Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Биографии и мемуары » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
1 ... 39 40 41 42 43 44 45 46 47 ... 229
Перейти на страницу:

…Ноч некуды ехалі, ехалі — па нейкіх мокрых і гразкіх прасёлках, па полі, пад ранак прыехалі на ўскраіну сяла, паставілі гарматы абапал сьцірты. Чутно, як непадалёк адбываўся якісьці рух — гырчэлі маторы, штосьці гуло, шархацела, часам чуліся прыглушаныя галасы. Iшлі калёны. Немцы ад Будапешту прарываліся на захад.

Як стала трошкі сьвітаць, убачылі зводдаль тое, што чулі ў цемры. Iшоў суцэльны паток войска: аўтамабілі, танкі, пяхота. Зараз жа адкрылі агонь. Страляць было проста, бо блізка. Адразу там запалала некалькі аўтамабіляў, з танкаў па нашай ускраіне зрабілі некалькі непрыцэльных стрэлаў. А мой наводчык Расцалуеў меў вострае вока і трапна ўзяў іх на прыцэл. З другога стрэлу загарэўся танк. Калёна амаль спынілася, заднія пачалі напіраць на пярэдніх, пярэднія гарэлі. Пяхота ў паніцы кінулася ў поле, і мы расстрэльвалі яе асколачнымі. Пасьля, як усё скончылася, нешматлікія машыны ўцяклі, а пяхота разьбеглася, мы пайшлі паглядзець, што нарабілі. Жудасна было тое бачыць… Такога разгрому я ня бачыў зь вясны сорак чацьвёртага, як на дарозе пад Уманьню нашыя танкісты разграмілі нямецкую штабную калёну.

Гэта быў ці не апошні бой на венгерскай зямлі, за восень, зіму і вясну багата палітай нашай крывёю…

Да аўстрыйскай мяжы рухаліся ўвогуле ўдала, зь нядоўгімі сутычкамі. А на мяжы ўсё спынілася, немцы сталі ў абарону. У перадгор’і Альпаў — шырачэзная даліна, якую немцы перакрылі агнём і нас туды не пушчаюць. Нямецкія танкі здаля б’юць па адзінай на схіле дарозе. Пяхота, артылерыя — усё ў нас спынілася. Ды хутка з’явіўся нейкі генэрал у камбінезоне, але з генэральскай фуражкай на галаве, і якраз налез на нашую батарэю. «А вы чаго тут тарчыцё? А ну ўпярод!» I пагнаў батарэю па адхоне ўніз, туды, дзе немцы. «Студэбекеры» з гарматамі неяк праскочылі, і мы хуценька за кусьцікамі пачалі акопвацца. Iншых, што ехалі за намі, немцы не пусьцілі, спалілі некалькі машынаў, і болей ніхто празь іх агонь не праскочыў. Пра тое, што мы на праглядзе ў сваіх, мы не клапаціліся. А на вайне як бывае? Розных часьцей зашмат, нашыя ў палку, скажам, ведаюць, дзе іхнія астатнія, а іншыя могуць і ня ведаць. I нейкія мінамётчыкі, якіх спрытны генэрал змусіў хутчэй адкрыць агонь, агонь і адкрылі. Па нас, канешне. Толькі я з салдатам выкапалі ровік па калена, як тыя пачалі смаліць. Міны кучна клаліся якраз абапал. I, відаць, накрылі б, калі б не найшла вясновая хмарка і не паліў дождж. (Зрэшты, у вайну, калі пачыналася арткалатнеча, заўсёды пачынаўся і дождж. Iншы раз ён і не спыняўся, бо не спынялася арткалатнеча.) Як толькі дождж хлынуў, я выскачыў з ровіку[: ] давайце за машынай і хутчэй адсюль. Але куды — наперадзе ж немцы? А хоць да чорта ў зубы… Трохі некуды ад’ехалі, за нейкія кусьцікі, ад якіх было бліжэй да немцаў, чым да сваіх, і тым уратаваліся. Пад носам у немцаў стала спакайней.

25. Аўстрыя. Малярыя

Ну а пасьля падцягнулася болей войска, пачалося планамернае наступленьне і баі. Ды ўжо ў горнай мясцовасьці. Адчувалася хуткае сканчэньне вайны, дух быў бадзёры. Помню, дзень біліся за нейкую вёску, не маглі ўзяць, тады аднекуль зь іншага ўчастку перакінулі самаходны полк. Гэта 76-мм самаходкі, якіх на вайне таксама звалі «бывай, радзіма». Во яны праходзяць міма, у адной ззаду (зад у іх адкрыты) стаіць бравага выгляду камандзір, вусаты у танкавым шлеме, і гойкае нам: «Упярод, пушкары, годзе пузам зямлю пахаць!». Што ж, давай упярод, калі ты гэткі спрытны. Вёску ўзялі, пяхота прайшла на той бок, мы — сьледам. Каля мастка, гляджу, стаіць абгарэлая самаходка, і зь яе зьвісае на гусеніцу абгарэлы чалавек. Па недагарэлых вусах мы пазналі таго аптымістага.

