Ланцуг
- Автор: Федарэнка Андрэй
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1361-7
- Жанр: Роман, новелла
Электронная книга - «Ланцуг». Краткое содержание книги:
Як і заўсёды, проза А. Федарэнкі чытаецца лёгка. Але гэта зусім не лёгкае чытво. Аўтар імкнецца спасцігнуць духоўны свет сучасніка, зразумець яго клопаты і трывогі.
Творы пісьменніка вызначаюцца любоўю да чалавека, добрым веданнем жыцця, тонкім псіхалагізмам, шчырасцю.
Людміла Аляксееўна! Аўтар пра сваіх герояў павінен ведаць усё. Як Ойча наш. Пралічыць і памятаць кожную драбязу: ад даты нараджэння да, выбачайце, частаты паходаў у туалет. Усё гэта, само сабой, зусім не абавязкова перці ў тэкст, але калі гэта ведаць, дык адразу будзе бачна, што ў галаве і за душою ў аўтара больш, чым у тэксце.
Расставім кропкі над і.
«Валянцін» пасля васьмі класаў паступіў не ў сталічны ўніверсітэт, а ўсяго толькі ў будаўнічы тэхнікум у раённым цэнтры. Той вясною вучыўся ён на трэцім курсе. Гадоў ім з Янкам было па 18, Ганульцы, адпаведна — 15.
«…Такая значная розніца ва ўзросце не на жарт адпалохвала Ганульку. Ёй прыгадваліся падобныя выпадкі з гісторыі. Напрыклад, як апісана ў таленавітай трагедыі Бернарда Шоў «Рамэо і Джульета»…»
Люда мая Аляксееўна… Што мне Вам сказаць? Хіба што параіць пацікавіцца як-небудзь пра нагодзе, якога ўзросту была, напрыклад, натхняльніца Пятраркі — Лаура. Ці Дантава Беатрычэ. А заадно і тая самая Джульетка.
Ды Бог з ім, далей!
Раздзел VI. Знаёмства
«…У клубе людзей — яблыку недзе ўпасці! Гучыць вясёлая музыка, танцуюць пары. Ганулька з сяброўкамі-аднагодкамі збіліся чародкаю ў куток. З зайзрасцю яна назірае за старэйшымі дзяўчатамі. Іх адну за адной запрашаюць хлапцы на танец. Аб’явілі вальс для маладых. Паліліся павольныя акорды. Твару маладой Ганулька не запомніла, кінуўся ў вочы толькі белы празрысты вэлюм… Некалі праб’е і яе час, і яна закружыцца ў імклівым… і ўжо іншыя дзяўчаткі будуць шырока расплюшчанымі, ззяючымі вачыма пазіраць на яе, нявесту Ганну…
Потым пачалі абносіць каравай. Сваты — асабліва смешны адзін, з даўгімі вусамі, у саламяным капелюшы… Цэлы тузін дружкоў маладога… Таварышкі маладой з кветкамі ў валасах… Усё гэта з працяглымі вясёлымі жартачкамі, прыпеўкамі, прыказкамі…
— Можна вас? — пачуўся раптам мяккі, прыемны голас.
Ганна ўскінула галаву. Перад ёю стаяў Валянцін. Росту крыху вышэй за сярэдні, поўнага целаскладу, прыгожа падстрыжаны, у касцюме з белай кашуляй і чорным гальштукам-»матыльком». Ад яго распаўсюджваўся пах нейкага надзвычай дарагога адэкалону.
— Можна запрасіць на танец? — паўтарыў Валянцін і ў невялікім паклоне схіліў галаву. Валасы льняной чупрыны ўпалі на высокі лоб. Ён адкінуў іх прыгожым рухам далоні.
Сяброўкі прыціхлі. Ганна лавіла на сабе іх позіркі.
«Прыняць запрашэнне ці не?» — ліхаманкава разважала дзяўчына… Нічога нельга сказаць, хлапец адразу спадабаўся ёй сваёй весялосцю, раскаванасцю, далікатнасцю. Разам з тым адчувалася ў ім крыху разгубленасць. Нібыта трымаў ён далёка на дне душы тайну, якую жадаў бы раскрыць толькі самаму блізкаму па духу чалавеку пры больш шчыльным знаёмстве — забягаючы наперад, так яно потым і адбылося.
…Дзяўчына задумалася — у радасным здранцвенні — навошта яму яна? Калі вакол хапае вялікіх дзяўчат?! Ці не ад яго прыроднай дабрыні йшло тое жаданне? Ці не пашкадаваў ён яе, заўважыўшы бляск у ейных вачах і зразумеўшы, як ёй хочацца танцаваць? Так некалі зрабіў дарослы, надзвычай добры, хоць і тоўсты, П’ер Бязухаў (у хрэстаматыйным творы Дастаеўскага), калі неўсур’ёз запрасіў на танец малую Растову…
— Дык я запрашаю вас, — трэці раз паўтарыў Валянцін.
І, пакуль дзяўчына ўсё яшчэ вагалася, яго рука сама легла ёй на плячо. Валянцін пяшчотна, разам з тым даволі ўпэўнена абняў яе гнуткі стан. Яны закружыліся ў салодкіх рухах павольнага танца…»
Раздзел VІІ. Валянцін
Пакінем — так і быць — караваі, сватоў, падперазаных ручнікамі, дружкоў у вышыванках і іншыя этнаграфічна-карнавальныя атрыбуты, хоць усё гэта прыцягнута ў тэкст за вушы.
На самой справе, і Вы гэта выдатна ведаеце, ніякае не вяселле «стрыечнага брата Валянціна Леаніда» (трэба — Валянцінавага брата) было, а провады яго ў армію.
Спускайцеся хоць зрэдку на зямлю, Людміла Аляксееўна. Вучыцеся шукаць і знаходзіць незвычайнае ў простым. Хаця разумею — гэта зусім не проста, гэта Вам не высмактаны з пальца саладжавы Валянцін…
Ды і не Валянцін ён будзе па-беларуску, а Валік. Не Леанід, а Лявон. Не Людміла — а Людзьвіна, Людзьвіга, Людзьвіся…
І ні ў якім герой быў не ў «смокінгу», а ў лінялых джынсах і ў клятчатай байкавай кашулі навыпуск.