Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Серия: Авантуры Пранціша Вырвіча #5
- Язык: белорусский
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара». Краткое содержание книги:
Былыя сябры па Менскім езуіцкім калегіюме абняліся. Ну так, у Міхаські яшчэ там было прозвішча «Гулец», што, уласна кажучы, на лаціне і ёсць «Лудус».
Значыць, здзейсніў свой намер стацца каралём шулераў.
— Чаму ж не выбраць ролю ваўка, а не авечкі, якую стрыгуць, — выскаліўся граф Лудус, калі яны сядзелі ў шыкоўным гаспадарскім пакоі з непустымі келіхамі ў руках, і граф атрымаў пасылку — свой працэнт ад «Залатога льва», і настаў час успамінаў і прызнанняў старых сяброў.
Лёднікі з Рэгінкай, якую прадставілі як Антонія, малодшага сына доктара, далікатна перайшлі ў іншую залу, любавацца бібліятэкай і калекцыяй зброі.
— Праз што прыйшлося прайсці — не пытайся. I абдзіралі як ліпку, і збівалі за занадта ўдалую гульню. Пальцы ў кроў сціраў, штукарствы засвойваючы.
Вырвіч адразу ўспомніў Лёдніка, які валодаў гэтай жа здольнасцю — не шкадаваць сябе, каб засвоіць нейкае ўменне.
— Ну, пабачыце Эрнэста — перадавайце вітанне. Удала я ўклаўся ў ягоную карчму. Грошы лішнія меліся, якраз тады ў Вільні пана Міхала Брастоўскага добра аблупіў.
Вось хто вінаваты ў бядотным становішчы падскарбія літоўскага!
Вырвіч адпіў віна, ягоны келіх адразу напоўніў матэрыялізаваны нібыта з паветра лёкай. Паколькі Лёднік больш не сачыў дакорліва за кожным глытком, віно ў горле не перасядала.
Галава пачала ўжо трохі круціцца. Ды хіба ён не шляхціц, не можа даць сабе волі ў сяброўскай бяседзе? Ты не стрыяшка і не вуяшка, будзь здаравенька, пляшка!
Граф Лудус прыжмурыў хітрыя светлыя вочы — а ладны дзяцюк стаў, плячысты. Сапраўдны граф. Твар спешчаны, напудраны, парык модны з тупеем, кашуля галандская, камзол шэры парчовы.
— Дык і ў цябе, Пранціш, вялікія здольнасці да гульні. Няўжо занядбаў? Зброя і карты — тое, чым павінен дасканала валодаць шляхціц. А ты, мусіць, зусім развучыўся. Любы шчаўлік абыграе.
Пранціш весела падміргнуў:
— Не раіў бы тваім шчаўлікам са мной калоду перакідваць. Тое-сёе магу.
— Ну давай, пакажы! Успомнім шкалярскія гады!
Міхаська ўсміхаўся так ветла, віно было такім заборыстым, што Пранціш сам не заўважыў, як аказаўся за сталом з яшчэ двума гульцамі. Адзін, немалады і насаты, гаварыў з нямецкім акцэнтам, другі, малойца ў залацістым касцюме, меў на шчацэ шнар, які не магла цалкам прыкрыць маска.
Пачалі ў фараона, гульню самую модную, хоць у многім ад Фартуны залежную, а не ад майстэрства. I Вырвіч праявіў сябе сапраўдным улюбёнцам Фартуны. Стопкі талераў высыпаліся перад ім, цэлая залатая горка! Малойца ў залацістым касцюме і немец ажно за парыкі хапаліся. Лёкай не забываўся папаўняць Пранцішаў келіх, Міхаська глядзеў з сапраўдным захапленнем… Не заняпаў былы шкалярскі правадыр, не страціў спрыту!
Урэшце малойца паставіў на кон цэлую вёску. I прайграў! А перад гэтым на рахунку Пранціша аказалася карэта немца. Ашалелы Вырвіч не мог ачомацца. Цяпер яму не трэба будзе пераймацца, што жыве ў жончыным маёнтку, ажаніўся з багацейшай. Падобна, на выйгрыш ён зможа збудаваць цэлы палац!
А потым набытае багацце пачало неяк раставаць. Вырвіч разгублена глядзеў на апошнюю залатую манетку, якую, аднак, зараз жа спрытна падгрэбла чужая рука.
— Ну, яшчэ разок? — Міхаська ўсміхаўся так весела, што ўсё здавалася сном. — Давай, Пранціш, братка, у мяне прыкмета дакладная: Фартуна зноў усміхнецца!
Вырвічу і абмацваць кішэні не трэба, ведаў, што пуста. Зразумела, ён — чалавек самавіты, не тое, што тыя, хто да кашулі прайграецца. Ставіць на кон цесцеў маёнтак ды жончын пасаг не збіраецца. Ёсць спакуса ў Лёдніка, галоўнага скарбніка кампаніі, грошай пазычыць, але былы прафесар толькі лекцыю прачытае, як студыёзусу.
Графу Лудусу Вырвічавы парыванні былі ясныя, бы крайчаму — гатунак віна.
— Ну якія рахункі між старымі сябрамі? Хіба ж я не паверу свайму аднакласніку, з якім разам у вокны калегіюма лазілі? Давай штосьці ўмоўнае ў заклад. Ну, дапусцім мы ацэнім у сто тысяч злотых пацалунак тваёй жонкі. Ці што да кожнага з тых, хто выйграе, прыйдзеш пешкі з хамутом на шыі і ў ручку цмокнеш, ці што твой спадарожнік, надзьмуты такі, тут карты параздае.
Вырвіч зарагатаў: так смешна агучваў Міхаська неверагодныя прапановы! Адразу ўспомнілася, як яны разам прыдумлялі страшныя клятвы, якія мусіў даваць кожны чалец іхняй банды ў калегіюме. Уласныя зубы ў бот ссыпаць, пячонку змеям скарміць. Ну, Дамініку ў любым выпадку ўмешваць сюды нельга. I з хамутом на шыі нават жартам сябе ўявіць немажліва. Вось Лёднік з ягонай злавеснай поснай фізіяноміяй, які раздае карты — гэта смешна!
Пранціш адсёрбнуў віна. У вушах шумела. Ну, давай, Фартуна, дары сваю ўсмешку! Жалуды і кубкі на картах мітусіліся, як мурашкі.