Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 978-5-9691-0429-7
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
Што да Венгрыі, дык немцы ўсю зіму грамілі там два ўкраінскія франты — Маліноўскага і Талбухіна. Калатнеча была страшэнная, але яна засталася амаль невядомай у Саюзе, замоўчанай савецкімі СМI. Толькі пасьля апублікаваньня мэмуараў маршала Маліноўскага стала відаць, што абстаноўка ў Венгрыі склалася тады катастрафічная. Немцы разграмілі некалькі нашых армій (асабліва дасталося 3-му Украінскаму фронту маршала Талбухіна), выйшлі да Дунаю. Мяркуючы па ўсім, Сталін ня ведаў, як ратаваць фронт, і, паводле сьведчаньня Маліноўскага, даў права яму і Талбухіну вырашыць: пакідаць фронт на правым беразе ці эвакуяваць яго на левы. А што такое — эвакуяваць фронт? Гэта ж маса войска, тэхнікі, зноў жа — тылы. Пераправы ж былі ўсяго дзьве, — пантонныя цераз Дунай. I Маліноўскі піша, што яны з Талбухіным прынялі рашэньне эвакуяваць, каб выратаваць фронт. Але ў тыя дні якраз пайшоў лёд па Дунаі, шуга, якія і зьнесьлі абедзьве наплаўныя пераправы. Такім чынам, фронт павінны быў ратаваць сябе сам. Там шмат загінула, а мы ўратаваліся. З ранейшай маёй дывізіі мала каго засталося. Зараз наладжваюць сустрэчы франтавікоў, і я кожны раз пытаюся, хто ёсьць з 924-га палку? Некалькі тылавікоў, доктар з санчасьці ды тыя, хто, як я, выбыў па раненьні ў сьнежні.
I вось я ваюю ў артылерыйскім супрацьтанкавым палку. Увогуле, малапрыемная справа апынуцца сярод незнаёмых людзей у якасьці новенькага, да каго ўсе прыглядаюцца, бы правяраюць. Я ўжо ведаў тое паводле ранейшага вопыту і стараўся не спудлаваць. Тое, што звычайна даравалася свайму, сталаму, наўрад ці даравалі б новенькаму. Гэта ў рознай ступені адносілася як да начальства, так і падначаленых, роўных табе таксама. Сталы можа дзе і спалохацца, лішне засьцерагчыся, новенькі ж ня мае на тое права.
А ўжо калі спатрэбіцца кім ахвяраваць, ці кім рызыкнуць, дык тут новенькі будзе якраз дарэчы.
Але тое няпроста, як і ўсё на вайне. Найперш таксама аказваецца, што нашыя 76-мм гарматы супраць танкаў малаэфэктыўныя. Увогуле тая гармата — не супрацьтанкавая, проста яе выкарыстоўваюць у гэтай якасьці. Бо іншых няма. Адлегласьць прамога стрэлу ў яе малая, прабойная сіла снараду таксама. Прыцэльныя магчымасьці кепскія — горшыя, чым у саракапяткі. Наогул якасьць зброі — заўсёды наша самае злабадзённае пытаньне. У шпіталі ці дзе ў зацішку мы болей за ўсё пра тое гаворым — якая гэта дрэнь нашы аўтаматы, кулямёты, гарматы ды і танкі. Але на палітзанятках пра тое сказаць немагчыма, бо ва ўсіх газэтах напісана, што наша зброя лепшая за нямецкую, што ў немцаў усё дрэнь ды эрзацы. I хлеб, і мыла, і кава. Ды яшчэ сьмярдзючы дуст, якім яны перасыпаюць усё ў бліндажах. Куды лепей, як мы, вошы смажыць у бочках. Часам нам чытаюць загады пра выпадкі, калі некаторыя афіцэры асуджаны вайсковым трыбуналам за пахвалу нямецкай зброі. Тым болей нямецкай тактыкі. Нашая тактыка таксама лепшая за нямецкую, чуем мы, і толькі некаторыя з нас пры тым крыва ўсьміхаюцца. Але маўчаць.
