Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе
- Автор: Алексиевич Светлана Александровна
- Год: 2015
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- ISBN: 978-0-929849-78-2
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Краткое содержание книги:
У кнізе сабраныя матэрыялы, якія больш чым два дзесяцігодзьдзі гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.
У кнізе скарыстаныя фатaздымкі Ўладзя Грыдзіна, Багдана Арлова, Аляксандры Дынько, AFP.
© Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015
А што тычыцца Новікава, Вы ведаеце, я нават неяк уключыла тэлевізар і паглядзела на гэты твар... Я ўбачыла, як нават памяняўся твар у чалавека. Я думаю, гэта — чалавечы тып, падобны на Лукашэнку. Гэтыя людзі, якія маглі б зрабіцца і дэмакратамі, або камуністамі, або дыктатарамі — ім патрэбная сама ўлада. Іх цікавіць толькі гэта. І яны могуць стаць усім чым заўгодна. Новікаў — гэта анэкдатычны клон Лукашэнкі, але парода — тая самая.
У Беларусі кнігі Алексіевіч не друкуюцца даўно — ужо 12 гадоў (калі не лічыць кнігі, выдадзенай прыватным чынам Сяргеем Законьнікавым)». А ва Ўкраіне вашыя кнiгi друкуюцца? Чаму не ў Беларусi?
Алексіевіч: Ва Украіне пераклалі «Чарнобыльскую малітву», у Літве пераклалі. Кнігі выходзяць пастаянна ў Расеі. І зараз адно з маскоўскіх выдавецтваў будзе публікаваць томік за томікам усе мае кнігі, усю маю хроніку.
У Беларусі — не, ніводнае выдавецтва, ні залежнае, ні незалежнае, за гэта не бярэцца. Хоць я думаю, што сёньня прыйшоў час сур’ёзных кніг, паколькі мы спачатку думалі, што свабода — гэта такое сьвята, што ўсё ў нас атрымаецца, як ва ўсіх. Гэта не атрымалася, стала зразумелым, што чужыя ідэі гэтак хутка не прыжываюцца, што мы іншыя, што мы яшчэ да многіх рэчаў не гатовыя і не разумеем іх.
Ну і што, што мы карыстаемся словамі «дэмакратыя», «лібэралізм», «лідэр» — гэта проста словы, яны яшчэ нічым не напоўненыя, гэта яшчэ не аплачана залатым запасам генэтычных або нейкіх псыхалягічных і інтэлектуальных набыткаў. І таму я думаю, што мы пакуль можам спадзявацца на час, і ў кожным чалавеку ў адзіноце праходзіць вялікая праца. І вельмі шкада, што пісьменьнікі самаўхіліліся ад гэтай працы. І ня толькі таму, што нам мала дзе можна гаварыць і пісаць, але яшчэ і таму, што нам мала чаго можна сказаць. Мы ўжо адвыклі ад сур’ёзнай размовы.
Усе гэтыя постмадэрнісцкія гульні, усе гэтыя корпаньні ў сабе, ва ўласных сэксуальных праблемах і комплексах — гэта ўсё мае права на існаваньне. Але калі гэта робіць пісьменьнік дзе-небудзь у Эўропе, гэта яшчэ зразумела. А ў нас ад гэтай працы, я б сказала, несумленна ухіліцца.
Людзі хочуць чытаць і хочуць сур’ёзнай размовы. Я ва ўсякім выпадку спрабую не даваць сабе спуску, хоць я таксама чалавек, я таксама стамляюся, у мяне ёсьць біяфізыка і свае межы. Але гэта мая прафэсія — дадумваць рэчы сумленна да канца. Хоць часам бываеш мішэньню паміж дзьвюх барыкад — цябе ня любяць і нацыянальныя рухі, цябе ня любіць і Лукашэнка зь яго ўладай. Але жыцьцё такое маленькае, што ня хочацца гуляць ва ўсе гэтыя гульні, хочацца быць проста сумленным чалавекам, якому цікава жыць.
1. Сьвятлана, сёньня часта пачуеш слова глябалізацыя. Вы, мяркую, маеце свой, як заўсёды, адметны погляд на рэчы, таму хацеў бы пачуць, ці зьвязваеце Вы Чарнобыль і наступствы з глябалізаваным сьветам і дзе наш паратунак? 2. Вы ладзіце няспынны дыялёг з чытачамі, грамадзкімі актывістамі. А якія ў Вас адносіны зь «зялёнымі», наогул экалягічным рухам? Наколькі папулярная Вы менавіта ў гэтых колах (маю на ўвазе сусьветны кантэкст)? 3. Якія небясьпекі для Беларусі Вам бачацца выразна з гледзішча яе экалягічнага стану? Вядома, апроч наступстваў Чарнобыля. Дзякуй!
Алексіевіч: Я вельмі шмат выступала на розных экалягічных кангрэсах, сымпозіюмах, сустракалася зь «зялёнымі»... І былі дыялёгі зь філёзафамі на гэтую тэму. Але я б не магла сказаць, што ў «зялёным» руху ёсьць прарывы — таксама нейкае таптаньне на месцы, але што тычыцца Беларусі і Расеі — ёсьць нейкі антыатамны рух... У Беларусі, па-мойму, гэта ўсё ў такім зачаткавым стане... Грамадзтва спынена ў сваёй самасьвядомасьці, у сваім разьвіцьці...
І калі я бываю ў чарнобыльскай зоне, мяне больш за ўсё дзівіць, што ніхто не аб’ядноўваецца! Нават маці хворых дзяцей, дзяцей, якія паміраюць — і тое не аб’ядноўваюцца! Гэта значыць, мы знаходзімся яшчэ на іншым узроўні сьвядомасьці. У нас, перш за ўсё, няма грамадзянскай супольнасьці, няма свабоднага грамадзтва. У кожным чалавеку няма той тэрыторыі асобы, на якой могуць ідэі свабоды, ідэі грамадзянскай супольнасьці працаваць. Каштоўнасьці ўласнага жыцьця няма... Такое адчуваньне, што быццам скончылася вялікая вайна. І такая цана жыцьця свайго.