Помняцца і яшчэ прыкрыя, а то і камічныя выпадкі. Як я ўжо казаў, у Румыніі я першы раз захварэў на малярыю. Даволі паскудная хвароба, тым болей, што шпітальнага лячэньня не вымагае. Зімой была перадышка, а вясной пачаліся прыступы. З пэўнай рэгулярнасьцю — пад вечар або калі ўбачу ваду… Хоць здалёк, хоць зблізку. Раптоўна здрыгаюся, і пачынаецца ліхаманка на некалькі гадзінаў. Аднойчы мы займалі пазыцыю на прамой наводцы ў полі. Трошкі далей і збоч ад агнявой расьлі дрэўцы, нейкія кусьцікі. Агонь не вялі, але немцы былі блізка. Мяне раптам затрэсла, і я адышоўся да тых дрэўцаў. Было цёпла, ужо зялёная траўка прабівалася. Як лёг, салдат наваліў на мяне нейкіх трафейных коўдраў, нямецкіх шынялёў — каб сагрэцца. Пасьля, як крыху адпусьціла, заснуў. А як прачнуўся, дык зьдзівіўся, што вакол дужа ціха. Высунуў галаву з-пад таго варахоб’я — ужо сьцямнела. Але дзе гармата? На агнявой няма маёй гарматы, стаяць нейкія людзі і пазіраюць чамусьці не туды, куды заўжды пазіраюць на фронце, — у бок праціўніка. Гэтыя пазіраюць назад. Я яшчэ прыгледзеўся і прыслухаўся — то ж немцы! Канешне, спалохаўся, хаця нічога дзіўнага. У пяхоце такіх, негераічных, выпадкаў хапала. Але пра тое мала напісана. Бо зь пяхоты, апроч хіба В. Кандрацьева, у літаратуру ніхто не прыйшоў. Мабыць, не засталося. Усё лепшае, што напісана пра вайну зь ліку яе ўдзельнікаў, канешне, належыць усё ж артылерыі. Мабыць, паводле традыцыі, распачатай артылерыстам Л. Талстым. А тут, пакуль я дрыжэў пад варахоб’ем, нашы драпанулі, гармату камбат загадаў адцягнуць ніжэй у сяло, а пра мяне забыліся. Таго салдата, што там мяне накрываў, паслалі па аўтамабіль, а іншыя ня ўгледзелі… I вось бачу чужыя сілуэты, — адзін у касцы, а другі, помню, у казыркастай шапцы… I я паўзком, на кукішках даў адтуль дзёру. Знайшоў сваіх, камбат пытаецца: дзе быў? У немцаў, кажу, быў. Пасьмяяліся… Усё ж ішоў сорак пяты, да перамогі заставаўся апошні месяц. А здарылася б тое раней на год ці паўгода, было б не да сьмеху. Як з тым нашым камандзірам узводу кіраваньня, які параненым пабратаўся зь немцам. У Венгрыі, у час бою за нейкае сяло, надта бамбілі нямецкія самалёты, і гэты лейтэнант, паранены ў нагу, сунуўся ў скляпок на двары сялянскага падворку. Якраз зьмяркалася, і ў той скляпок сунуўся і яшчэ нехта, таксама паранены. Тады скончылася бамбёжка і наогул скончыўся бой. I во яны сядзяць удвух, але ў цемры ня бачаць адзін аднаго і ня ведаюць, хто побач — свой ці чужы? Таму маўчаць. А галоўнае — ня ведаюць, хто заняў сяло — нашы ці немцы. Ніхто першы ня хоча адкрыцца. Так мінула ноч. I толькі як пачало сьвітаць, лейтэнант убачыў, што перад ім немец, гаўптман мэдыцынскай службы. I ніхто зь іх за пісталет не схапіўся, бо зноў жа — невядома, хто наверсе. Першы не стрываў немец, таксама паранены, неяк выбраўся, а лейтэнант сам выбрацца ня можа. Сядзіць і чакае, калі прыйдуць немцы і возьмуць яго ў палон. Або прыстрэляць у яме. Немцы і прыйшлі. Але на ламанай рускай мове растлумачылі, што страляць ня будуць, будуць рабіць арцліхер беістанд (мэдыцынскую дапамогу). I выцягнулі лейтэнанта, занесьлі яго ў мэдпункт, дзе той жа ягоны начлежнік перавязаў яму нагу і папытаўся, што ён хоча: да сваіх ці ў палон? Канешне, лейтэнант захацеў да сваіх. Тады яго ўначы два немцы паклалі на палатку і падцягнулі да нашых акопаў на краі сяла. Праз паўгадзіны ён туды і зваліўся. Ну, адвезьлі ў санбат, ляжыць там лейтэнант, яго перавязваюць, але ж дужа яму цікава з сваіх прыгодаў. I ноччу ціхенька ён расказаў пра тое суседу — што зь ім тры дні таму здарылася. Падзівіліся трохі абодва. А яшчэ празь дзень прыйшоў незнаёмы афіцэр і сказаў, каб гэтага лейтэнанта тэрмінова падрыхтавалі да эвакуацыі. Аднаго. Болей яго ніхто ў палку ня бачыў. I чутак нават ніякіх не дайшло.

1 ... 39 40 41 42 43 44 45 46 47 ... 229
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)