Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 978-5-9691-0429-7
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
Яшчэ празь нейкі час той жа нампаліт кажа: «Камсорг палку павінны быць членам партыі, таму трэба табе ўступіць. Я дам рэкамэндацыю». Toe ўжо было горш, я ведаў, што членства ў партыі — гэта рабства душы, што я перастану належаць сабе, а галоўнае — тады бывай дэмабілізацыя і ўсе мае мары.
Але жыцьцё ці лёс распарадзіліся інакш. Не паводле нампаліта маёра Цквітарыя, ні паводле майго жаданьня.
Увосень нас пачалі пушчаць у горад — у вольны ад службы час, і афіцэры, бы застаялыя ў загарадках коні, рынуліся на гарадзкую волю. У слаўную, стаўшую ўжо мілай нашаму сэрцу Сафію. На плошчы Народнага сходу, якраз насупраць помніка цару-вызваліцелю ўлады зрабілі Дом афіцэраў, вядома ж, з рэстаранам, у якім можна было найперш выпіць і закусіць. Канешне, такі выпадак грэх было ўпусьціць, і мы яго не ўпускалі. Абы былі грошы.
З грашыма часам здаралася напруга. Заробак узводнага быў невялікі, да таго ж шмат у каго былі адасланыя грашовыя атэстаты родным і блізкім. Я таксама паслаў атэстат сваім на 600 рублёў, прыкладна столькі ж атрымліваў на рукі. Аднойчы, памятаю, у суботу добра выпілі ў рэстаране (кампанія чалавек шэсьць), але не хапіла. I віна, і грошай. Тады Лёшка Рыжкоў і кажа: «Быкаў, ты ж, здаецца, зьбіраў камсамольскія ўзносы, дзе яны?». У сэйфе, кажу. «Дык што ж яны ляжаць у сэйфе, марнуюцца. Грошы павінны працаваць. Давай, а ў панядзелак палучка, усё вернем». Эх, Лёшка, які ты разумны, мабыць, падумаў тады не адзін я. Паехаў, забраў з сэйфа што там было, і слаўна мы дагулялі той дзень у рэстаране насупраць царавызваліцеля.
Здарылася, аднак, што ў панядзелак палучка не адбылася — з банку грошай не далі. Toe было горш, але я маўчаў. Трошкі зьдзівіўся, праўда, калі пасьля заняткаў мяне паклікаў — і не абы-хто, а сам начальнік палітаддзелу брыгады, які наўрад ці калі мяне і бачыў. (Зрэшты, як і я яго.) Размова пачалася ветліва: ну як працуецца, якія пляны? А пасьля, нібы між іншым — узносы сабраў? Сабраў, кажу. I што — здаў іх у фінаддзел? Не, яшчэ не, сказаў я, і ўсярэдзіне ў мяне нешта апала. А дзе яны, грошы? — пытаецца палкоўнік. У сэйфе, кажу. А ну — прынясіце…
Я ўстаў і сеў. Усё было зразумела. Хтось стукнуў, і я прапаў. Ну не зусім, але халяўская мая паліткар’ера ляснулася ў самым пачатку. Праз два дні вярнуўся на батарэю, і мой камбат Ахрын пакпіў: «Ну што, ня выйшаў зь цябе палітрук! Я ж гаварыў». А нампаліт маёр Цквітарыя сказаў, што пасьля такога ўчынку мне ня месца ня толькі ў партыі, але і ў камсамоле. На днях зьбярэм сход і выключым. Я са злосьці напіўся і, вярнуўшыся з рэстарану, кінуў у грубку свой камсамольскі білет. (З таго часу і на ўсё жыцьцё — беспартыйны.) Назаўтра напісаў новы рапарт аб дэмабілізацыі.
Колькі тыдняў пасьля хадзіў, бы ашаломлены, і ламаў сабе галаву: хто? Хто данёс? Toe мог зрабіць толькі нехта з шасьці, што былі ў застольлі. Нават зь пяці. Але ж усе былі браты па зброі, аднагодкі, сябры. Каго было падазраваць у самым, можа быць, гнюсным? Сярод шасьцёх два былі членамі партыі — ці не яны? Ці, можа, хто з камсамольцаў? Або зусім беспартыйны Лёшка, які ўсё і справакаваў?
Таго, аднак, я не дазнаўся ніколі. Як і ў шмат якіх іншых выпадках.
28. Няўдзячны шынэлак. Валодзя
Даўно людзьмі заўважана, што бяда ня ходзіць адна, бяда любіць кампанію. Хаця наступныя за першай беды ўжо ўспрымаюцца інакш, часам з гумарам, са зьедлівай самаіроніяй. Як у мяне з абмундзіроўкай, якая для маладога вайскоўца заўсёды нямала значыць. Хацелася выглядаць «як усе», лічылася нягожа, калі на цябе будуць паказваць пальцам. Тым болей у горадзе.
Тады ў Сафіі ў мяне ўзьніклі менавіта такія праблемы: не было гожай абмундзіроўкі. Яшчэ ў Аўстрыі пачаў зьдзяваць гімнасьцёрку і адарваў каўнер, які амаль сапрэў за зіму. Выдалі з падменнага фонду б/у. Быццам і ніштаватая гімнасьцёрка, але зь дзьвюма лапікламі: ззаду на левай лапатцы і сьпераду на грудзях, — пэўна, зьнятая з забітага. Шынэлак мой аказаўся з падпаленымі поламі, бо ляжаў у машыне, а як прарываліся ў Венгрыі, тая машына згарэла, пасьпелі выхапіць толькі гэты падгарэлы шынэлак. (У рэчмяшку згарэлі і малюнкі ў альбоме. Маляваў жа…) I во ў такім шынялі з падпалінамі прыехаў у Сафію. Улетку нічога, але ж пачалася восень, насталі халады. Неяк стаю на Арловым мосьце ў сваёй гімнасьцёрцы, чакаю аўтобус на Плоўдзіўскую шашу. А ўжо зімна, падае рэдкі сняжок. Побач ідуць балгары, чую гамоняць: «Братушка — сібірак, сібірак…». Я ўвесь азяблы, а яны думаюць, што загартаваны, мне цёпла, бо сібірак.