Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Серия: Авантуры Пранціша Вырвіча #5
- Язык: белорусский
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара». Краткое содержание книги:
— Ракета, бадай што, занадта. А вось спадар Чунь Лі распавядаў мне ў Вільні пра кітайскія паветраныя ліхтарыкі, якія ўздымаюцца з дапамогай нагрэтага паветра, — Лёднік мройна прыжмурыў вочы.
— А помніш, Бутрым, мы паветраных змеяў бачылі ў Дракошчыне? Там такія велізарныя былі, што на іх можна было ад зямлі адарвацца! — ажывіўся Пранціш.
— Тым болей нам не трэба да аблокаў, усяго на колькі сажняў падняцца, — заківаў Алесь у радасным прадчуванні эксперымента.
Адзін у адзін — малады варыянт бацькі. Нос дзюбаты, толькі яшчэ ні разу не ламаны, цёмныя вочы гараць.
— Вы вар’яты, панове! — Агалінскі нават жаваць перастаў. — Я думаў, толькі мае індыяне выдумляюць казкі пра ўсялякіх лётаючых цмокаў ды чоўны.
— Ды нават тут, у Венецыі, трыста год таму інжынер Джавані дзі Фантана прапаноўваў падымаць людзей з дапамогай нагрэтага паветра, — няўважна тлумачыў Лёднік. — Пасля Франчэска Лана-Тэрцы хацеў скарыстаць для таго ж сферы з вакуумам. Ну, гэта бескарысна. А вось цяперашнія доследы Жака Шарля з рознымі газамі…
— Віват! Мы зробім паветранага змея! — падскоквала на цвёрдай лаўцы італьянскай карчмы Рэгінка.
А Лёднік дастаў свой нататнік і давай штось крэсліць, пад пільнай і трохі раўнівай увагай сына. Ясна, хлапец улучыцца ў вынаходніцтва. Пан Гервасій жа, сумленны шляхціц, руды, адважны і прамы, як прадзедаўскі меч, дзіваваўся і піў з празрыстага сіняга келіха венецыянскае хмяльное пітво, радуючыся ў сэрцы сваім віну, сяброўству і мілай дачушцы.
— Татуся, а мяне пан Пранціш замест ангельскай песні пра ром ліцвінскай навучыў:
Князёўна выводзіла так старанна пранізлівым галасочкам, што госці па ўсёй карчме заазіраліся, ці не трэба каму сольда кінуць. Каб сціх.
І пан Агалінскі зноў заперхаўся, небарака.
Раздзел восьмы
ЯК АЛЯКСАНДР ЛЁДНІК НАД ВЕНЕЦЫЯЙ ЛЁТАЎ
Ягамосць Караль Радзівіл біцца ў маладосці любіў. Тут галоўнае было майстэрства з боку прыдворных — паддацца так, каб княжыч застаўся ва ўпэўненасці, што атрымаў годную вікторыю. Толькі пан Рысь, сын арганістага, калісьці ўсыпаў юнаму Каралю, калі пасварыліся ў двары нясвіжскага палаца з-за птушкі па імені паўлін. Чым, аднак, выклікаў сяброўства на ўсё жыццё.
Вось пан Гервасій Агалінскі прыхільнасць княскую страціў. Пане Каханку намагаўся не глядзець на былога альбанчыка, які застыў у нізкім паклоне побач з панамі Вырвічам і абодвума Лёднікамі.
Венецыянскі палац нясвіжскага ардыната быў раскошны, не горш, чым на радзіме. Карцін, статуй — месца пустога на сценах няма, аж уваччу стракаціць ад антычных багінь. Князь узяў з залатога падноса цэлую жменю падсмажаных арэхаў і закінуў у рот. Тут жа клапатлівая рука лёкая паднесла пану келіх. Ясная рэч, залаты.
— Ну, дзе рог святога Юрыя, пане каханку?
Фраза гучала трохі няўцямна з-за арэхаў у княскім роце.
Радзівіл з відочным задавальненнем выслухаў план неверагоднага паветранага прадстаўлення, пакруціў у руках чарцяжы:
— Даўно я гэтых лодачнікаў не цвеліў! Давайце праз тыдзень балаган зладзьце, якраз нос падцяру пракуратару Андрэа Трону. Хто пойдзе на яго блазнаў глядзець, калі ў нас такое! Хваліўся, што пяць тысяч дукатаў на свята ў гонар свайго абрання даў, восем тысяч лір на адныя бісквіты, і ніхто яго не пераўзыдзе. Лодачнік! У іх, бачыце, законы такія, што дожам ганебна размаўляць з замежнікамі. Грэбуюць! Як ад чумы, уцякаюць! Грошай не шкадуйце, людзей наймайце не менш за сотню. Радзівіл дукатаў не лічыць! А хто ж птушкай у вас будзе?
Вочы князя гарэлі так, што было зразумела: сам гатовы паляцець, каб не камплекцыя ды не званне. Пане Каханку якраз любіў пра сябе сачыняць падобныя гісторыі: як на палове каня з бойкі ўцёк, васьміногага зайца ўпаляваў, з русалкай любошчамі займаўся, ад чаго селядцы нарадзіліся. А тут — у паветра ўзняцца!
Пан Агалінскі выпнуўся наперад, аддана ўпаў на калені на пухнаты персідскі дыван:
— Я, вашамосць, гатовы!
На фізіяноміі пана можна было смажыць аладкі. Радзівіл толькі скоса зірнуў на нявернага альбанчыка, ад чаго той скіс, як забытае на сонцы малако.
— Я прыдумаў, я і выпрабую на сабе, — цвёрда заявіў Баўтрамей.