдзюк Язэп, Касяк Іван
- Год: 1993
- Язык: белорусский
- Год: Навука і тэхніка
- ISBN: 5343014585
- Жанр: История
Электронная книга - «БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ». Краткое содержание книги:
Паўстаньні, як быццам, заціхалі, тым больш што палякі пайшлі на ўступкі Хмяльніцкаму і казакам, згаджаючыся не перашкаджаць ім у арганізацыі свайго самаўраду ў межах Кіеўскага, Брацлаўскага і Чарнігаўскага ваяводзтваў, спыніць вунійную акцыю, даць свабоду праваслаўнай царкве і дазволіць павялічыць казацкія аддзелы да 40 тыс.
Таму, што палякі ўсё-ж не датрымалі сваіх дакляраваньняў і далей праводзілі вунію і рэлігійны прасьлед, у 1651 г. Багдан Хмяльніцкі абвесьціў вайну польскім паном. Адначасна на Беларусі зноў пачаліся сялянскія і мяшчанскія паўстаньні, на падтрыманьне якім сьпяшаліся казакі. Адбываліся баі каля Магілева, Чачэрска, Мсьціслава,, Крычава і іншых месцаў. На Палесьсі дзеілі паўстанцы ў ліку каля 15 тысячаў пад правадырствам Гаркуша. Але і на гэты раз перамога пачала хіліцца на ўрадавы магнацкі бок. Тады Хмяльніцкі папрасіў дапамогі ў маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча, які згадзіўся даць яе. На земскім саборы ў 1653 г. была прынятая пастанова ўзяць пад апеку казакоў і Украіну, даючы ёй аўтаномію пад зьверхняй уладай маскоўскага цара. Пры тым Масква пастанавіла адваяваць ад Польшчы ўсю Беларусь.
Вайна распачалася ўлетку 1654 г. і з малым перапынкам (1656—1658) трывала аж да 1667 году. Перад самай вайной маскоўскі цар Аляксей зьвярнуўся да беларускага і ўкраінскага народаў з адмысловай граматай, у якой пісаў, што ён ідзе вайною «на супостатаў і ворагаў рускага народу і праваслаўнай царквы — палякоў», каб «усходняя царква ад ганеньня вызвалілася і старымі грэцкімі законамі красілася, каб за многія каралеўскія няпраўды ваздалася месьць». Цар заклікаў беларусаў дапамагаць расейскаму войску, дакляруючы захаваць у цэласьці ўсю маемасьць і ўсе правы для гаспадарскага разьвіцьця. I ў шмат якіх месцах гэтую дапамогу расейцы мелі, бо сяляне рознымі спосабамі рабілі вялікія шкоды для польскага войска.
Пасьля заняцьця расейцамі Полацка цар даў грамату палачанам, якой дазваляў бязмытна гандляваць, судзіцца выбранымі судзьдзямі і цэлы рад іншых ільготных правоў. Заняўшы Магілеў, цар дакляраваў дазволіць мяшчанам карыстацца майтборскім правам, насіць адзежу старадаўным беларускім звычаем, не хадзіць на вайну, двары вызваліць ад вайсковага пастою, а рамесьнікам і дробным гандляром выбіраць загадчыкаў гарадзкіх прыбыткаў і выдаткаў. Паляком і жыдом цар загадаў не даваць магчымасьці займаць якія-небудзь пасады ў горадзе. Падобныя граматы даваліся і іншым беларускім гарадом. Таму беларуская дапамога расейцам усюды ўзрастала і яны займалі штораз большыя беларускія тэрыторыі і ўжо ў 165,5 г. у іхных руках апынуліся ўсе ўсходнія беларускія землІ, а таксама і заходнія з гарадамі Вільняй і Горадняй.
Беларусы дапамагалі расейцам ня толькі паўстаньнямі проці палякоў, але і прычыняліся да закладаньня фундаманту для разьвіцьця расейскага школьніцтва, літаратуры, нацыі, культуры. Так, прыкладам, з Полацка ў Маскву быў перацягнены ведамы культурнік і прапаведнік ераманах Сымон Сітняковіч, празваны пасьля Сымонам Полацкім. Ён багата пісаў, шырока займаўся культурнаю працаю і ўзгадоўваў царэвіча Фёдара Аляксеявіча. Ягоная праца пакінула па сабе шырокі сьлед. Ад таго часу расейцы пачалі паракладаць з беларускае мовы ў мову расейскую розныя кніжкі і наагул, бяручы за узор беларускую культуру, разьвіваць сваю культуру расейскую.
Што-ж за гэта ў запраўднасьці несла Беларусі Масква? У запраўднасьці яна палажэньня ў Беларусі на лепшае ня зьіначыла. Абяцаньні цара не датрымваліся. У гарадох і паветах былі прызначаныя за кіраўнікоў расейскія царскія ваяводы, якія рабавалі і перасьледвалі беларускі народ. Сялянства далей мусіла пераносіць прыгонны гнёт, а тыя землі, якія пакінула шляхта ці магнаты, што паўцякалі, цар раздаваў маскоўскім дваранам і баярам. Словам, Масква несла Беларусі тое самае, што і Польшча, толькі з адваротнага боку. Бачачы такія расейскія парадкі, народ, а насамперш шляхта і мяшчане выражалі сваё незадавальненьне і бунтаваліся, што, бязумоўна, спрыяла паляком у іхнай вайне супроць Масквы.
У 1655 г. вайною супроць Польшчы выступіла Швэдыя. Швэдзкае войска пад кіраўніцтвам Караля-Густава заняла блізу ўсю Польшчу, даходзячы аж да Чанстаховы. Караль-Густаў пачаў тады з Расеяй гутаркі аб падзеле заваёваных земляў.
Выступленьне Швэдыі супроць Польшчы, а таксама незадавальненьне беларускага народу з Польшчы і Расеі, беларускія паўстаньні супроць абедзьвюх і відавочны факт, што ані Польшча, ані Масква нічога добрага для Беларусі не дадуць, стварылі новую арыентацыю на вызваленьне Беларусі. Тварцом гэтай арыентацыі быў беларускі магнат князь Януш Радзівіл. Ён не пайшоў ані з Польшчай, ані з Расеяй, а ў 1655 г. выступіў на старане Швэдыі і праводзіў думку адрадзіць Беларускае гаспадарства — Вялікае Княства — пад ейнай апекай. Нажаль, сам князь Януш Радзівіл згінуў у змаганьні з палякамі, ды пасьля Швэдыя пачала прайграваць вайну з Польшчаю.