Ноч Цмока
- Автор: Гапеев Валерий Николаевич
- Год: 2016
- Язык: белорусский
- Жанр: Детективная фантастика
Электронная книга - «Ноч Цмока». Краткое содержание книги:
Гэта эратычна-містычны дэтэктыў на тле беларускай правінцыі найноўшага часу…
— Цяжка ж так, — падумаў я ўслых.
— Цяжка цяпер. Было прасцей некалі. — Тумар памаўчаў, быццам разважаючы, казаць далей ці не, і пачаў гаварыць, мне падалося, больш самому сабе, зазіраючы ў сябе, углядаючыся ў сваё мінулае, успамінаючы:
— А цяпер во зразумеў: ёсць і па праўдзе тое каханне. І стала цяжка. Як былую аднакласніцу сустрэў. Сціплая была, шэрая мышка. Я яе калі і падкалупліваў, калі і на танцах запрашаў — для смеху. Усур’ёз ніяк да яе не ставіўся, у нас у класе такія прыгажуні былі! А яна мяне кахала. Усе ведалі: яна па мне сохла, пацвельвалі. І я смяяўся. Дазваляў сабе іншы раз абы-што.
Аказалася, яна ўсё жыццё тое каханне ў сабе несла. Замуж выйшла, канечне, як надзею згубіла адносна мяне, бо сям’ю хацела стварыць, дзетак нарадзіць. У яе маці памерла, як ёй ці то васемнаццаць было, ці больш трохі. Бацька надта гараваў. У ладзе яны жылі. Ім усе зайздросцілі: ніколі не сварыліся на людзях і да дзяцей толькі з ласкай. Вось і. і мая Верачка хацела такую сям’ю. Звіла гняздзечка, утульнае, цёплае. Лічы, з сябе пух ірвала, усцілала. Мужык еў, піў, спаў — увесь ягоны занятак дома. А потым пачаў да іншых цягацца. Свая надакучыла, ды яшчэ ў клопатах як глядзець за сабой? А чужыя — яны сустракаюць вабнымі. Пакінуў яе з дзецьмі, падняла адна дваіх. Сербанула гора праз край, але здужала. І во сустрэліся мы цяпер. У мяне бы вочы адкрыліся. Усё да кучы змяшалася: і віну сваю адчуў, што такім слепаком быў, і ўдзячнасць да яе, і павагу. І хоць ваўком цяпер вый. Другі год няма спакою. От калі зразумеў, што значыць у каханні жыць, што ёсць насамрэч такія сем’і, якім так пашчасціла. Мы з ёй. выпадкова. Камандзіравалі мяне ў вобласць, дажынкі там былі, у ачапленні тры дні. Вось там сустрэліся. Дзве ночы ў яе начаваў. А яна сама перапужалася пасля, маўляў, насланнё найшло, улезла ў чужую сям’ю, хто ж я пасля гэтага? І кінуў бы ўсё, далібог! Але ж — дзеці. А яшчэ. Верачка перасцерагла: не рабі, кажа, глупстваў. Бо калі кінеш сям’ю, я сабе не дарую, а цябе аніяк не змагу прыняць. Не будзе мне тады даравання. І цяпер. Гоніць яна мяне. Плача сама, а гоніць. Адно просіць: даруй. «Больш не змагу прыняць. І хачу да болю, а не магу», — так мне кажа. А сам я. Як табе лепш патлумачыць? Некалі давялося мне па-сапраўднаму тры дні сядзець галоднаму. Малады яшчэ зусім быў, застаўся без грошай, а знаёмага — ніводнага ў горадзе. Чакаў у пустым інтэрнаце. Сорамна было ў каменданта пытаць, ды і не далі б. Хто міліцыянеру верыць? І вось на трэці дзень я куды ні ішоў, чым ні займаўся — думаў пра хлеб. Не, нават не думаў — хлеб быў пастаянна ў маёй галаве, ва ўсім! Я чуў яго пах. Адчуваў смак, пальцамі мацаў шурпаты бачок. Не, не трызніў, а вось. са мной той хлеб, са мной неадступна! Дык вось цяпер згадаў я той хлеб — мне ім Верачка стала. Не думаю я пра яе — яна проста са мной і са мной. Дні, тыдні, месяцы і ўжо вось два гады. Уначы баюся назваць яе імя. От якая справа, Васіль. Ты вось следчы, ведаеш прычыны ды наступствы, дапамажы разабрацца. — ужо зусім нечаканай для мяне просьбай, ды яшчэ з пераходам на ты закончыў участковы.
Я зірнуў уважліва на яго твар. І толькі цяпер пабачыў смутак — у апушчаных уніз вугалках вуснаў, у раўнадушным позірку. Тое, што я прымаў за службовую тактоўнасць Тумара — ён за ўвесь час са мной не прамовіў ніводнага лішняга слова, не імкнуўся разумнічаць і вучыць мяне прамудрасцям вясковага жыцця, не ўмешваўся, не пёрся падказаць, забегчы наперад, — аказалася яго абыякавасцю толькі.
— Сапраўды, думаеце, я змагу даць рады вашай бядзе? — з сумнай усмешкай адказаў я, усё ж трошкі непрыемна крануты яго тыканнем.
— Ты выбачай за маё ты. Я вось жыццё пражыў, быў у мяне адзіны сябра. Спіўся. Дакладней, жонка дапамагла дапіцца да чорцікаў, у вар’ятню сплавіла, бо любошчам яе замінаў. От з ім я мог падзяліцца. А цяпер больш няма з кім. А яно ж унутры цябе сядзіць, у галаве такі вэрхал, такая рэвалюцыя. А нельга нікому расказаць. У нас. у міліцыянераў сяброў няма. У нас — служба. Для вяскоўцаў я ў большасці — мент паганы, падлеткі толькі так і клічуць, нават у вочы. Смелыя. А што іх маткі да трэціх пеўняў бягуць да мяне з крывавым плачам: «Дапамажы, супакой мужыка!» — дык тое не лічыцца. На мяне і з нажом выходзілі, мазгі адпіўшы, адзін раз — з віламі, было — з рыдлёўкай. Шварцнэйгер доўбаны патрапіўся дык бензапілу завёў і давай агароджы рэзаць. І з той пілой мяне сустрэў. А я ж пісталет нават ні разу не дастаў. А ўсё адно — мент паганы.
Дык от, Васіль, ты выбачай. Калі кажаш некаму ўслых пра сваю бяду, быццам збоку на яе глядзіш. І хоць парады просіш, ды сам хутчэй выйсце знойдзеш. Ну, і на ты звяртаюся. то як да сябе быццам. Вось, выбачайце.