Гары Потэр і патаемная зала
- Автор: Роулинг Джоан Кэтлинг
- Серия: Гары Потэр (be) #2
- Год: 2013
- Язык: белорусский
- Переводчик: Дзяніс Мускі
- Жанр: Детское фэнтези
Электронная книга - «Гары Потэр і патаемная зала». Краткое содержание книги:
— А ці нам не прагуляцца?— прапанаваў Гары, жадаючы даць сагрэцца нагам.
— Толькі асцярожна, каб не прайсці скрозь кагосьці з гасцей, — занепакоенна прамовіў Рон і яны пайшлі ўздоўж танцпляцоўцы. Сябры прамінулі гурток панурых манахінь, нейкага закутага ў кайданы і апранутага ў рахманы чалавека, сустрэлі вясёлага хафлпафскага прывіда — Тоўстага Айца, які гаманіў аб нечым з рыцарам, з лоба якога тырчэла страла. Потым яны ўбачылі Крывавага Барона — пакрытага плямамі срабрыстай крыві, хударлявага слізэрынскага прывіда, якому, і гэта ані не здзівіла Гары, іншымі прывідамі выдзялялася значна больш месца.
— Вой, не, — рэзка супыніўшыся, прамовіла Герміёна. — Давайце пойдзем назад. Я не хачу размаўляць з Мармытухай Міртлаю...
— З кім?— спытаўся Гары, калі яны хуценька пайшлі назад.
— Яна жыве ў дзявочай прыбіральне на другім паверсе, — адказала дзяўчынка.
— Жыве ў ПРЫБІРАЛЬНІ?
— Так. У мінулым годзе прыбіральня ўвогуле не працавала, бо калі ў Міртлы пачынаецца гістэрыка, яна адразу ж ладзіць патоп. Аднак, я ў любым выпадку туды б не хадзіла, каму спадабаецца, калі па-над яго вухам нехта плача...
— Глядзіце! Пачастунак!— сказаў Рон.
У дальняй сцяны падзямелля месціўся доўгі стол, як і ўсё астатняе пакрыты чорным аксамітам. Сябры з нецярпеннем падыйшлі да яго, але адразу ж з жахам супыніліся. Адтуль ішоў сапраўды брыдкі пах. На прыгожых, срэбных талерках ляжалі вялізныя кавалкі гнілой рыбы, на падносах ляжалі спаленыя ў вугаль кексы, агромісты паточаны чарвякамі барані рубец і пакрытая пухмянай зялёнай цвіллю галоўка сыра. А ў цэнтры стала ўзвышаўся вялізны шэры трот ў форме надмагілля з напісанай дзёгцепадобрай глазур’ю словамі:
“Сэр Нікалас дэ Мімсі-Порпінгтан
памёр 31 кастрычніка, 1492 года”
Гары здзіўлена вытарапіўся на то, як нейкі мажны прывід падыйшоў да стала, прысеў і раскрыўшы рота прайшоў праз адзін са смярдзючых кавалкаў ласасіны.
— А што, праходзячы праз страву, вы здольны адчуць яе смак?— спытаўся хлопчык.
— Амаль што, так, — з жалем адказаў прывід і адыйшоў прэчкі.
— Мяркую, яны чакаюць калі страва загніе, каб мацней адчуць яе пах, — з веданнем справы выказала здагадку Герміёна і заціснуўшы носа нахілілася да гнілога рубца, каб лепей яго разгледзіць.
— Можа пойдзем ужо?— спытаўся Рон. — Ці то мяне зараз знудзіць.
Толькі яны развярнуліся, як з-пад стала выслізнуў маленечкі чалавечак і супыніўся ў паветры перад іх тварамі.
— Здароўку, Піўз, — з асцярогаю павітаўся Гары.
У адрозненні ад згрудзіўшыхся ў падзямеллі зданяў, полтэргейст Піўз зусім ня быў бледным і празрыстым. На галаве ён насіў яскрава-памаранчавы каўпак, на шыі вярчальную бабачку, а на яго злым твары лунала шырокая усмешка.
— Ці не жадаецце паспрабаваць?— салодкім голасам спытаўся ён, падаючы ім талерку з пакрытым грыбком арахісам.
— Дзякуй, ня трэба, — адказала Герміёна.
— Я чуў, што ты казала пра бедную Міртлу, — круцячы вачыма, заявіў полтэргейст. — Як груба ты гэта рабіла, — ён набраў грудзі пабольш паветра і загаласіў. — ГЭЙ, МІРТЛА!
— Вой, не Піўз, толькі не кажы Міртле пра гэта, яна моцна засмуціцца, — у адчаі прашапатала дзяўчынка. — Ммм, здароўку, Міртла.
Да іх праслізнула праз паветра каржакаватая дзяўчынка-прывід. Яна мела пануры твар, напалову схаваны за тонкім валоссем і тоўстыя перламутравыя акуляры.
— Што?— змрочна спыталася яна.
— Як маешся, Міртла?— ілжыва-вясёлым голасам спыталася Герміёна. — Як прыемна бачыць цябе па-за прыбіральней.
Міртла пырхнула.
— Міс Грэйнджэр, хвіліну таму казала пра цябе... — хітра мовіў на вушка прывіду Піўз.
— Так... казала... як добра ты выглядаеш сёння, — пазіраючы на Піўза заявіла Герміёна
Міртла з падазронам зірнула на дзяўчынку.
— Ты хацела пасмяяцца з мяне, — прамовіла яна і з яе празрыстых вачэй імгненна пацяклі срэбныя слёзы.
— Не... сапраўды... не, я ж казала вам аб тым, якая Міртла сёння прыгожая, — балюча штурхнуўшы хлопцаў у бакі, сказала Герміёна.
— Ага, так...
— Казала...
— Ты ўсё хлусіш, — задыхаючыся ад слёз, якія струмянямі пацяклі па яе шчоках, прамовіла Міртла, а з-за яе пляча задаволена ўсміхаючыся вызіраў Піўз. — Ці ты думаеш, я ня ведаю, як людзі называюць мяне па-за вочы? Тлустая Міртла! Страхота Міртла! Нікчэма, мармытуха, маркотная Міртла!
— Ты забылася аб “прышчавай Міртле”, — прашапатаў ёй на вуха Піўз.
Міртла пачала пакутліва галасіць і адляцела прэчкі з падзямелля, а Піўз кідаў ёй ўслед зацвілымі гарэхамі і лямантаваў.