Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Серия: Авантуры Пранціша Вырвіча #5
- Язык: белорусский
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара». Краткое содержание книги:
А калі застаўся адзіным спадчыннікам?
Ніхто не можа прыпомніць, каб Пане Каханку ўвогуле згадваў брата Януша, чыё месца заняў, нібыта хацеў сцерці яго ў памяці людской. Застацца адзіным і непаўторным.
— Ты майго пана-бацьку лячыў?
Лёднік схіліўся ў паклоне.
— Так, меў гонар, ваша княская мосць.
— Паглядзім, які ты эскулап хвалёны. Прызначыш мне пасля штось ад пячонкі. Пячонка прыхоплівае.
Нездарма Бутрым першае, што зрабіў па прыездзе ў Венецыю — набыў сабе скураную доктарскую валізку з неабходным рыштункам, замест той, што звёз у рыдване баязлівы Фульчык.
Князь паварушыў адвіслымі вуснамі.
— Агалінскі здрайца. Прамяняў маю схільнасць на ўсмешкі падшыванкі Багінскай. Хіба што каб ейнаму братку нос падбіць, заступлюся. Няма чаго расейцам бязродным нашых князёўнаў аддаваць.
Махнуў нецярпліва рукой метрэсе, і тая нібыта выцекла з ложы, ледзь сваё крэсла не паваліла ды мушкі з набеленай круглай фізіяноміі не пагубляла. Радзівіл насупіўся, не зважаючы на тое, што на сцэне зноў загучалі рулады, і Смеральдзіна мела дастаткова пышны бюст.
— Адам піша, вы можаце здабыць рог святога Юрыя. А то мае пасланцы па яго нешта марудзяць. З пячоры святога Тарэла іх увогуле вытурылі жаўнеры, нібыта самім Папам прысланыя.
— У нас толькі здагадкі, ваша княская мосць, пра знаходжанне згаданай святой рэчы, — парушыў маўчанне Лёднік. — І насмелюся выказаць сваё нявартае меркаванне — гэта хутчэй за ўсё легенда.
— Раз Адам піша, што зможаце, значыць, не выяўляйце майго вернага сябра лгуном. Бо гэта абраза мне самому, пане каханку, — вочы Радзівіла пачалі налівацца чырванню.
Ён наўрад лічыў сябе простым смяротным.
Пранціш паспяшаўся запэўніць, што прыкладуць усе намаганні… Але князь ужо гневаўся, упёршыся позіркам у наравістага Лёдніка.
— Я яшчэ не забыўся, як з-за вас мне вогненны меч не дастаўся!
І сапраўды, калісь Лёднік і Пранціш у кампаніі з панам Агалінскім і ягонай будучай сужонкай адправіліся здабываць таямнічую зброю доктара Дзі ў Ангельшчыну. На той артэфакт прэтэндавалі абодва магнаты: і Радзівіл, і Багінскі. Але ўся таямніца выявілася шалберствам… Што, вядома, зараз давесці было немагчыма.
— Насмелюся нагадаць, вашамосць, што менавіта доктар Лёднік выратаваў вашых прыхільнікаў, студэнтаў Віленскай акадэміі, ад арышту, гэта і ксёндз Марэк можа пацвердзіць! — пачаў лемантацыю Пранціш.
— Ведаем, як вызваліў. З расейскай царыцай у ложку, — вырачыў вочы Радзівіл.
У злосці ягонай быў добры дамешак зайздрасці.
— Гэта плёткі, вашамосць. — спахмурнеў доктар, але яго словы расталі ў тэатральнай прасторы, як дымок ад адной з тысяч свечак.
— Або шукайце рог, або запхну вас, пане каханку, туды ж, куды Агалінскага. Ні ў якім разе нельга, каб рэліквія худапахолку Панятоўскаму дасталася! Да святога Тарэла ён мае адносінаў не болей, чым свіння да сухой ігрушы. Знойдзеце — вазьму цябе, Лёднік, у свае асабістыя лекары, а тваіх дзяцей прыстрою пры сваім двары.
Баўтрамей стрымаў скептычны каментар да такога гонару. Алесь тузануў за руку Рэгінку — уяўнага брата, каб не забылася пачціва пакланіцца і не запярэчыла князю наконт сапраўднага паходжання. Зарабіў выспятак у лытку: маўляў, не дурней за васпана, вось як кланяцца па-прыдворнаму ўмею.
Пранціш, якому не было дэкляравана ніводнага перніка, не спяшаўся падымацца з каленяў, якія ўжо балелі ад пачцівага стаяння:
— Ваша княская мосць, насмелюся нагадаць пра абяцанне вызваліць пана Гервасія Агалінскага.
Радзівіл адвярнуўся да сцэны:
— Хай падрыхтуюць ліст трыбунальным. І сто дукатаў вам на расходы. А заўтра. Не — лепш пазаўтраму прыйдзеце ў мой палац з дакладам.
Пан Рысь хуценька выпхнуў просьбітаў з ложы і выцер рукой спацелы лоб.
— Колькі ведаю вас, пан Лёднік, столькі даводзіцца трапляць на падобныя цяжкія размовы. Лепш бы мы зноў з вамі на двубоі пабіліся. Віншую, аднак: пан дабрадзей наш у гуморы.