Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе
- Автор: Алексиевич Светлана Александровна
- Год: 2015
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- ISBN: 978-0-929849-78-2
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Краткое содержание книги:
У кнізе сабраныя матэрыялы, якія больш чым два дзесяцігодзьдзі гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.
У кнізе скарыстаныя фатaздымкі Ўладзя Грыдзіна, Багдана Арлова, Аляксандры Дынько, AFP.
© Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015
А так у мяне прадзед, дзед, бацькі — вясковыя настаўнікі. Я спадзяюся, што мяне не нагэтулькі лёгка зламаць у гэтым жыцьці. Я спадзяюся, у мяне ёсьць генэтычная раўнавага, і я вельмі берагу яе. Не хацела б яе страціць.
Добры дзень, Сьвятлана. Якія галоўныя праблемы сёньняшняй беларускай літаратуры? Дзякуй.
Алексіевіч: Праблема беларускай літаратуры ў тым, што няма беларускай літаратуры. Мы маем сёньня разгубленае, дэпрэсіўнае грамадзтва і разгубленых пісьменьнікаў. Некаторыя маладыя пісьменьнікі яшчэ спрабуюць нешта сказаць, але гэта больш падобна на літаратурныя гульні або на ілюстрацыю нацыянальных ідэй. Пісьменьнікі больш старэйшых пакаленьняў, яны глуха змоўклі. Той інструмэнт, які быў напрацаваны — у ранейшым супрацьстаяньні, у савецкай сытуацыі — сёньня не працуе, таму што сёньня супрацьстаяньні зрушыліся больш у экзыстэнцыйны бок. У нас спынены гістарычны час. Можна сказаць, што Беларусь — гэта музэй. Паедзеш ва Ўкраіну — там зусім іншыя працэсы. Там ёсьць рух. У нас час спынены ўладай.
Але разам з тым калі я гутару зь людзьмі, я бачу, што грамадзтва і людзі асобныя разумнейшыя і за сваю эліту, і за сваю ўладу. Я думаю, што гэта выклікае надзею ў тым пляне, што мы — нацыя патэнцыялу. Гэты патэнцыял назапашваецца і ўмацоўваецца. Рана ці позна ён неяк прарвецца.
Галоўная праблема ў літаратуры — гэта тое, што няма новых ідэй. Нацыянальна арыентаваныя, жорстка арыентаваныя людзі і групы, яны таксама, на жаль, ня могуць прадставіць новых ідэй. Мне падабаецца часопіс ARCHE і газэта «Наша Ніва», а асабліва іх перадрукі з польскай, чэскай пэрыёдыкі, філязофскай думкі. Яны спрабуюць намацаць для нас нейкія ідэі і шляхі, але гэтая праца ідзе слаба. Ва ўсякім выпадку, літаратурнага эквіваленту мы пакуль ня маем.
Самая моцная рэч, якую я прачытала, гадоў сем гадоў таму, гэта была аповесьць «Любіць ноч — права пацукоў» Юрыя Станкевіча.
Сьвятлана, якое ваша стаўленьне ды сытуацыі з двума пісьменьніцкімі саюзамі ў Беларусі?
Алексіевіч: Вельмі добра сказаў пісьменьнік Анатоль Кудравец падчас аднаго з судовых пасяджэньняў. Ён сказаў, што ў 1937 годзе, калі з 500 членаў Саюзу пісьменьнікаў засталося не рэпрэсаваных, не пасаджаных, не расстраляных — усяго 12 чалавек, будынка ў іх ніхто не забраў. Будынак захаваўся. Сёньня мы маем трыюмф хама, разгул культурнага бандытызму, які стаў ужо амаль што бытавой зьявай нашага жыцьця. Самае неверагоднае, што ўсе з гэтым зьмірыліся і зжыліся. Гэты факт нашага бясьсільля таксама вельмі паказальны.
Вядома, калі ім не падабаецца «апазыцыйны» Саюз пісьменьнікаў, яны ствараюць свой Саюз пісьменьнікаў, пры тым, што ніводзін сур’ёзны, вялікі пісьменьнік туды не ўвайшоў. Напрымалі туды людзей з рэгіёнаў амаль у загадным парадку, нейкіх чыноўнікаў. Гэта поўны дэспатызм. Адзінае, што можа быць нам падтрымкай і суцяшэньнем — час не спыніць. Спрэчкі цара і людзей мастацтва вядома чым скончацца — перамогай людзей мастацтва. Час не спыніць. Але трэба прызнаць, што сёньня мы на руінах.
Мы павінны проста рабіць сваю справу. Толькі такім чынам мы можам захаваць і сябе, і наогул гэты Саюз. Ён ёсьць, ён існуе. Ёсьць агульнае разуменьне. Ёсьць агульная зьвязка сумленных і таленавітых людзей. Гэта павінна нас умацоўваць. Мы гэта перажывем. Рана ці позна гэта скончыцца.
Дзень добры, спадарыня Алексіевіч. Я быў на адным з паседжаньняў суду над Вамі і Вашай кнігай «Цынкавыя хлопчыкі», калі маці палічылі сябе і сваіх дзяцей абражанымі і падалі, мяркую не па сваёй ініцыятыве, на Вас у суд. Тады Вас абараняла «Ліга правоў чалавека» і ў прыватнасьці — яе кіраўнік Яўген Новікаў, які сёньня вядомы як адзін з адыёзных абаронцаў подлага рэжыму. І, калі Вы кажаце «Усё так эфэмэрна... займаючыся шмат гадоў дакумэнтам пачуцьцяў, я ведаю тое, як яны рухаюцца... Кожны раз іншы сьвет...», дык ці не змаглі б вы растлумачыць, у чым падабенства ў дзеяньнях і паводзінах тых жанчын і Я. Новікава, якімі пачуцьцямі яны кіраваліся і ў чым розьніца, калі яна ёсьць? Дзякуй. Лявон С.
Алексіевіч: Я пайшла тады ў суд над кнігай дзеля мацярок. Мне хацелася ім нешта растлумачыць, я думала, ім можна нешта растлумачыць. Я памятала жанчыну, якая хавала сына, і вось такая маленькая труна стаяла ў маленькай аднапакаёвай кватэры, яна ў шаленстве стукала ў яе, казала — «Ці ты, ці ты там, сынок? Труна такая маленькая, а ты такі вялікі...» Крычала мне — «Раскажы, раскажы, як ён там сталярнічаў на дачы генэральскай, страляць не навучылі, адправілі... і за два месяцы забілі». А потым я бачу яе ў судзе. Кажу: «Што Вы тут робіце?». Яна адказвае: «Мне патрэбен сын-герой, а не забойца, як ты напісала». Ну, гэта ёй ужо, вядома, патлумачылі. І мяне ўразіла, калі ў залю суду ўвайшоў сьвятар айцец Віталь і паспрабаваў сказаць — «Маці, не шалейце! Бо там таксама афганскія маці плачуць», — і яны кінуліся зрываць зь яго крыж. Я зразумела, што індустрыя савецкага патрыятызму вельмі сапсавала душу. Я зразумела, як цяжка мы хворыя, якое цяжкае таварыства. Што застаецца пасьля Ўтопіі? Ня толькі дрэнныя дарогі, дрэнныя чаравікі або дрэнныя зубныя лекары — застаецца разбэшчаны чалавек. Вось гэта мы і маем. Вось чаму і прыходзяць потым да ўлады такія людзі, як Лукашэнка, чаму мы топчамся на месцы і нікуды ня можам прарвацца.