Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Исторические приключения » Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега

Электронная книга - «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега». Краткое содержание книги:

У прыгодніцка-гістарычным рамане Людмілы Рублеўскай вы сустрэнецеся са збеглым вучнем Менскага езуіцкага калегіюму Пранцішам Вырвічам і доктарам Баўтрамеем Лёднікам з Полацку, якім давядзецца пабываць у сутарэннях Слуцку, Менску і Полацку, выратаваць Сільфіду, паездзіць у жалезнай чарапасе, вынайдзенай Леанарда да Вінчы, здабыць дзіду Святога Маўрыкія і не аднойчы біцца за ўласны гонар і за Радзіму. Тлум прыдарожнай карчомкі, абед у князя Гераніма Радзівіла, змова менскага магістрату супраць Пане Каханку, таямніца полацкага аптэкара Лейбы… Яскравы партрэт эпохі, дзе ёсць месца і сляпому лірніку, і вялікаму гетману, найміту-забойцу і італьянскаму опернаму спеваку, сястры ўсемагутнага магната і прадажнаму суддзі… Вы пераканаецеся, што прыгоды беларускіх герояў не менш захапляльныя, чым французскіх мушкецёраў ці расейскіх гардэмарынаў.
1 ... 44 45 46 47 48 49 50 51 52 ... 100
Перейти на страницу:

Саламея ласкава ўсміхнулася разлаванаму шкаляру, чамусьці толькі на адной яе шчацэ, левай, утварылася ямінка, Пранціш сумеўся.

— Гэта твой вучань, Бутрым?

— Не зусім… — Лёднік паглядзеў на Пранцыся амаль бездапаможна, але Вырвіч не збіраўся прыніжаць яго ў вачах прыгажуні.

Тым больш папера пра куплю алхіміка засталася ў Сапегі, перададзеная на захаванне ягонаму камердынеру ў невялікім клунку асабістых рэчаў, разам з нататнікам Вараняці і шляхецкай шапкай Вырвічаў.

— Гэта… гэта высакародны юнак, якога даверылі мне дзеля выхавання. Ягонае сапраўднае імя — Франтасій.

— Пранціш, — ганарліва ўдакладніў шкаляр. — Пранціш Вырвіч, гербу Гіпацэнтаўр.

Сільфіда нават уздрыгнула, пачуўшы гучнае шляхецкае імя, яшчэ раз усміхнулася шкаляру, на гэты раз больш скавана, і схілілася ў паклоне.

— Прабачце, ваша міласць, я не ведала, хто вы. І вы рызыкуеце дзеля мяне, ваша міласць…

Пранціш паціснуў плячыма і прыняў важны выгляд, хаця яму больш было да спадобы, каб Сільфіда называла яго і надалей «мілы хлопчык». Але тая глядзела на доктара.

— Даўно хацела цябе спытаць… Гэта адкуль?

Яе пальцы кранулі шнар на ілбе алхіміка.

— Адзін шляхціц распісаўся, — незадаволена адказаў Лёднік.

— А гэта? — Саламея асцярожна правяла пальцам па яшчэ свежай драпіне на шыі.

— Другі шляхціц распісаўся.

— І шмат на табе такіх… арыстакратычных роспісаў? — у голасе Сільфіды пад насмешкай чуліся шкадоба і горыч.

— Не мае значэння… Урэшце, за тое, чым я займаўся, трэба расплочвацца. І дзякуй Госпаду, што спыніў мяне… — Лёднік перахрысціўся. — Чым глыбей мы былі ў прорве — тым мацней нас трэба цягнуць наверх. І вялікая няўдзячнасць — скардзіцца, калі ад моцнай выратавальнай рукі засталася пара сінякоў.

Доктар спыніў непрыемную размову і дастаў з-пад ложка клунак, у якім аказалася нейкая дзіўная вопратка: шаравары з паркалю, кацавейка, стракатыя анучы…

— Павінен засмуціць цябе, Саламея, у бліжэйшыя гадзіны ты будзеш мурынкай.

Тая ціха засмяялася.

— Пасля ролі Сільфіды ты мяне нічым не засмуціш.

