Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара
Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара

Электронная книга - «Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара». Краткое содержание книги:

Гэта пятая кніга рамана, у якой працягваюцца неверагодныя прыгоды герояў і адкрываюцца невядомыя старонкі беларускай гісторыі. Гады пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай. Лёднік — чалец усемагутнай Адукацыйнай камісіі, якая дзейнічае пад патранажам караля… Але гэта не выратуе ад непрыемнасцей. I вось ужо сябры зноў уцягнутыя ў інтрыгі магнатаў. Да Пранціша і Баўтрамея далучаецца падрослы сын Лёдніка Алесь, якому ад бацькі перадаліся незвычайныя здольнасці. Бандзе Чорнага Доктара неабходна разгадаць таямніцу знікнення асістэнткі доктара Лёдніка панны Праксэды. Герояў чакаюць сутарэнні Ашмянскага замка, палёт на паветраным цмоку над карнавальнай Венецыяй, снежная лавіна ў Татрах, гасцяванне ў Пацучынага Караля і жалезная клетка ў замку акрутнай Тэрэзы Радзівіл…
1 ... 37 38 39 40 41 42 43 44 45 ... 101
Перейти на страницу:

І без асабістай просьбы Караля Радзівіла, на якога нібыта рыхтаваў замах Агалінскі, у мясцовы Трыбунал не сунешся.

І вось чарнавусы пан Рысь са світы Пане Каханку, той самы, з-за чыйго ліста заварылася каша, паведаміў: ёсць шанец! Князь прыедзе з Мурана, з загараднага вясёлага дома ў тэатр. Трэба лавіць яго ў ложы.

Вось і слізгалі яны цяпер у гандоле па чорных каналах, пад гарбатымі мастамі, адным з якіх праводзяць вязняў у страшную венецыянскую турму.

«Аморэ! Аморэ!»

І к’янці не трэба, каб ап’янець ад гэтых мігатлівых агнёў і звонкіх руладаў, ад рухавых таямнічых постацяў Каламбін і Смеральдзін — ці пацалунак атрымаеш, ці стылет пад скабы? Заваблівы жаночы смех растае ў вузкім, як сцежка да смерці, завулку, і так хочацца забыцца на ўсё — і бегчы, даганяць кароткае карнавальнае шчасце-ачмурэнне… Хай і вылавяць назаўтра тваё цела ў адным са смярдзючых каналаў незадаволеныя смеццяры — да тваіх мёртвых вуснаў прыліпла шчаслівая ўсмешка, што ператвараецца паступова ў жаласны выскал… Ніхто не зважыць на след ад каралавай памады, што не змыла марская вада з тваёй шчакі, як змыла з тваёй кашулі кроў. Ніхто не будзе шукаць, чый залацісты волас змяіцца між тваіх скурчаных пальцаў.

А ўладарка гэтага золата ўсё гэтак жа смяецца з-пад белай парцалянавай маскі на адным з гарбатых масткоў, і паказваецца з-пад чорнага аксаміту плашча вострая дзюбка серабрыстага туфліка…

Чароўная і згубная, як найлепшае віно, Венецыя!

Ад Пане Каханку сапраўды за тры сажні патыхала віном. Ён, апрануты ў сармацкі строй — серабрысты жупан, гранатавы кунтуш, мусіць, і гузікі на жупане з тым жа надпісам — «fiducia amicorum fortis», асунуўся ў выгодным фатэлі і драмаў, не зважаючы на позіркі.

А пазіралі на ягоную ложу ўвесь час: уладальнік шаснаццаці гарадоў з далёкай Сарматыі быў знакамітасцю. Хадзілі легенды, як на княскіх прыёмах жывыя вераб’і выляталі са шматпавярховых пірагоў, білі фантаны віна, замест напояў у кубках на сталах аказваліся залатыя манеты. Але стравы падаваліся такія тлустыя, цяжкія для страўніка, што толькі ў дзікай сармацкай краіне падобнае могуць есці.

