Кліч роднага звона
- Автор: Далідовіч Генрых
- Год: 1997
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 985-05-0142-1
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Кліч роднага звона». Краткое содержание книги:
Уголас жа, употай падміргнуўшы высокаму старэйшыну злотнікаў, Вежы, род якога ўжо рамеснічае каля двух стагоддзяў:
— Шыкуйце сваю зброю, давайце знак воям — неўзабаве сам выведу ix у поле, у лес ды праверу, ці не затупился мячы i коп'і ды ці не аслабла ў апалчэнцаў рука?!
Знатныя людзі ведалі, што Усяслаў слоў на вецер не кідае, адчулі, што хутка пагамоняць з ім сам-насам, без Расціслава, дык з паклонам адступілі, а задаволены Расціслаў пачаў прыліпаць бліжэй:
— Скаржнікі! Заўсюды ім усяго мала, хоць багацей i за мяне, i за цябе, i за князя! Папусціліся мы ім, прыціскай ix, Усяслаў, мацней! Не давай крактаць, вытрасай з ix больш у княскую казну, на вайсковыя патрэбы! Каторыя, як гэты Вежа, гардавусы. «Мы грошы даём, а князь ix толькі траціць!» Не князь, бач, наш Гаспадар, а яны — гаспадары!
— Праўду ты кажаш,— думаючы пра сваё, прамовіў Усяслаў.— Трэба ўсім нам быць болей ашчаднымі. Трэба менш марнаваць дабра на гулі i ўцехі, а больш мацаваць нашу сілу.
Расціслаў стрэльнуў па ягоных вачах хітрым i дапытлівым позіркам маленькіх вочак: што замышляет ты, супернік-пераможца? Хочаш усё, даверанае мне таксама, узяць пад свой строгі назірк ды змусіць усіх нас не выпіць нават чашы віна?
— Цяпер тут твая воля,— аднак уголас прамовіў нібы з пакораю.— Што загадает, тое i будзе. Уся ўлада ў тваіх руках.
— Мне не трэба ўсёй улады,— схмурыўся ён.— Я ведаю яе смак i сілу, але ведаю яе цяжар ды пагібель.
— Ад улады — ды вялікай — адмаўляецца толькі дурань. А ты маеш разумную i светлую галаву, дык i кіруй намі годна. Мы ж, твае паплечнікі, падтрымаем цябе пад локаць.
«Не быў ты i не будзеш маім паплечнікам,— падумаў Усяслаў.— I локця майго не падтрымліваў i не падтрымаеш, бо ўвесь час бачыш мяне найперш на ражне. Але во хітруеш, паколькі мы цяпер без цугляў сваяка тваёй жонкі!»
— Калі ты такі добрапамысны для мяне, дык мушу сказаць табе шчыра адну рэч,— сказаў з ухмылкай Расціславу.
— Гавары. I, як кажаш, шчыра.
— Мяне вельмі хвалюе наша льняная гаспадарка,— загаварыў пра тое, пра што ўжо казаў i князю, i на Радзе, а цяпер вось чым хацеў найперш абклапаціць Расціславадворскага.— Вялікая наша турбота, што i полацкія, i наўгародскія ды чужаземныя купцы пачалі менш купляць наш лён i менш плаціць за яго.
— Я ж казаў i князю, i вам на Радзе: вінаваты купец Богуш,— шпарка апраўдаўся той,— прывёз тампазалетась хворае семя з Ноўгарада. Не толькі кветку, але ўжо i маладое лісце, сцябло есць льняны вусень. Ды псуе валакно ржаўка.
— Я не думаю, што Богуш — зламыснік. Трэба як найхутчэй лячыць i семя, i поле. А гэта — ужо найперш твой клопат. Нам без добрага льну не абысціся. Ён — наш надзейны прыбытак.
— Лечым, Усяслаў, але...— Расціслаў развёў рукі.— У Ноўгарадзе таксама не могуць пазбавіцца ад льняной злыбяды. А там жа славуты княскі лекар ажно з самой Іудзеі! Абрагам!
— Не трэба грэбаваць нечыім розумам, але i грэшна ды зламысна не абапірацца на мудрасць нашых сталых гаспадароў.
— Не думай, Усяслаў, што я — нядбалец ці лянько,— нібы пакрыўдзіўся той.— Перажываю за гэта, баліць душа, князю, яго лекару, нашым старым гаспадарам вушы прагудзеў, але... Убілася ліха, не вывесці. Грэшны, ужо думаў: ці не спаліць усё хворае семя? Змяніць яго, поле, пацярпець сонцаварот-другі i ўзбіцца на здаровы лён.
— Час цяпер такі, што чакаць доўга няможна.
— Разумею, Усяслаў: час, як ніколі, трывожны,—уздыхнуў той.— Але i мае думы найперш пра нашу гаспадарку, пра нашу моц ды шчаснасць. Цяпер мы, дзяржаўныя мужы, павінны верыць адзін аднаму, памагаць. Ад гэтага толькі будзе толк. Для нас усіх. Ды... Скажу табе шчыра, я ўжо i не помню, калі мы з табой разам сядзелі за чашай віна альбо медавухі... Усё ладзім ды не паладзім...
Усяслаў змаўчаў.
— Цяпер во якраз вечар, хадзем да мяне, пасядзім ды пагутарым па-добраму. Я — не гардавус. I ты не будзь ганаркі.
Усяслаў сумеўся: ён калі-нікалі ўжываў моцнае пітво, але не хацелася рабіць гэта якраз з Расціславам i ягонай Раксанаю. Не былі яны шчырыя ды зычлівыя i не будуць.
— Не грэбуй мной, Усяслаў,— чапляўся той.— Не такі я ўжо благі, як ты часам думает.
Усё ж слабы па натуры чалавек, здаўся Усяслаў, пайшоў разам са сваім злодырам, хоць добра ведаў, што не трэба верыць таму.
— Адпусці, Усяслаў, сваю варту,— цяжка трусіў побач i ўсцешана гаварыў Расціслаў.— У маім доме табе нічога не пагражае. Даю табе сумленнае баярскае i чалавечае слова.
Усяслаў не азірнуўся i не падаў ніякага знаку, помнячы занепакоены наказ Міндоўгавай сям'і,— старты аховы Цішук з дружыннікамі ішоў ззаду моўчкі, а пасля засталіся ў Расціслававым пярэднім пакоі.