Тады мы таксама займалі ПТОР — гэта значыць, разьмяшчаліся на танканебясьпечным напрамку, на прамой наводцы. Да пярэдняга краю, можа, кілямэтры два. Стаім, відаць, з тыдзень. Увогуле спакойна, хіба толькі даймае нямецкая авіяцыя. Але дзе яна не даймае? Цераз дарогу ад маіх гарматаў разьмяшчаюцца агнявыя пазыцыі майго сябра лейтэнанта Беражнога, які дужа любіць кніжкі, заўсёды нешта чытае. Я таксама люблю пачытаць. Неяк узяў у яго «Сястру Кэры» Драйзера, але прачытаць не пасьпеў, і ўвечары ён прыйшоў да мяне па кніжку. Я папрасіў адтэрміноўкі, і Беражны пайшоў на свае пазыцыі.
А ранкам прачынаюся ў зямлянцы (зямляначкі ў нас былі дужа саплівенькія). Прачынаюся ад прадчуваньня таго, што нешта здарылася. Сьпярша не магу зразумець, што? Страшэнны роў, дым і агонь. Выскокваю зь зямлянкі і зноў не магу зразумець нічога. Нічога не відаць, дым ёсьць вочы.
Зьверху нешта абрушваецца, падае, вые. Быццам сырэны. Аказваецца, пікіруюць «месэршміты». А ў нас на агнявой была скрынка ракет — звычайных для ракетніц на выпадак начной стральбы. Дык самалёты абстралялі і падпалілі ракеты. Тыя гараць і ўзрываюцца. Асколкаў няма, але… Ракеты там асьвятляльныя, каляровыя, букетныя, усё гэта гарыць, пыхае, ірвецца, і роў абрынаецца зьверху. Адзін самалёт адыдзе, за ім пікіруе другі, і з кулямётаў лупяць. Я ўжо ня памятаю, ці яны адляцелі, ці яшчэ пікіравалі, але мы пачалі тушыць пажар. I вось тады да нашага слыху данеслася, што насоўваецца і горшае. Зямля хадуном захадзіла, дрыжыць і, канешне, — знаёмы гул. Калі ветрам трохі аднесла дым ад гарэлых ракетаў, зірнуў я на дарогу, што была збоч. А трэба сказаць, полк разьмяшчаўся так: дзьве батарэі з гэтага боку, тры з таго. Тое называецца — асядлаць дарогу. Дык вось па той бок дарогі за пасадкай прэ натоўп танкаў. Здалося, менавіта натоўп, ідуць суцэльным гуртам, бы каровы на вадапой. Ніякага там баявога парадку, толькі пярэднія страляюць з гарматаў. Вось так, не спыняючыся, прайшлі і палову нашага палку, бы зьлізалі. Бы яго і не было — ні гарматаў, ні машын, ні людзей. Тут да мяне прыбягае камбат, старшы лейтэнант Ахрын (жыве ў Нікалаеве, зрэдчас мы перапісваемся): «Вытасківай пушку, падагнаць машыны!.. Матаем адсюль!» Падагналі «студэбэкеры», выцягнулі гарматы і некуды ўбок. Па рацыі камандзір палку загадаў — наперарэз танкам. Але тут трапілі ў нейкае забалочанае кустоўе, машыны пачалі грузнуць, пасьля прабіраліся па зарослых дубняком пагорках. Вядома ж, спазьніліся куды трэба было і трапілі пад абстрэл з танкаў, якраз на палявым касагоры, які выдатна прастрэльваўся зь сяла. У нас было машынаў дваццаць, гармат меней — дзьве батарэі. I мы рашылі, што трэба прарывацца па адной машыне. Машына разганяецца і як мага шпарыць па касагоры, а танкі страляюць. Так адна пройдзе, а другую спаляць. Я праскочыў, не пацэлілі. Iншых пападбівалі і папалілі…