Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Серия: Авантуры Пранціша Вырвіча #1
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Редакцыя газеты “Звязда”
- ISBN: 978-985-90277-6-5
- Жанр: Исторические приключения
Электронная книга - «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега». Краткое содержание книги:
Пфальцман збляднеў і выцер лоб насоўкай, працягваючы захоплена-прыніжана ўсміхацца. Лёднік толькі моўчкі схіліўся, а Пранціш зноў адчуў ганебны для шляхціца страх: вар’ят! Гэты Геранім сапраўдны вар’ят! Не менш, чым ягоны брат. Ці справіцца на гэты раз Лёднік? Гэта ж не чалавека лячыць… Што за пачвару ці прывіда князь у сябе трымае?
Раздзел сёмы
СІЛЬФІДА СЛУЦКАГА ЗАМКУ
Да Сільфіды трэба было падымацца на верхнюю пляцоўку правай вежы. Там знаходзіліся акаваныя жалезам дзверы з замкамі і засовамі, ды яшчэ два вартавыя мэнчыліся. Пфальцман застаўся на лесвіцы, справядліва лічачы, што чым менш магнацкіх таямніцаў ведаеш, тым даўжэй пражывеш. Дзверы цяжка расчыніліся, нібыта вечка ўсыпальніцы. Першым зайшоў князь, за ім — Лёднік і Пранціш.
Убранне невялікага пакоя было падобным да ўсходняй казкі: пяшчотных колераў шаўковыя шпалеры і покрывы, карункавыя фіранкі, чырвоны пухнаты кілім, на ім рассыпаныя яркія аранжарэйныя кветкі… Святло прасявалася скрозь вітражы — малюнак на іх выяўляў кветкі лілеі. Паветра, здавалася, можна пакратаць рукою, бо ў ім таньчылі, звіваліся, раставалі струменьчыкі дыму ад усходніх курэнняў. Дадавала прыкрага мёртвага водару нібы знятая з вітража вялізная кветка лілеі ў срэбнай вазе. Але ўся гэтая раскоша не заўважалася пры поглядзе на істоту, што нерухома сядзела на засланай белым кілімам канапе і безуважна пазірала перад сабой вялізнымі сінімі вачыма. Пранцысь аж спатыкнуўся… Яму стала б крыўдна за Паланэйку Багінскую, якая на фоне гэтай жанчыны, нашмат за яе старэйшай, здавалася гэткай звычайнай кірпаносай дзеўчынёхай, каб ён загадзя не ведаў, што мае справу з істотай незямнога паходжання. Сільфідзе — можна быць такой гожай.
Стыхійны дух быў апрануты па апошняй палацавай модзе — белая сукенка з шоўку і карункаў, неверагодна тонкі стан, зацягнуты ў гарсэт, высокі парык, упрыгожаны перлінамі, набелены і нарумянены твар, падведзеныя чорным выгінастыя броўкі, мушка на правай шчацэ… Дыяменты ззялі на дасканалай скуры пані гэтак натуральна, як раса на пялёстках белай ружы. У яе абліччы былі і вытанчанасць, і веліч, якая можа сыходзіць толькі знутры, з душы. Праўда, калі першае захапленне прайшло, Пранцысь заўважыў, што Сільфіда сапраўды пачуваецца не дужа добра: на твары з тонкімі, нібыта вытачанымі рысамі заўважныя дарожкі, якія ўтвараюцца на пудры ад слёз, вялікія вочы з даўжэзнымі чорнымі вейкамі пачырванелыя, дасканалыя вусны — з горкай складкай… А рукі такія тонкія, белыя, аж празрыстыя. І нат не зварухнулася, позірк не перавяла, як быццам зусім страціла ахвоту да жыцця.
Князь Геранім загаварыў, намагаючыся змягчыць голас:
— Даражэнькая, я прывёў выдатнага доктара. Яго завуць гер Барталамей Лотман, ён немец, не разумее ні слова па-нашаму, так што не спрабуй з ім загаварыць, не траць дарма сілаў. Але ён неадменна дапаможа табе пачувацца больш бадзёра! У нас жа яшчэ столькі спраў, дарагая мая панна!
Пры апошніх словах гаспадара палаца Сільфіда трохі падала прыкметы жыцця, куточкі яе вуснаў пакрывіліся. Лёднік, які, падобна, быў уражаны выглядам незямной істоты яшчэ больш за Пранцыся, да зласлівай радасці апошняга, наблізіўся да стыхійнага духу і павольна апусціўся перед ім на калена, так, што ягоны твар апынуўся проста перад сінімі сумнымі вачыма… І тыя раптоўна пашырыліся, у іх нешта палыхнула, ад чаго Сільфіда падалася яшчэ больш прыгожай. Яна перарывіста ўздыхнула і трохі адкінулася назад.
— Не бойся, даражэнькая, доктар не зробіць табе нічога кепскага, — супакойваюча прагаварыў князь Геранім.
Але Пранцысь бачыў, што ў вачах Сільфіды быў не спалох, а… нешта іншае. Між тым Лёднік асцярожна, як быццам дакранаўся да крохкага крышталю, узяўся за тонкую руку Сільфіды. Намацаў пульс, пяшчотна-пяшчотна, нібы лашчачы злоўленую птушку… Потым праверыў пульс на другой руцэ… Пранцысь стаяў збоку, таму мог бачыць, у адрозненне ад князя, што Лёднік і Сільфіда неадрыўна глядзяць адзін аднаму ў вочы, нібыта вядуць нячутную іншым размову. Вось жа доктар-прайдзісвет… Нават са стыхійным духам паразумеўся!
Між тым Лёднік асцярожна адпусціў руку Сільфіды, Пранцысю падалося, нават злёгку яе паціснуўшы, і схіліўся ніжэй… Як нейкі святарны покрыў, адгарнуў наверх падол сукенкі з белай шорсткай парчы, адкрыўшы ножкі панны ў мізэрных, шытых срэбнымі нітамі, туфліках. І Пранцысь пабачыў, што да левай ножкі незямнога стварэння прымацаваны тонкі бліскучы ланцуг, які другім канцом заходзіў пад канапу. Лёднік асцярожна памацаў ножку, зняволеную бранзалетам ад ланцуга, і павярнуўся да князя: