Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Биографии и мемуары » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
1 ... 43 44 45 46 47 48 49 50 51 ... 229
Перейти на страницу:

Праз пару дзён полк пастроілі на лужку з нагоды перамогі. Палічылі, хто самы старэйшы (ня ўзростам, а па часе прабываньня ў палку), хто найболей заслужаны (лічы — узнагароджаны). Даўжэй за ўсіх праслужыў у палку начфін, а самы ўзнагароджаны — камандзір маёй гарматы старшына Лук’янчанка. Але заслужана ўзнагароджаны гэты немалады ўжо сялянскі сын аднекуль з Кубані. Камандзіры батарэяў узнагароджаныя ня надта, узводныя яшчэ меней. Ордэн Чырвонай зоркі — звычайная наша ўзнагарода за вайну. У мяне таксама. А Вальку Бахцігозіна так і не ўзнагародзілі нічым. Раней усё казалі — малады, пасьпее… А тут і вайна скончылася.

Празь дзень-другі — новы загад: падрыхтавацца да маршу. Куды? Кажуць, быццам аж у Сафію. Празь Венгрыю, Югаславію, Румынію. Па сьлядах нядаўніх баёў. Выцягнулі на дарозе калёну, але перад тым, як рушыць, начальства пайшло трэсьці машыны. Камбрыг сказаў: «Я вас барахольшчыкамі цераз Эўропу не павязу». Зноў загад: здаць усё майно, прадукты, нічога, апроч боепрыпасаў, у кузавох не павінна быць. Пачалі адбіраць. Пажылыя ветэраны, што праваявалі ўсю вайну, у каго панішчана ўсё на радзіме, голыя дзеці і галодныя жонкі, ледзьве ня плачучы, прасілі: ну дазвольце хоць гэтыя гамашы адвезьці. Ну хоць гэтыя падэшвы на боты. Нічога не дазвалялася. Тады з машын пачалі кідаць усё ў раку, што цякла побач з дарогай, і па ёй паплылі ўсялякія шмоткі, гітары, скрынкі з правізіяй, а то і бутэлькі. Хай прападзе, але не здамо. Хаця хапіла і здадзенага. Толькі начальнік палітаддзелу ўжо з Балгарыі адправіў тры «студэбэкеры» ў Адэсу, дзе жыла ягоная сям’я. Не адсталі ад яго і іншыя начальнікі, у тым ліку і новы начальнік аддзелу контрразьведкі сьмерш.

27. Балгарыя. Камсорг

Па наплыўным мосьце цераз прыгажун Дунай пераехалі ў братнюю Балгарыю, дзе мне наканавана было пражыць год. Балгары спатыкалі нас, бы родных, бы вызваліцеляў, якіх вечна любілі. Варта было сысьці з машыны, як цябе тут жа абкружалі сяляне: братушкі, братушкі, добра дошлі! Тут жа паяўлялася чарка або кварта, пілі за Расею, за Балгарыю, за вечную дружбу. Здавалася, той дружбе ня скончыцца век. (Як праз 20 гадоў я зноў прыехаў у Сафію, пачуў ад балгараў такі анекдот. Да дзеда Тодара ў вінаграднік прыбягаюць дзеці, радасна кажуць: дзед Тодар, дзед Тодар, рускія на Месяц паляцелі! Дзед выпрастаўся. Што — усе? Слава табе, Гасподзь!) Дваццаці гадоў хапіла, каб ад векавой дружбы нічога не засталося. Апроч хіба маляўнічых абдымкаў Брэжнева з Жыўкавым.

А тады пачалося нуднае гарнізоннае жыццё ў вайсковым гарадку на Плоўдзіўскай шашы ў Сафіі. Як звычайна — пад’ём, зарадка, развод на заняткі, гарнізонная служба, нарады. У горад да восені нікога не пушчалі. Усе — салдаты і афіцэры, маладыя і старыя — таміліся на сьпякоце за калючым дротам вайсковага гарадку. Бальшыня афіцэраў, асабліва маладых, пасьля вайны служыць не хацелі, хацелі дадому, дзе заставаліся родныя, якіх ня бачылі ўсю вайну. Уся наша радасьць была купіць пару бутэлек вермуту, што з таго боку прыносілі да дроту, і выпіць. Таму пілі — і афіцэры, і салдаты. Да восені нікога не дэмабілізавалі, таму ўсе разам — маладыя, 18-гадовыя, і старыя, да 50 гадоў, — вучылі вайсковыя статуты, будову матчасці і палітыку на рэгулярных палітзанятках. Сьпярша нашыя адносіны да англа-амэрыканскіх саюзьнікаў былі ляяльныя, усё ж мы памяталі, хто нам памагаў у вайну, чыю мы елі тушонку, на чыіх аўтамабілях езьдзілі. Але затым раптам, бы па камандзе (канешне, па камандзе, як у нас усё робіцца) тыя адносіны зьмяніліся, і мы пачулі ад нашых камандзіраў ды палітрукоў, што найпершыя цяпер нашыя ворагі [ — ] гэта Амэрыка з Англіяй. Таму трэба пільнасьць і пільнасьць! Не паддавацца на правакацыі і мацаваць боегатоўнасьць.

Увосень салдатаў некалькіх узростаў (да 1924 году нараджэньня ўключна) дэмабілізавалі, афіцэраў пакінулі. Я напісаў некалькі рапартаў аб дэмабілізацыі, ніводнаму зь іх не далі хады. Служы, прафэсія афіцэра ў нас прэстыжная, быў адказ. Я не хацеў служыць нават у блаславёнай краіне Балгарыі, я хацеў дамоў, у бедную маю Беларусь, хацеў вучыцца. У партыю на фронце я не ўступіў, хапіла мне камсамолу, які таксама нямала дапёк. Ці не заўсёды я быў камсоргам батарэі, дзе клопату было няшмат, але цяганіны хапала. Найперш сходы, паперы, баявыя лісткі… А галоўнае — на кожны тыдзень, месяц, квартал — пляны мерапрыемстваў, дзеля блізіру, бо ніхто іх выконваць і не зьбіраўся. Але за тым сачылі нампаліты, у якіх іншых абавязкаў і не было. Надакучыў мне камсамол. Але неяк паклікаў нампаліт камандзіра палку, кажа: «Быкаў, а калі мы выберам цябе камсоргам палку? Пасада вызваленая, пойдзеш на самастойную работу, на заняткі хадзіць ня трэба. Ты афіцэр граматны, вучылішча скончыў, думаю, справішся…». Камсамол мне абрыдзеў, але і заняткі штодзень у сьпёку і непагадзь — таксама ня мёд, і я пагадзіўся. На чарговым сходзе быў аднагалосна абраны камсоргам.

1 ... 43 44 45 46 47 48 49 50 51 ... 229
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)