Гары Потэр і патаемная зала
- Автор: Роулинг Джоан Кэтлинг
- Серия: Гары Потэр (be) #2
- Год: 2013
- Язык: белорусский
- Переводчик: Дзяніс Мускі
- Жанр: Детское фэнтези
Электронная книга - «Гары Потэр і патаемная зала». Краткое содержание книги:
Аднак, не паспеў Філч чарговы раз апусціць у чарніліцу пяро, як адчуўся аглушальны БУМ! Ад якога на столі філчава кабінэту закачалася лямпа.
— ПІЎЗ!— заравеў Філч, са злосцю кідаючы пяро. — На гэты раз я цябе спаймаю!
Не азірнуўшыся на Гары, наглядчык перавальваючыся выбег з кабінэту, а следам за ім шмыганула Місіс Норыс.
Піўз — школьны полтэргейст, быў выскалякам і лятучай небяспекай, мэтай жыцця якога было нясенне паўсюль хааса і разрухі. Гары ня надта любіў Піўза, але цяпер ён адчуваў сябе ўдзячным полтэргейсту за такое сваечасовае шалапуцтва і хлопчык спадзяваўся, што яно (а мяркуючы па гуку, Піўз знішчыў нешта вельмі вялікае), адцягне філчаву ўвагу.
Вырашыўшы, што яму ўсё ткі варта дачакацца вяртання наглядчыка, Глопчык прысеў на пакоцаны моллю фатэль побач з пісмовым сталом. Акрамя напалову запоўненага бланку на стале Гары ўбачыў толькі агромісты пурпуровы канверт, падпісаны срэбнымі чарніламі. Хутка зірнуўшы на дзверы, каб упэўніцца, што наглядчык пакуль не збіраецца вяртацца, Гары ўзяў канверт у рукі і прачытаў:
“КВІКСПЭЛ
Завочны курс
Чаравання для пачаткоўцаў.”
Заінтрыгаваўшыся, Гары раскрыў канверт і выцягнуў адтуль пачак пергаментаў. Фігурнымі срэбнымі літарарамі на першай старонцы было напісана:
“Адчуваеце сябе па-за светам сучаснай магіі? Шукаеце адгаворкі, каб не карыстацца нават самымі простымі замовамі? Вы настолькі жахліва трымаеце ў руках палачку, што гэта заўжды выклікае посмешкі наваколля?
У нас ёсць то, што вам патрэбна!
Квікспэл — найноўшы, надзейны, хуткасны і лёгкі для вывучэння курс. Сотні чараўнікоў і вядзьмарак ужо скарысталіся метадам Квікспэл!
Мадам З. Нэтлз с Топшэма піша нам:
“Колісь мая памяць на замовы і ўсе мае зеллі былі агульнасямейным жартам! Але цяпер, пасля таго, як я скарысталася квікспэлаўскім курсам, я пачала прыцягваць агульную ўвагу на ўсіх вечарынах і ўсе сябры просяць, каб я дала ім рэцэпт маёй мігатлівай мікстуры!”
Вядзьмак Д. Дж. Прод з Дідзбёры праведамляе:
“Мая жонка ўвесь час здзеквалася з маіх нямоглых сурокаў, але праз месяц вывучэння па вашаму бліскучаму метаду, я перавараціў яе на яка! Дзякуй, Квікспэл!”
Заварожана, Гары праглядзеў астатняе змесціва канверта. Навошта Філчу карыстацца квікспэлскім курсам? Няўжо ён не з’яўляецца дасканалым чараўніком? Гары толькі паспеў прачытаць: “Лекцыя першае: Кіраванне палачкай (Колькі карысных парадаў)”, аднак пачуў у калідоры шоргаючыя крокі, якія казалі яму аб вяртанні Філча. Запхнуўшы пергаменты ў канверт, хлопчык кінуў яго на стол. Адчыніліся дзверы.
У кабінет з перамогаю на твары завітаў яго гаспадар.
— Гэта знікацельная шафа была вельмі каштоўнай!— радасна заявіў ён Місіс Норыс. — Цяперча, Піўз трапіць нам ў рукі, мая любая.
Яго вочы ўтаропіліся на Гары, потым на квікспэлскі канверт, які, хлопчык запозна гэта зразумеў, быў пасунуты на два футы ўбок са свайго папярэдняга месца.
Бледны твар наглядчыка зрабіўся цагляна-чырвоным. Гары падрыхтаваўся ўжо да новай хвалі лютасці, аднак Філч усяго толькі прашкандыбаў да стала, схапіў канверт і кінуў яго у шуфляду.
— Ты... не чытаў яго..?— запінаючыся ад хвалявання, спытаўся ён.
— Ані, — імгненна збрахаў Гары.
Філч пераплёў між сабой свае вузлаватыя пальцы.
— Калі б я, — прамовіў ён, — даведаўся аб тым што ты чытаеш мае... дакладней не тое, каб мае... гэта аднаго майго сябра... тым ня меньш...
Гары занепакоена глядзеў на наглядчыка, ён ніколі ня бачыў таго настолькі ашалелым. Філчавы вочы вылупіліся яшчэ больш, а на адну з яго абвіслых шчок напала дрыготка ад чаго ані не дапамагаў нават яго клятчаты шалік.
— Добра... — праз некаторы час сказаў наглядчык... — Ідзі... і каб анікому не слова... альбо... канечне, калі ты не чытаў... ідзі, я павінен напісаць рапарт на Піўза... ідзі...
Здзіўлены сваім шчасцем, Гары выслізнуў ад наглядчыка і па сходах кінуўся назад у калідор. Пакінуць кабінет Філча без пакарання, гэта трэба было запісаць для нашчадкаў.
— Гары! Гары! Ну што, спрацавала?
З адной з клас выслізнуў Амаль Безгаловы Нік. За яго спіной Гары ўбачыў рэшткі агромістай чорнай з залатым шафы, якую здавалася нехта скінуў з велічэзнай вышыні.
— Я падбухторыў Піўза, каб той скінуў яе прамкі над кабінетам Філча, — рашуча заявіў Нік. — Вырашыў, што гэта можа адцягнуць філчаву ўвагу ад цябе...
— Дык гэта твая справа?— з удзячнасцю прамовіў Гары. — Дзякуй, Нік, усё добра, я нават пазбег пакарання!