Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Серия: Авантуры Пранціша Вырвіча #1
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Редакцыя газеты “Звязда”
- ISBN: 978-985-90277-6-5
- Жанр: Исторические приключения
Электронная книга - «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега». Краткое содержание книги:
Пучыні адвярнуўся, спрабуючы супакоіцца.
— А што, сіньёр Пучыні, вы трымаеце тут якое-небудзь адмысловае італьянскае віно? — роўным голасам папытаўся Лёднік.
Дырэктар неўразумела паглядзеў на яго.
— Вы хочаце выпіць? Але князь не дазваляе…
— Мы хочам выпіць, — падкрэслена прамовіў Лёднік. — Дакладней, менавіта гэтым мы з вамі і займаліся апошнюю гадзіну. Нават чаркі недапітыя не схавалі… Вось такое парушэнне дысцыпліны. Князь, вядома, раззлуецца, але ж не да сячэння галоў…
— Што ж, ваша праўда, лепей такое тлумачэнне для шпегаў, чым ніякага, — італьянец падыйшоў да сакратэру з чырвонага дрэва, павярнуў ключ.
За дзверцай весела збліснула пузатая бутэлька.
— Тасканскае… Каштую ў самыя горкія моманты жыцця.
Паставіў на стол тры чаркі, наліў да паловы.
— Ну што ж, за поспех!
— За поспех! — адгукнуліся Лёднік і Вырвіч.
Апошні глыток віна італьянец не дапіў, выплюхнуў на паркет, прамармытаўшы:
— Табе, Лаўрэнсія… — і звярнуўся да Лёдніка.
— Дарэчы, гер Лотман, даўно хацеў у вас папытацца, чым гэта вы так улагодзілі князя падчас першага агляду? Магія?
Лёднік усміхнуўся.
— Напаіў яго добрай супакаяльнай мікстурай. Ільвіная трава, півоня, валяр’яна… І трошачкі маку. Я з такімі кліентамі не раз сустракаўся. Уяўляеце, ён нават паказаў мне дыярыюш, які ўвесь час з сабою носіць і ў ім замалёўвае голкі, цвікі, аскалёпкі шкла, якія яму дадаюць у стравы.
Калі Пранцысь і Барталамей адсмяяліся, італьянец параіў:
— Паболей маку цяпер дабаўляйце ў князевы адвары, мой дружа.
— Пастараюся, — сур’ёзна прамовіў Лёднік.
Раздзел восьмы
ПАЛЁТ СІЛЬФІДЫ
Як сцвярджаў Парацэльс, Сільфы і Сільфіды — элементалі паветра, па-сяброўску настроеныя да людзей, і нават былі выпадкі, калі яны запрашалі звычайнага чалавека пажыць на сваіх паветраных вастравах.
Але чалавек занадта цяжкі, каб жыць на паветраных вастравах. Яму патрэбна грувасціць камяні на камяні, змацоўваючы збудаванае чужой крывёю.
Лёднік, Пранцысь і малодшы брат сіньёра Пучыні Джавані, чарнавусы вясёлы спявак, любаваліся скрозь прыцемак Слуцкам, які ляжаў пад іхнімі нагамі — у прамым сэнсе гэтага слова. Бо названыя персоны стаялі на даху кутняй вежы, на тым яе схіле, які быў больш пляскаты. Вакол іх грувасціліся прыстасаванні, неабходныя для астранамічна-астралагічна-медычных рытуалаў, мелася нават невялікая падзорная труба, усталяваная на трох дрогкіх ножках, як пачварная жамярына. Санлівае восеньскае сонца амаль схавалася, і заходняе неба фарбавала дахі і муры ў барвовае адценне, нібыта памячала ілбы будучых ахвяраў крывёй. Брамнік Капыльскай брамы празваніў ужо першую чвэрць шарай гадзіны, і жыхары горада пачалі гасіць агонь у сваіх печках. Толькі там-сям свяціліся вокны — рамеснікам дазвалялася працягваць працу пры святле каганцоў і свечак. Замыкаліся нават корчмы. Калі ж які-небудзь наведнік, асабліва натхнёны сустрэчай са шкляным богам, не жадаў пакідаць прыветныя сцены карчомкі, рызыкаваў назаўтра апынуцца на вале і цягаць там зямлю разам з жабракамі, непачцівымі жанчынамі альбо дзёрзкімі падмайстрамі, якіх адправілі на вал у пакаранне за тое, што выпала ім шчасце жыць у слаўным ліцвінскім горадзе Слуцку.
— А калісьці гэты замак належаў Алелькавічам, — задумліва прагаварыў Лёднік. — Вялікі палац пачынала будаваць княгіня Анастасія, удава, якая з мячом у руках стаяла на гэтых мурах… Потым тут пакутвала ціхая княжна Сафія, чакаючы з бясконцых паходаў свайго ганарлівага мужа, Януша Радзівіла. А сёння…
— Сёння тут пануе шалёны тыран! — злосна азваўся Джавані, які гаварыў па-ліцвінску практычна без акцэнту, і Лёднік спыніў на ім зацікаўлены позірк.
— А чаму вы ўвязаліся ў нашу небяспечную справу, Джавані? Вы былі так прывязаныя да жонкі вашага брата? Выбачайце, што пытаюся, але ж мы не на баль збіраемся…
Джаванні сціснуў сківіцы, яго твар раптам набыў жорсткія, вострыя абрысы, як у рымскага легіянера.
— Вы проста не разумееце, у якім жаху мы тут жывем. Паглядзіце на слупы з мерцвякамі… Гісторыя з Лаурэнсіяй — гэта дробязь, князь усяго толькі хацеў пакараць яе мужа, які не выканаў ягоныя распараджэнні па спектаклю. Гэты вар’ят проста не ў стане ўявіць, што чужое жыццё чагосьці вартае… Думаеце, каб мы маглі з’ехаць, тут заставаліся б? — Джавані горка засмяяўся. — О, мадона, колькі разоў мы думалі збегчы! І не толькі мы. Некалькі год таму два курляндскія афіцэры самавольна пакінулі службу ў князя. Дык той не паленаваўся войска падняць. Небарак схапілі, інсцэнавалі смяротнае пакаранне, у апошнюю хвілю памілавалі, і больш пра іх ніхто не чуў… Да ўчарашняга дня. Знаёмы мушкецёр расказаў, што начальнік турмы атрымаў прашэнне: тыя два афіцэры прасілі замяніць ім вопратку і абутак, бо старое ўсё пагніло. Уяўляеце, дзе яны сядзяць, калі нават абутак гніе? — Джавані сплюнуў уніз. — Не хачу сказаць, што я такі смелы, што не баюся патрапіць у такія сутарэнні… Але адзіная надзея для нас — знайсці іншага апекуна. Сапегі абяцалі брату, што абароняць, дадуць працу, узнагародзяць. А калі давядзецца загінуць… Я — мужчына і неапалітанец. Галоўнае, каб хутка.