Хутка замест Саламеі Рэніч у пакоі стаяла дзіўнае стварэнне, захутанае ў танную стракатую тканіну, наматаную паўзверх тоўстай кацавейкі. Лёднік задаволена агледзеў кабету:

— Постаць непазнавальная. Цяпер фарба…

Намацаў у клунку круглы слоік, зняў накрыўку…

— Вырвіч, гэта што?

Пранціш схіліўся над слоікам. Нават у прыцемку было відно, што фарба — не чорная і не брунатная, а чырвоная. Шкаляр засмуціўся.

— Джавані паказаў, дзе браць, сказаў, будзе напісана «для эфіёпаў».

— Гэта, па-твойму, слова «эфіёпы»? — злосна прашыпеў Лёднік. — Невук! Гэта для індыянаў! Чырвонаскурых!

Але не было часу высвятляць адносіны. Алхімік выклаў трохі фарбы ў сподак, затым дастаў з кішэні маленькую бутэлечку, высыпаў у фарбу яе чорнае змесціва з рэдкімі залацістымі іскрынкамі, перамяшаў проста пальцам, і скамандваў Саламеі:

— Павярніся да мяне!

Правёў па яе шчацэ цёмны пасак, акуратна расцёр, правяраючы адценне, асцярожна прыбраў пазногцем залатую іскрынку.

— Заўсёды марыў беспакаранна перапэцкаць твой тварык!

— Бутрым, што ты робіш? У каміне навалам сажы! А гэта ж… — Пранцысь зразумеў, што за бутэлечку апрастаў Лёднік.

— Гэта ўсяго толькі попел, і тут яму самае месца, — цвёрда сказаў Бутрым, размазваючы па белым твары сяброўкі дзяцінства алхімічнае золата, за якое аддаў дзесяць гадоў жыцця і сябе самога ў дадатак.

Цяпер у цемры твар Саламеі можна было, бадай, прыняць за мурынскі, калі б, вядома, не сінія вочы. На галаву ёй накруцілі палатно. А зверху Лёднік накінуў радно:

— Прыкрывай твар і рукі, каб дождж фарбу не размыў. Аснова тлустая, але ўсё-ткі лепш не рызыкаваць. І вочы свае валошкавыя не падымай.

Можна было б над гэтым маскарадам пасмяяцца, але не цяпер…

Лёднік узяў свечку, падыйшоў да вакна, сарваў аксамітную парцьеру, правёў свечкай справа налева нейкую загагуліну і зараз жа патушыў агонь. Дзесьці далёка ў цемры запаліўся агеньчык, які таксама апісаў зігзаг і згаснуў.

— Усё, цяпер будзем напагатове…

Дождж адбіваў шалёны рытм нялюдскіх скокаў. Заставалася няшмат часу, а пытанняў было, як маку ў смаргонскім абаранку.

— Як ты даведаўся, дзе я знаходжуся? — прашаптала Сільфіда. — Я думала, самлею, калі пабачыла цябе…

— Калі мяне арыштавалі за шарлатанства, — усміхнуўся Лёднік, — то дэкляравалі, што будуць судзіць разам з яшчэ адной… вядзьмачкай.

— Мне трэба было быць асцярожней… — сумна прашаптала Саламея. — Падарожны папрасіў дапамогі. Маўляў, вочы забалелі, моцы няма. І я ж бачыла — нармальныя вочы, можа, кулаком нацёртыя. Дала слабое содавае расчынне — абы адчапіўся. Гэта ж зусім бясшкодна, хоць пі, хоць умывайся… А назаўтра — усё, цягнуць у суд. Аслеп! І аказалася — падарожны са Слуцку, адзін з княскіх паюкоў. Ясна, што адмыслова падасланы… Толькі дзядзька Лейба, аптэкар наш, засведчыў, што я бясшкодныя лекі дала — але яго добра пужанулі, каб змоўк. Дый што ягонае сведчанне ў судзе каштуе. І мяне хуценька звезлі ў Слуцк, бо я пакалечыла слугу слуцкага ардыната.

1 ... 44 45 46 47 48 49 50 51 52 ... 100
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)