Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 978-5-9691-0429-7
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
Быў ужо май, цьвіў бэз. Стаялі каля невялічкага горнага гарадка ці, можа, пасёлачку, празь які праходзіла асфальтаваная шаша. Пазыцыі займалі за лесапільняй, месца было зацішнае. Немцы з-за пасёлку зрэдчас пастрэльвалі зь мінамётаў, разьбіваючы апошнія ўцалелыя дамоўкі. Я на лесапільні раздабыў веласіпед і вучыўся езьдзіць на ім — у дзяцінстве ж не давялося. Аднойчы разагнаўся з горкі і на павароце нечакана зьбіў таго сьмершаўца. Абодва паляцелі на асфальт, разадраў капітану штаны. Падняўшыся, ён пачаў бэсьціць мяне і напомніў пра мае размовы пад агнём на полі, пра якія ён не забыўся. Я тады нават струхнуў, бо думаў, што капітан усё ж забыўся на іх. Але неяк абышлося. Капітана хутка перавялі некуды, на яго месца прыехаў іншы — на гэты раз з танкавых войскаў. Хаця эмблемы яны насілі на выбар — якія ім падабаліся.
Так настала сёмае мая. Мы — усё ў тым пасёлку, пяхота таксама на ягонай заходняй ускраіне. Амэрыканцы яшчэ далёка. I вось уначы нашыя радысты дачуліся, што заўтра падпісаньне капітуляцыі Германіі. А мы атрымліваем загад: у 19.00 атака на нямецкія пазыцыі. Падрыхтавацца да атакі, ставіць гарматы на прамую наводку, суправаджаць пяхоту агнём і коламі. Ну, мы найперш напісалі лісты дадому, маўляў — ідзём у апошні бой. Калі што, дык…. Псыхалягічны стан болей чым паршывы, бо пераналадзіліся ўжо на мір, паявілася ўжо надзея, што выжылі. А тут…
Праўда, яшчэ памарудзілі з гадзіну, а тады пасьля кароткага артналёту паднялася пяхота. Але немцы не страляюць, во дзіва! Калі пяхота дабрыла да варожых траншэяў, тыя аказаліся пустыя. Немцы змыліся. I начальства загадала чапляць за машыны гарматы і даганяць немцаў. Але безь пяхоты. Калі што, самім быць за пяхоту. I за артылерыю таксама. Што ж, мы паехалі. Ехалі ўсю ноч і ранак. Немцаў дагналі. Далей усе дарогі былі запруджаны нямецкімі калёнамі — пяхота, артылерыя — усе кіруюць на захад, здавацца амэрыканцам. Нам яны здавацца ня хочуць. А мы і не бярэм. Мы атрымалі новую задачу — як мага хутчэй злучыцца з саюзьнікамі. А гэтых мы проста мінаем. Некаторыя зь немцаў буркаюць «Гітлер капут» і ўскідваюць руку. У каторых на руках гадзіньнікі, нашыя іх зьнімаюць. Гадзіньнікі — самы папулярны трафей. Некаторых раззбройваем. Асабліва тых, хто ў эсэсаўскай форме.
Дамчалі да ракі Энс, у цэнтральнай Аўстрыі. Гэта быў мой апошні рубеж той вайны. За ракой амэрыканцы. Пакідалі на лужку абы-як пастаўленыя машыны, пачалі «сустрэчу». Нас на той бок не пушчалі, затое амэрыканцы свабодна прыйшлі на гэты бок. Некаторыя з амэрыканцаў мелі славянскае паходжаньне (пераважна з палякаў), а ў нас былі хлопцы з Заходняй Беларусі, якія разумелі папольску, такім чынам устанавіліся зносіны. Яны нам дарылі свае гадзіньнікі, запальнічкі, розную драбязу — на памяць. Мы ім што маглі падарыць — зорку зь пілоткі. Але знайшлося віно, і мы добра ўпіліся разам — пераможцы розных армій і нацыянальнасьцяў. I ўсе паснулі проста ў кузавах нашых «студэбэкераў». Начальства некуды зьнікла, можа, да іншага начальства, у кожнага знайшлася свая кампанія.
Уначы я прачнуўся і пабрыў у горад. Маленькі такі гарадок, але спрытны, як і ўсе іхнія гарады. I не разбураны, цэлы. Бачу ў адным месцы сьвятло з фараў, і нашы салдаты штось робяць. Аказваецца, тут харчовы склад гэтага гораду. Хлопцы прынесьлі супрацьтанкавую гранату і бабахнулі ёю па замку — дзьверы і праваліліся. А там процьма скрынак, мяхоў — сьпіртное, кансэрвы, мука, шакаляд… Пачалі выгрузку. Я таксама зьбегаў да сваіх, прыгнаў «студэбэкер». I мы нагрузіліся. Але не абдзялялі і аўстрыйцаў, якія прыйшлі да пераможцаў. Аўстрыякі жылі галаднавата, харч быў па картках. Падышоў адзін дзядуля зь місачкай, просіць дазволу набраць мукі. Кажу, што табе місачка — бяры мех. Кажа — цяжка. Але падстаўляе згорбленую сьпіну, салдаты навальваюць яму мех мукі, пайшоў дзед хістаючыся. Мы сталі добрыя, чужога дабра не шкадавалі… Можа, і добра рабілі, то была наша ноч, ноч пераможцаў. Наступны за ёй дзень ужо належаў ня нам.
Удзень зьявілася вялікае начальства, усіх чужынцаў выгналі з гэтага берагу на той, на мосьце паставілі трайную варту. Нікога — ні туды, ні адтуль. А мы толькі марылі пачаставаць нарабаваным нашых саюзьнікаў. Не ўдалося. Полк хутка адвялі ў тыл, пад горад Леабэн, дзе ў лесе найперш загадалі здаць усё здабытае тою ноччу. Калі не дачакаліся добраахвотнай здачы, начальства пайшло само і выгрузіла з аўтамабіляў нашыя запасы — бутэлькі, сыр, шакаляд. Сказалі, будзеце атрымліваць у парадку харчаваньня. Нічога не атрымалі. Тыя скрынкі паехалі ў тыл.