Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Серия: Авантуры Пранціша Вырвіча #5
- Язык: белорусский
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара». Краткое содержание книги:
— Толькі салодка рабіце, пан доктар-магік! — павісла на руцэ Бутрыма Рэгінка, але Агалінскі сярдзіта адцягнуў дачку ад доктара, тая аж неўразумела заазіралася.
Ісці да гатэля трэба было праз тры крывыя мосцікі і чатыры засмечаныя пляцы. Пранціш дагнаў Бутрыма, які даўганогім чорным жоравам выдрыгваў паперадзе маўклівай кампаніі, насунуўшы на выбітны нос капялюш.
— Ты, Бутрым, або назнарок людзей цвеліш, альбо сапраўды не разумееш, як твае ўчынкі можна трактаваць, — Вырвіч раззлаваўся не на жарт. — Што за гешэфты пад княскім носам з красунькай, якая на цябе так глядзіць, быццам вырашае, ці зжэрці, ці маліцца? Ад цябе цяпер ейнай парфумай смярдзіць — і вецер не ратуе.
Лёднік рэзка павярнуўся і спыніўся, ажно пан Агалінскі, які вёў за руку дачку, ледзь у яго не ўрэзаўся, як у слуп.
— Я, спадарства, яшчэ ў юнацтве кіраваўся выслоўем, што аднолькава вартыя ўхвала ад годных і ганьба ад нягодных, і ніколі ні перад кім не апраўдваўся. Хочаце бачыць ува мне сусветнае зло — ваша права.
Голас гучаў халадней ветру, падобна, недавер блізкіх людзей закрануў Лёдніка больш, чым ён жадаў прызнаць.
— Вам не прыйшло ў галаву, што я найперш — доктар, і калі да мяне звяртаюцца па дапамогу, мне ўсё адно, жабрак гэта, князь альбо княская фаварытка? І ёсць такая рэч, як лекарская таямніца. Мы не распавядаем пра хваробы пацыентаў, каб пацешыць цікавасць сяброў.
— Ды якая ў такой хвароба? — выгукнуў недаверліва пан Гервасій. — Яе дупай цвікі можна забіваць.
Лёднік дакорліва перавёў позірк з пана на Рэгінку — маўляў, хіба пры малой такое рэкаць, хмыкнуў і зноў пакрочыў у напрамку гатэля, за ім пацягнулася ягоная банда.
— Калі прыгажосць патрабуе ахвяраваць здароўем — гэта ўжо не прыгажосць, — нарэшце парушыў маўчанне былы алхімік, разумеючы, што ўсе чакаюць тлумачэнняў. — Колькі я фурункулаў, што ўтварыліся ад велізарных парыкоў, залячыў! Звярталася і процьма дзяўчатак ды жанчынаў, у якіх ад тугіх гарсэтаў дэфармаваліся скабы. Былі выпадкі, калі рэбры ўпіваліся ва ўнутраныя органы. І ўжо, вядома, нармальныя цяжарнасць і роды часам былі проста немагчымыя.
— А мяне ў Багінскіх змушалі насіць гарсэт! — зараз жа абурана паскардзілася Рэгінка. — Зацягвалі так, што не ўздыхнуць!
— Дык вось, — неахвотна працягваў Лёднік, — у сіньёры Апалоніі — гэта яе сцэнічны псеўданім, праблема роўна адваротная. Але таго ж роду. Неяк яе пабачыў на сцэне пан Караль, упадабаў. Адзінае што, пабедаваў — трохі на ягоны густ худая. Іначай. Для сіньёры гэта быў бліскучы шанец. За тры тыдні паненка нагнала на сябе, можа, цэлы пуд тлушчу. Пане Каханку прыйшоў у захапленне. Асыпаў золатам, падарункамі, пасяліў у сябе. І вось два гады небарака імкнецца набраць паболей вагі і, не дай Гасподзь, не патанчэць. Не пытайцеся, якімі метадамі, і як адбілася на здароўі. Але — бяда. Княскім дактарам прызнацца баіцца ў хворасцях. Да каго звярталася таемна — рады не даюць. Пачала худнець. Вось і кінулася да мяне, начуўшыся ўсялякіх казак пра маё майстэрства. Хочаце — верце, хочаце — не.
— Я вам веру, пан доктар-магік! — заявіла Рэгінка. — І ніколі гарсэт насіць не буду! Мая пані маці не носіць, у куфры сукенкі з гарсэтамі трымае.
Вырвіч скасавурыўся: Алесь ішоў, апусціўшы галаву. Відаць было, што і сорамна за кепскія думкі пра бацьку, і прасіць прабачэння не хоча. Што ж, старэйшы Лёднік тая яшчэ паляндра. Як гэты прасталюдца ўмудраецца кіраваць ганарыстымі шляхцюкамі?
Вось, цягам тыдня, што рыхтаваліся да палёту за спадчынай Тарэла, неяк жа не пусціў пана Агалінскага ў тракцір «Грэцкі мост» — хіба не адзінае месца, дзе можна ў Венецыі выпіць добрай гарэліцы. Там працавала дванаццаць перагонных кубоў, за празрыстае шчасце з кожнага з якіх пан Рысь пану Агалінскаму паручыўся. А хіба праўдзівы шляхціц можа задаволіць душу салодзенькім кіпрскім віном, што нагадвае кампот, альбо лікёрам з пялёсткаў ружаў ды апельсінаў?
Затое нат аскетычны Лёднік не змог не прызнаць, што золата — вялікая сіла. Без княскіх дукатаў як за такі кароткі тэрмін зладзіць начны баль! П’яцэта, невялікая плошча ля Палаца Дожаў, што выходзіла на ўзбярэжную, нагадвала балота на Дзень усіх святых, калі, як вядома, запальваюцца балотныя агеньчыкі. Папяровыя ліхтарыкі, зробленыя па чарцяжах Баўтрамея сотнямі майстроў, свяціліся ў цемры прывіднымі сэрцайкамі, бо ў кожным гарэў маленечкі свяцільнік. Ліхтары былі розных памераў, адны з галуба, другія з фазана, а некалькі, з прамазанага клеем шоўку — проста гіганцкія, як карэта, да кожнага пачэпленыя смешныя лялькі ў карнавальных уборах, напханыя саломай. Адзін з такіх ліхтароў, у форме вялізнай гандолы, лунаў у некалькіх сажнях над плошчай, навязаны на канат. А на тым канаце гайдаўся Арлекін — наняты артыст. Ён дрыгаў рукамі і нагамі, выкрыкваў нешта смешнае, кідаўся ў публіку канфеці. А публікі! У карнавальную Венецыю з’ехалася ўся Еўропа. І паспрабуй адрозні, хто адкуль — адны Смеральдзіны, П’еро, Каламбіны, Скарамуча, Пульчынелы ў масках. Фантастычнасць дадавалі феерверкі, якія час ад часу выбухалі на плошчы, ледзь не падпальваючы паветраныя шары і людзей.