Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара
Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара

Электронная книга - «Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара». Краткое содержание книги:

Гэта пятая кніга рамана, у якой працягваюцца неверагодныя прыгоды герояў і адкрываюцца невядомыя старонкі беларускай гісторыі. Гады пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай. Лёднік — чалец усемагутнай Адукацыйнай камісіі, якая дзейнічае пад патранажам караля… Але гэта не выратуе ад непрыемнасцей. I вось ужо сябры зноў уцягнутыя ў інтрыгі магнатаў. Да Пранціша і Баўтрамея далучаецца падрослы сын Лёдніка Алесь, якому ад бацькі перадаліся незвычайныя здольнасці. Бандзе Чорнага Доктара неабходна разгадаць таямніцу знікнення асістэнткі доктара Лёдніка панны Праксэды. Герояў чакаюць сутарэнні Ашмянскага замка, палёт на паветраным цмоку над карнавальнай Венецыяй, снежная лавіна ў Татрах, гасцяванне ў Пацучынага Караля і жалезная клетка ў замку акрутнай Тэрэзы Радзівіл…
1 ... 39 40 41 42 43 44 45 46 47 ... 101
Перейти на страницу:

Калі гэта «ў гуморы», дык што тады кепскі настрой па-княску?

…За сценамі Палаца Дожаў узрываліся феерверкі, а перад вачыма візіцёраў мільгалі ў цемры калідора белыя панчохі турэмшчыка. Ліхтар акрэсліваў рухомую выспу святла, з якой не хацелася збочваць. Бо па-за ёй у густой, аж да скуры ліпла, цемры крапала вада, чуліся застрашлівыя шоргаты і стогны. Пранціш мацней сціскаў дзяржальна свайго Гіпацэнтаўра. Хоць з кім тут біцца? У іх з Бутрымам афіцыйная папера на вызваленне вязня, вунь турэмшчык які ветлівы: «Прэга, прэга, сіньёры». А калідор усё спускаецца, а лесвіцы ўсё вільготней ды пакручасцей.

Калодзежы турмы Поцы былі, вядома, больш выгодныя, чым студня ў ашмянскіх сутарэннях, але падабенства несумненнае. Так і чуўся голас ашмянскага Харона: «Ты ніколі не сыдзеш з майго чоўна». Нізкія дзверы, ажно чорныя ад вільгаці, з зачыненым на засаўку акенцам. Турэмшчык забразгаў ключамі. Шчоўкнуў замок. Дзверы расчыняліся марудна, па вяршку, бо разбухлая драўніна ледзь сунулася па камні з агідным шоргатам. Праз шчыліну можно было заўважыць, што падлога вязніцы ніжэй за парог дзесь на локаць, унізе люстравала святло ліхтара вада. Пахла морам і сметніцай адначасова.

Але разгледзець убранне камеры не ўдалося: дзверы штурханула знутры нейкая пагрозная сіла, турэмшчык паваліўся, і на яго галаву да таго ж абрынулася цяжкая дошка.

— Пакрышу італьяшак!

Узброены драўляным абломкам сіньёр, які выскачыў з залітага вадою каменнага пакоя, выглядаў застрашліва. Плячысты, па-дзікунску зарослы валасамі, што адлівалі ў святле ліхтара меддзю, адзежа падраная і збуцвелая.

— Свае, пан Гервасій!

Лёднік спакойна адхінуўся ўбок ад замаху дошкі.

— Святая Цэцылія, наш доктар тутака! І пан Вырвіч! Можа, я ўжо выпруціўся ў гэтых італійскіх сутарэннях, і не заўважыў?

Калмата-барадаты адкінуў убок сваю зброю і сціснуў у абдоймах гасцей.

— Яны ж, заразы, да мяне заходзіць баяліся, ежу, як сабаку, праз дзірку ў дзвярах кідалі. А пад рукой нічога, толькі дошка даўгая замест лаўкі ўздоўж сцяны. Бо як прыліў — падлогу ледзь не па калена залівае. Я, мусіць, месяц згнілы канец той дошкі адломваў, каб хоць якая зброя. Думаў — толькі з’явіцеся, гады, учыню Грунвальд! Выпіць ёсць што? Гарэліца? Ну хоць вінцо? Я б зараз бочку. Ды кумпяком закусваючы.

Пранціш сунуў раззлаванаму турэмшчыку, які паціраў выцятае плячо, пару сольда, а Лёднік тым часам частаваў Агалінскага з біклажкі. Расчараванне — не гарэлкай, а ўмацавальным настоем. Лусту хлеба з сырам Агалінскі заглынуў, амаль не жуючы.

— Ну, пайшлі ў бліжэйшую карчму!

Але падумаць толькі — апрануты ў мокрае рыззё Амерыканец яшчэ й незадаволены, што вызваліцелі для яго прыхапілі не праўдзівы сармацкі строй, з кунтушом ды слуцкім паясам, а модны камзол ды куртатыя нагавіцы! Як ён перад сваім дарагім панам Каралем у такім неадпаведным альбанчыку выглядзе пакажацца?

Думае, той пан Караль яго проста на вуліцы чакае.

А на вуліцы, дзе нават няяркае вечаровае святло змусіла нядаўняга вязня прыжмурыцца, ад прычалу, дзе гайдалася адзінокая гандола, кінуўся хлопчык у серабрыстым камзоле:

— Тата! Прабач мне!

Ашаломлены пан Гервасій падхапіў сваю радасць на рукі:

— Вавёрачка! Красачка мая!

Голас Агалінскага зрываўся ад узрушэння.

— Пан Вырвіч, пан Лёднік, абавязаны вам. Усё, што хочаце. О, а гэта няўжо Аляксандр Лёднік?

Словы, адрасаваныя юнаку, былі вымаўленыя з нейкім незразумелым пачуццём. Алесь паважна пакланіўся, насцярожана разглядаючы бацьку Рэгінкі: ці не сваяк? Але князёўна і сама жадала гэта высветліць:

— Татусю, а вось гэты пан Аляксандр, ён брат мой?

Пранціш адвесіў у думках сабе і Лёдніку ляпаса: калі пачалі таямніцы адкрываць, дык трэба было да канца пыл мінулага вытрасаць. А то вунь Агалінскі ледзь не паваліўся разам з дачкой на венецыянскую брукаванку:

— Не ведаю, што тут хто выдумаў, але ў гэтым маладым пане ні кроплі крыві Агалінскіх няма. І Багінскіх таксама.

І кінуў пагрозны позірк на Бутрыма, той збянтэжана апусціў вочы. А вось паненка, калі і расчаравалася, дык на нейкае імгненне. Хітры позірк, які яна паслала Алесю — больш не брату, змусіў хлапца здрыгануцца ад нядобрых прадчуванняў.

Праз смугу і вецер прайшла карнавальная кампанія: шаргатлівыя спадніцы, прыўкрасная парцалянавая абыякавасць масак, плашчы, што таямніча ляцяць за постаццю. Леная п’яная лаянка між сіньёрамі наконт зніклай срэбнай табакеркі, аднак, змяншала казачнасць карціны.

1 ... 39 40 41 42 43 44 45 46 47 ... 101
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)