Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 978-5-9691-0429-7
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
Яшчэ празь дзень засталася ў нас адна мая гармата з машынай, радыёстанцыя і штабная машына. Астатнія ўцалелыя пайшлі іншым кірункам, бо ўсім разам прайсьці было нельга. Але з намі камандзір палку палкоўнік Парамонаў, штаб, некалькі тылавікоў і аўтаматчыкаў. Прыпыніліся ноччу ў нейкім венгерскім фальварку — вялікі дом пад чарапіцай, стайні, аборы. Наперадзе шырокі магістральны канал, там пантонная пераправа, і нам трэба на той бок. Але пераправа ўжо захопленая немцамі, нам далей ходу няма. Пад кустоўем у канцы падворку паставілі гармату. Перад намі шырокі роў, а за ім дарога на пераправу. I на гэтую дарогу ўранку хлынуў усё той жа танкавы натоўп. У паветры — гул, гром, лязгат гусеніцаў, нават блізка нічога нельга пачуць.
I тут прыбягае да мяне парторг — камандзір палку загадаў адкрыць агонь. Ну што ж, агонь дык агонь. Але ці доўга так пастраляеш? Наводчык прыцэліўся і стрэліў. Я побач сачу — ці пацэліў? Ды бачу, снарад пайшоў высока ў неба. Што такое? — крычу наводчыку, той удакладніў на панараме прыцэл. Зноў стрэліў. Я чакаю, каторы танк спыніцца, ды дзе там! Снарад б’е ў зямлю побач. Тады кідаюся да гарматы… А ў ёй ёсьць такі механізм — паралелаграм зь цягай, якая злучае панараму са ствалом. Куды ствол, туды і прыцэл — паводле ідэі. Але як мы цягалі гармату па лясах і пагорках, зрушылі тую цягу, і цяпер панарама і ствол не паралельныя. Трэба рамантаваць.
Далажыў парторгу, той пабег дакладваць камандзіру палку. Разумны чалавек быў наш палкоўнік Парамонаў, вылаяўся і махнуў рукой. Бо што тут можна зрабіць? I хто вінаваты? Пакуль мы мітусіліся, танкі прайшлі на пераправу і за пераправу. А нас тым часам з вышынь за каналам пачалі абстрэльваць свае цяжкія мінамёты. Мабыць, бачаць, што сноўдаюць нейкія людзі, во яны і б’юць, толькі чарапіца з дахаў разьлятаецца. Тут мяне кліча камандзір палку і, паколькі я праштрафіўся, дае заданьне перабрацца за канал і наладзіць сувязь з тымі мінамётчыкамі. Для таго выдзяляе мне чалавек пяць артылерыстаў, нейкіх прыблудных сапёраў і нашага батарэйнага старшыну Жарава. Што ж, сабралася група чалавек дванаццаць, прыгнуўшыся, пабеглі па полі. Але далёка не адбегліся, гляджу — нічога ня выйдзе: тыя з-за каналу адразу накрылі нас агнём. Залеглі, што рабіць? Двух параніла ўжо, некага забіла. Старшыне асколак у задняе месца ўпіўся. А да каналу яшчэ ісьці ды ісьці… Мінамётчыкі, канешне, падумалі, што гэта немцы. Ну і вырашыў я вярнуцца. Забралі двух параненых, забітых пакінулі, і ўсё пад агнём, між разрываў прыйшлі на фальварак. Камандзір палку нават ня лаяўся, сам усё бачыў.
Праўда, мінамёты неўзабаве перанесьлі агонь далей, рашылі, мабыць, што з фальваркам скончана. I мы там неяк даседзелі да ночы. Ноччу вырашылі прарывацца, бо іншага выйсьця няма. Паслалі лейтэнанта Борматава (цяпер палкоўнік, жыве ў Крывым Розе) разьведаць пераправу — ці цэлая. Ці, можа, мінамётчыкі яе ўжо расстралялі. Аказалася, пераправа цэлая, канешне, пад аховай (побач стаяць два бронетранспарцёры) і пад’езд да яе перагароджаны шлягбаўмам. У нас адна гармата, машына з радыёстанцыяй, яшчэ машынаў штук пяць. Першым пусьцілі мой «студэбэкер», затым астатнія. Задача — зьбіць шлягбаўм і праскочыць на той бок каналу. Але і на тым беразе таксама немцы, пасьпелі ўжо захапіць пляцдарм. Чуваць, там ідзе бой, усё грукоча і грыміць. Мы з камбатам стаім на падножках абапал кабіны, у кузаве салдаты са зброяй напагатове. У прыцемках пад’ехалі да шлягбаўма, насустрач выскачыў немец з кружком чырвоным, бліснуў нам, штось крыкнуў… «Студэбэкер» усё ж магутная машына, як урэзаў ён у гэты шлягбаўм, той і адляцеў. Мы праскочылі цераз пантоны на той бок, там адразу каменны дом і паваротка на вуліцу. А ззаду пачалася страляніна, але мы па гэтай вуліцы рванулі, як толькі можна было ў прыцемках. Здаецца, усе праскочылі, толькі самую заднюю машыну падбілі. Адразу за паселішчам прыпыніліся, бо нас абстралялі ўжо свае, паранілі двух салдатаў у кузаве і прабілі кола ў маім «студэбэкеры».