Твар князя быў чырвоны, як і ягоная лысіна, а вочы не адплюшчваліся. Хаця на сцэне на ўсе засаўкі буялі жарсці, і чароўная Беатрычэ ніяк не магла з’яднацца з адважным Фларында. У глыбіні ложы стаілася пышная пані, лена абмахваючыся веерам — відаць, мясцовая княская метрэса, бо Пане Каханку любіў такіх кабетаў, каб адной рукой не абхапіць. Мо таму жвавенькая Тэрэза Ржавуская не выклікала ў яго сімпатыі?

Пан Рысь, таксама ў сармацкім уборы, таптаўся ўшчыльную ля княскага фатэля, не наважваючыся нат перхануць, каб прывабіць увагу ўладара. Так яны да сканчэння спектакля таптацца будуць… Вунь гледачы запляскалі, зараўлі, засвісталі, ухваляючы прыгажуньку, што скончыла руладу, а пан Караль сапе сабе.

А вось свіст проста над вухам. У чатыры пальцы. Тут хочаш не хочаш, вочы адплюшчыш. Князь неўразумела аглядаўся. Пранціш хуценька адсунуў за спіну задаволеную Рэгінку, якая абцірала абсліняўленыя пальцы аб камзольчык, і бухнуўся на калені:

— Пане-дабрадзею, сонца наша!

А чаго ўжо мёду шкадаваць… Краем вока заўважыў, як Бутрым трохі скрывіўся. Ну, давай жа на калені, не да рэспубліканства! Не, не стаў. Толькі галаву схіліў пачціва. Сын гарбара, а фанабэрыі… Зусім сапсаваўся падчас зносінаў з масонам Жыліберам.

Пакуль князь вагаўся, якой ступені гневу заслугоўваюць нікчымнікі, Вырвіч вываліў усё, што мог, перасыпаючы ліслівымі слоўцамі. І што яснавяльможнага князя падступна падманулі шпегі ды змоўшчыкі… І пра горкі лёс абгаворанага Агалінскага ды ягонай няшчаснай дачушкі… І пра доктара Лёдніка, які пацярпеў з-за таго, што збіраўся паслужыць ягонай вяльможнай мосці… І пан Вырвіч, суддзя менскі справядлівы, з-за таго ж пасады пазбавіўся.

— Заторкніся, балбатун, у мяне зараз галава выбухне ад тваёй малатні… Квасу!

Зараз жа, адштурхнуўшы Пранціша, да князя кінуўся слуга з гліняным чорнадымленым збаном, відавочна лепленым дзесь у Ганцавічах.

Князь шумна адпіў проста з гарлача, абліваючы парчовы жупан. Крактануў задаволена.

— Ліцвінскі квас — гэта вам не іхні «лі-ма-на-да», ад якога дупа зліпаецца. Ну, давайце вашы паперы.

Пан Рысь шумна выдыхнуў над вухам Вырвіча: здаецца, вяльможны не дужа ў гневе. Пранціш хуценька працягнуў ліст, напісаны Адамам Брастоўскім.

Радзівіл вывучаў пасланне, а Пранціш крадма вывучаў князя. Той павольна варушыў азызлымі вуснамі, трымаючы ліст амаль ля аб’ёмнага носа з чырвонымі прожылкамі, і Вырвіч успомніў погаласку, што Пане Каханку — невук, дурань прыродны. Літары ледзь у падлеткавым узросце вывучыў, калі адзін настаўнік дапяў выкарыстоўваць іх у якасці мішэняў для стральбы, да якой юны княжыч быў ахвочы. Але князь на імгненне адарваў светла-мутныя вочы ад паперы, укалоўшы позіркам Лёдніка, як пекар трэсачкай працінае пірог, ці ўпёкся… Не, князь быў кім заўгодна, але не дурнем. Цікава, як ён паводзіўся, калі жыў ягоны старэйшы брат-блізнюк? Зайздросціў, злаваўся, намагаўся пераўзысці? Ён ужо тады, у падлеткавым узросце, пачаў збіраць сваё войска, фундаваць банду адданых людзей — падарункамі, панібрацтвам, зваротам да шляхецкіх ідэалаў. Дурань такое не правярнуў бы.

1 ... 37 38 39 40 41 42 43 44 45 ... 101
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)