Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 978-5-9691-0429-7
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
I тут раптам пачалося — танкі выйшлі на ўскраіну гарадка і турнулі нашу пяхоту. Калі мы ўсе, хто быў у манастыры, выскачылі адтуль, пабачылі, як тая бяжыць, рассыпаўшыся па ўсім полі; аднекуль з-за сьценаў і платоў гарадзкіх будынін страляюць танкі. Мы з нашых пазыцый страляць па іх не маглі, перашкаджалі прыдарожныя пасадкі, ды й той участак быў ня наш. I каб уратавацца без прыкрыцьця пяхоты, мае хлопцы прычапілі гарматы да «студэбэкераў» і рванулі на дарогу. Можа, тое тады было і правільна, але чаму пабегла пяхота? I дзе ўрэшце пяхотныя камандзіры? I дзе нашы слаўныя палітработнікі, якія натхняюць байцоў на перамогу над зьлейшым ворагам?
Няўжо таксама разбрыліся па цікавых месцах?
Прыкладна пра тое я і крычаў, бегучы пад кулямі па голым полі. А слухаў мяне адзін капітан, які таксама апынуўся ў гэткім жа становішчы пакінутага пад агнём. Капітан гэты быў упаўнаважаны контрразьведкі сьмерш, і ён адно — маўчаў. Крычаў я са злосьці, бо нашыя шанцы адолець шырокае, забаранаванае поле пад ураганным агнём з танкаў былі невялікія. А дужа крыўдна было празь нейчую дурноту гінуць перад канцом вайны. А можа, і праз сваю дурасьць таксама.
Але і добра, што я адышоўся зь перадавой (бо наўрад ці я адважыўся б у гэткай сытуацыі з’язджаць з поля бою), безь мяне хлопцы ўратавалі гарматы, а галоўнае — уратаваліся самі. Неяк і нам пашэньціла жывымі дабегчыся да ўкрыцьця, а танкі далей не пайшлі. Пасьля неяк разабраліся. Але я доўга прыглядаўся, калі бачыў, што нехта староньні ідзе на агнявую: ці ня той капітан? Ён не прыйшоў. Здаецца, у нейкім сэнсе ён быў неблагі сьмершнік, пра што сьведчыў той ранейшы выпадак з гарматамі лейтэнанта Беражнога. Я ўжо гатовы быў у тым упэўніцца.
Тады ж у нейкім аўстрыйскім гарадку я спаткаў правобраз сваёй будучай Джуліі. У гарадку тым, як, зрэшты, і ў многіх іншых аўстрыйскіх гарадках, было шмат прыгнаных з усходу (ды і з захаду таксама) рабочых, што працавалі на аўстрыйскіх вайсковых заводах. Жылі яны ў вялізных даўгіх бараках, а як горад займала Чырвоная армія, разбрыдаліся, хто куды. Вядома ж, кіруючы найперш на радзіму, калі тое было магчыма. Неяк мы сталі калёнай машын з гарматамі на гарадзкой вуліцы, чакалі, пакуль начальства наперадзе штось вырашыць. I тады ля машын паявілася спрытненькая чорнавалосая дзяўчынка ў паласатым убраньні, якая нешта пыталася ў салдат, што сядзелі ў кузавах. Аказваецца, пыталася пра нейкага Iвана. Канешне, амаль з кожнага кузава ёй адгукаўся які-небудзь Iван, але дзяўчына круціла галавой — не. Так яна абышла калёну, не знайшоўшы таго, хто быў ёй патрэбны. Тады я падышоў да яе і папытаўся, каго яна шукае? На кангламераце нямецка-руска-італьянскіх словаў яна распавяла, то яе імя Джулія, яна італьянка і шукае рускага палоннага Iвана, зь якім летась разам уцякала з канцлягеру. У гарах іх схапіла паліцыя, яе зноў кінулі ў канцлягер, а што сталася зь Iванам, яна ня ведае. Цяпер яна мае надзею знайсьці яго сярод чырвонаармейцаў. Канешне, то была марная надзея. Але невялічкая тая гісторыя запомнілася мне, каб гадоў пра 20 зрабіцца «Альпійскай баладай».
26. Канец вайны
А ў другім месцы, заняўшы агнявыя пазыцыі на гарадзкой ускраіне, мы пастукаліся ў дзьверы бліжняга катэджу. Нам адчынілі адразу — на парозе стаяла маладая дзяўчына ў белым фартушку, якая спытала па-расейску, што нам трэба. Toe нас дужа зьдзівіла, і мы ў сваю чаргу спыталі ў яе, ці яна руская? Так, быў адказ, яна руская. Але тут жыве пан прафэсар, ён стары і просіць яго не турбаваць. Але хто такая яна і чаму тут? А яна з Днепрапятроўску і служыць у пана прафэсара, які зусім цывільны чалавек і вельмі добра адносіцца да яе. Toe нас зьдзівіла яшчэ болей: гэтая зямлячка абараняе немца? I, падобна, не зьбіраецца пушчаць нас у гэты заможны катэдж. Toe ўжо абурала. Нехта з нас падвысіў голас, нехта схапіўся за пісталет. Тады мой сябра, таксама ўзводны Валька Бахцігозін, рашуча мовіў: стойце, адставіць! Пайшлі назад… Мы пайшлі адтуль, знайшлі іншае прыстанішча, дзе нас ніхто не спыняў. Не запрашаў, але і не спыняў. Пасьля я папытаўся ў Валькі, чаму ён стаў у абарону тае зямлячкі, і Валька сказаў, што ў Эўропе трэба паводзіць сябе цывілізаванымі людзьмі, а ня хцівымі азіятамі. Toe мне запомнілася. Як і сам Валька — самы малады з нашых узводных, далёкі нашчадак польскіх ссыльных у Сібіры, родам з гораду Ачынска, адзіны сын у матулі, якая ці ня кожнага дня слала яму на фронт пранумараваныя лісты і прасіла яго рабіць гэтаксама, — яна працавала бухгалтаркай. Валя так не рабіў, хоць меў добрую натуру і любіў сваю маму. Начальства недалюблівала надта маладога і нейкага не характэрнага для ўзводных хлопца. А я любіў Валю. Пасьля вайны з усіх нашых ветэранаў найбольш хацеў адшукаць Валю Бахцігозіна, ды марна…