Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Серия: Авантуры Пранціша Вырвіча #5
- Язык: белорусский
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара». Краткое содержание книги:
Вырвіч ведаў, што былы алхімік да гневу Саламеі ўсе свае вынаходніцтвы на сабе выпрабоўваў. Нават самыя небяспечныя ды атрутныя. А каб жонка больш не сварылася, мусіць, апошнія гады з дапамогай Праксэды з уласнага арганізма здзекаваўся. Не дзіва, што гэтак здружыліся з асістэнткай.
— Літасціва прашу прабачыць маю дзёрзкасць, ваша княская мосць і пане-бацька, але я таксама браў удзел у прыдумцы, і я лягчэйшы, — не менш цвёрда, хоць і ветліва, заявіў Аляксандр.
Князь махнуў рукой:
— Самі вызначайцеся, каму на камяні гахнуцца. А што, пане каханку, ты ж алхімік? — светлыя вочы князя з пачырванелымі бялкамі ўтаропіліся ў доктара. — Можаш мяне ў тыглі перагнаць, а потым наноў адліць, каб я памаладзеў ды хваробаў пазбыўся?
Паспрабуй зразумей, сур’ёзна гаворыць, альбо блазнуе?
— Я пакінуў алхімічныя штудыі, як і ўсялякія магічныя заняткі, вашамосць.
Баўтрамей перахрысціўся і пачціва схіліўся, але відаць па ўсім, напяўся, гатовы зноў плаціць за свае перакананні. Старэйшы брат пана Гервасія, чыім рабом Бутрым быў, цэлы год з яго скуру лупіў, спрабуючы змусіць складаць гараскопы, да чаго ў маладосці доктар быў вялікі майстар. І дарэмна. Але Радзівіл толькі пасміхнуўся:
— Ну, тады давай лячы маю пячонку. Толькі калі, пане каханку, як іншыя мае эскулапы, запатрабуеш, каб я ні кроплі ў губу не браў, з лесвіцы паляціш без паветранага цмока.
І з крэхтам узняўся з фатэля, адпіхнуўшы рукі канфідэнтаў, што адразу пацягнуліся дапамагчы свайму сонейку.
Агляд і кансультацыя адбыліся ў княскай спальні, за зачыненымі дзвярыма. Вырвіч жа ў калідоры, пасярод дываноў і карцін з паўголымі німфамі радасна ўзважваў важкі мех з дукатамі, перададзены княскім прыдворным. Ды на такія грошы яны ўсю Венецыю ў паветра падымуць! Пан Гервасій Агалінскі, пакуль чакалі доктара, не сказаў ні слоўца. Па разгубленай фізіяноміі ясна: не можа паверыць, што князь-дабрадзей, з якім столькі келіхаў выпіта, такі з ім халодны. Алесь жа прыліп вачыма да адной з карцінаў: тры грацыі, ахутаныя празрыстымі вэлюмамі, круціліся ў манерным танцы вакол хударлявага дрэўца з рэдкімі лісцікамі. Грацыі ў параўнанні з насельніцамі іншых палотнаў былі худзенькімі, таму, мусіць, карціну, каб не абражаць густы гаспадара, сунулі між калонаў, у цень. Адна Грацыя, з мілым засяроджаным тварыкам і тонкімі рукамі, была так падобная да Праксэды.
Рэзкі боль у лытцы змусіў спыніць сузіранне. Князёўна Багінская-Агалінская ў вобразе наймалодшага Лёдніка сярдзіта лупілася, прыкусіўшы губу. А цяпер за што мілы анёлачак б’ецца?
Між тым вярнуўся старэйшы Лёднік з улюбёнай валізкай, спакойны такі, фанабэрысты. Галавой хітнуў: нармальна, маўляў, дагадзіў магнату. Але не паспела кампанія сысці, па паркетнай падлозе зацокалі абцасікі, нехта пыхкаў і сіпеў, даганяючы:
— Сіньёр датторэ!
Таўсманая метрэса, якую яны бачылі ў княскай ложы, увенчаная высокім парыком, у якім гняздзілася цэлая зграйка штучных птушак, у неверагодна аб’ёмнай белай сукенцы з карункаў і муару ўчапілася за Чорнага Доктара, быццам за самае дарагое ў жыцці. Залапатала, аддыхваючыся, ціха штось, ледзь пудра не сыпалася з пухлявых шчок. Пяшчотна пагладжвала пухленькай далікатнай ручкай доктарава плячо… Пранціш з цяжкасцю адвёў вочы ад дэкальтэ сіньёры, якое нагадвала кошык са свежаспечанымі булкамі. Урэшце пані зрабіла спробу ўпасці на калені, і Лёднік пакорліва ўздыхнуў, кінуўшы сваім:
— Пачакайце мяне, панове, на пляцы. Я мушу затрымацца.
Амерыканец праводзіў Баўтрамея не самым добрым позіркам. Пані вісла на худым доктары, як прасцірадла на штыкеціне. Да таго ж чаканне на пранізлівым ветры, паміж двух каменных ільвоў, толькі не тых, што трэба, не самая прыемная штука. Добра, у Венецыі поўна ўсялякіх арачак, калон ды порцікаў, куды можна зашыцца. Месцічы ходзяць, нешта балбочуць. А што? Хоць Пранціш, жывучы ў Лангедоку, італьянскую трохі засвоіў, у венецыянцаў аказалася свая, разумееш, мова. Джульета ў іх «Дзульета». Ды што там!
У Венецыі нат каляндар свой! Новы год у сакавіку спраўляюць. Поўнач тут наступае, калі сонца сядае. Абы не так, як ва ўсіх.
Калі доктар нарэшце вярнуўся, Агалінскі працадзіў скрозь зубы:
— А цябе, Бутрым, усё гэтак жа цягне скакаць у ложкі радавітых чужых кабетаў.
Алесь ледзь не падскочыў ад абразлівых словаў, і ў ягоным позірку на бацьку адбілася не самае цёплае пачуццё. Бутрым не змяніўся ні рысачкай:
— Выбачайце, панства, цяжкі пацыент.
Схіліўся да Рэгінкі:
— Не змерзлі, паненка? Не аднеквайцеся, бачу — нос збялеў. У гатэлі зраблю вам адвар ад застуды, а то, як у Вене, будзеце тыдзень ляжаць у ложку з кашлем.