Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Исторические приключения » Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега

Электронная книга - «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега». Краткое содержание книги:

У прыгодніцка-гістарычным рамане Людмілы Рублеўскай вы сустрэнецеся са збеглым вучнем Менскага езуіцкага калегіюму Пранцішам Вырвічам і доктарам Баўтрамеем Лёднікам з Полацку, якім давядзецца пабываць у сутарэннях Слуцку, Менску і Полацку, выратаваць Сільфіду, паездзіць у жалезнай чарапасе, вынайдзенай Леанарда да Вінчы, здабыць дзіду Святога Маўрыкія і не аднойчы біцца за ўласны гонар і за Радзіму. Тлум прыдарожнай карчомкі, абед у князя Гераніма Радзівіла, змова менскага магістрату супраць Пане Каханку, таямніца полацкага аптэкара Лейбы… Яскравы партрэт эпохі, дзе ёсць месца і сляпому лірніку, і вялікаму гетману, найміту-забойцу і італьянскаму опернаму спеваку, сястры ўсемагутнага магната і прадажнаму суддзі… Вы пераканаецеся, што прыгоды беларускіх герояў не менш захапляльныя, чым французскіх мушкецёраў ці расейскіх гардэмарынаў.
1 ... 37 38 39 40 41 42 43 44 45 ... 100
Перейти на страницу:

Доктар, не выказваючы страху, пакорліва чакаў, што будзе ўгодна князю. Геранім чыркануў лязом па шыі Лёдніка, пакінуўшы драпіну, і прыбраў шаблю.

— Няхай гэта будзе табе памяткай! Тут ёсць толькі адна воля — мая!

Кроў з драпіны афарбавала бялюткі каўнер.

— Ніколі гэтага больш не забуду, ваша княская мосць! — ветліва прагаварыў Лёднік.

— Каб усе лекі былі да раніцы гатовыя! І ўсе пакаштуеш сам, на маіх вачах!

Калі Геранім Радзівіл сышоў, нібыта нават сцены ўздыхнулі з палёгкай. Пранціш і Лёднік не насмельваліся загаварыць, пакуль за імі не замкнуліся дзверы іх пакоя. Доктар нават абапёрся на іх знутры абедзьвума рукамі, шумна выдыхнуўшы, як быццам па той бок засталася пагоня. Пранцысь паваліўся на ложак, шкаляра злёгку патрэсвала. Лёднік наліў вады з мядзянага збана ў місу для ўмывання, зачэрпнуў, энергічна спаласнуў твар, змыў кроў з шыі, злосна сцягнуў парык і цяжка ўсеўся на атаманку. Абодва шпегі адчувалі сябе, як быццам пабывалі ў бойцы з медзвядзём.

— А ты ад Сільфіды зусім галаву страціў, — скрозь стому дакорліва прагаварыў Пранціш. — А сваю купчыху калі шукаць збіраешся?

— А я яе ўжо знайшоў, — глуха прагаварыў Лёднік і дадаў, падпусціўшы атруты ў голас. — А вялікі і абазнаны пан Вырвіч, значыць, свята паверыў, што пазнаёміўся з духам паветра? Так, гэта князь удала прыдумаў — выдаваць Саламею за Сільфіду… Шпегаў з толку саб’е, яшчэ і брата памучае.

Пранціш разгубіўся. Не тое, каб ён успрыняў словы Гераніма Радзівіла ўсур’ёз… Прыгажуня, урэшце, была цалкам зямной, зняволенай і няшчаснай… І ўсё-ткі адначасова па-незямному прыгожай. Вочы яе пазіралі занадта мудра для кабеты… Ну так жа хочацца ў васемнаццаць гадоў паверыць, што сутыкнуўся з нечым надзвычайным! А ўжо супаставіць чароўны вобраз, што адкрыўся за жалезнымі дзвярыма з мноствам засоваў, са старой дзеўкай з Полацку, дачкой звычайнага купца і сяброўкай дзяцінства Лёдніка… Не тое, каб у Пранціша не мільганула і думкі пра Саламею Рэніч, але ён гэтыя думкі рамантычна адагнаў. Таму цяпер і пачуваўся абсалютовым дурнем.

— І як ты мог адмовіцца ад такой? — вырвалася ў Пранціша.

— Я яе не варты, — зноў глуха прагаварыў Лёднік улюбёную фразу і перавярнуўся на спіну, стамлёна заплюшчыў вочы.

Але Вырвічу гэтае самапрыніжэнне надакучыла.

— У нас, калі езуіты ў хор запісвалі, таксама ўсе пачыналі гаварыць: «Вой, ойча, у мяне слыху няма, голасу няма, я б і рады, але ж спяваць не ўмею, слых шаноўнай публіку абражаць буду… Няварты я такога гонару». А насамрэч проста нікому не хацелася лішніх клопатаў: вольны час на рэпетыцыі траціць, падчас канцэртаў залівацца салавейкам…

Лёднік нічога не адказаў на гэтую рэпліку, відаць, яна дастала да балючага. Ляжаў нерухома, маўчаў хвілінаў дзесяць. Потым азваўся сухім голасам:

— Гэты вар’ят яе замучыць. Трэба неадкладна брацца за справу.

Справа — гэта значыць, ратаваць Рэнічаўну? Але як? Пранціш нічога не сказаў, каб не падацца баязліўцам, але пакуль ніякага прыстойнага плану яму ў галаву не прыходзіла. Па стромай сцяне вежы нават ён не змог бы ўскараскацца. А варта ў палацы на кожным кроку… Лёднік, відаць, пра гэта таксама думаў, таму й быў змрочны, як апошні цмок у возеры.

Па іх прыйшлі з загадам, што новы доктар павінен перабрацца ў пакоі старога. І тут з’явіўся цень надзеі, бо вылучаны ім пакой, падзелены на дзве часткі, з ложкам пад аксамітным балдахінам колеру старой лістоты, з камінам, аблямаваным плінфай з выявамі чорных арлоў і зялёных вінаградных гронак, быў у Вялікім палацы, і знаходзіўся якраз побач з вежай. Пранцысь заўважыў, як прасвятлеў твар Лёдніка, але па-ранейшаму не мог уцяміць, чым гэта дапаможа… Да вакна Рэнічаўны можна было ўзляцець толькі на крылах! Хіба стралу ў яго паслаць з вяроўкай? Пранцысь высунуўся з іх вакна, прымерыўся… Не, ніяк не атрымаецца, відаць толькі самы край аконнага праёму… А стаць сярод двара і цэліць у вакно, ці лесвіцу падстаўляць да сцяны, пад якой і ўдзень, і ўноч праходзяць гвардзейцы — можна адразу самому на слуп прыбіцца, каб катаў не турбаваць.

Назаўтра Лёднік абвесціў невыносна камандзірскім тонам:

— Табе, пан Вырвіч, дастанецца самая прыемная частка нашай прыгоды: пойдзеш са мной у тэатр. Мяне запрасілі падлячыць некалькі артыстаў.

— І што я там павінен буду рабіць? — ажывіўся Пранціш.

— Проста паглядзіш на рэпетыцыю. Атрымлівай насалоду, пакуль ёсць магчымасць, — усміхнуўся Лёднік. — І не ўздумай нешта рабіць сам па сабе. А галоўнае — што б ні рабіў я, не зважай. Адыдуся — не круці галавой, не пытайся, куды падзеўся. Я сам за табой вярнуся. Ясна?

1 ... 37 38 39 40 41 42 43 44 45 ... 100
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)