Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе
- Автор: Алексиевич Светлана Александровна
- Год: 2015
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- ISBN: 978-0-929849-78-2
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Краткое содержание книги:
У кнізе сабраныя матэрыялы, якія больш чым два дзесяцігодзьдзі гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.
У кнізе скарыстаныя фатaздымкі Ўладзя Грыдзіна, Багдана Арлова, Аляксандры Дынько, AFP.
© Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015
8 сакавіка 2006
Сяргей Навумчык, Прага
На вэбсайце Радыё Свабода адбылася онлайн-канфэрэнцыя з пісьменьніцай Сьвятланай Алексіевіч. Цягам некалькіх дзён карыстальнікі сайту задавалі пытаньні, прыходзілі пытаньні і ў часе канфэрэнцыі. Вусныя адказы пісьменьніцы занялі некалькі гадзінаў і прагучалі ў эфіры Радыё Свабода.
Паважаная спадарыня Алексіевіч! Як Вы ставіцеся да біяграфіі Лукашэнкі, якую выдаў Фядута? Гэта літаратура, палітыканства ці лізаблюдзтва? Нешта падобнае выдаў Зяньковіч пра кіраўніка расейскага сэнату Міронава. Можа, вам прыйшоў час напісаць пра «homo soveticus»? Сава Курловіч.
Алексіевіч: Тое, што я пішу — гэта і ёсьць гісторыя гэтага гома-саветыкуса, гісторыя гэтага тыпажу. Савецкі чалавек, як ён жыў і як ён зьнікае. Усе пяць кніг, якія я напісала, і дзьве кнігі, якія я цяпер пішу, яны пра гэта. Але гэты фэномэн я дасьледую ня толькі на беларускім матэрыяле. Кнігу Аляксандра Фядуты я чытала. Я ўвогуле вельмі добра стаўлюся да Сашы Фядуты, лічу, што гэта вельмі добры, адукаваны журналіст, з добрым стылем, і мне заўсёды яго цікава чытаць, і гаварыць зь ім, і слухаць яго меркаваньне. Што тычыцца гэтай кнігі, мне здаецца, яна занадта вялікая. Гэтая прастора патрабавала трошкі іншых навыкаў, можа быць, якіх не было ў аўтара, такіх пісьменьніцкіх, журналісцкіх. І самае галоўнае, чаго мне там не хапіла — як вось дзейнічае гэты мэханізм, як чалавек робіцца царом... Як, да прыкладу, зь Ельцына, які спрабаваў зрабіцца дэмакратам, атрымаўся цар Барыс. Як з дырэктара саўгасу, якога выштурхоўвае наверх, таксама атрымліваецца такі царок? І не адсочаная псыхалёгія масавай сьвядомасьці, чаму гэта падтрымку ў народзе атрымала... Проста прасочана ўся гэтая міталёгія, якая ходзіць, і нейкія факты... Але факты фактамі, зь іх заўсёды трэба дастаць нейкі сэнс, нейкую філязофію... Вось мне гэтай цэльнасьці ў Сашавай кнізе не хапіла. Але ўсё роўна, яна робіць вельмі важную працу. Я думаю, хай людзі чытаюць, хай думаюць...
Спадарыня Алексіевіч! Скажу шчыра, я ніколі не ўваходзіў у кола прыхільнікаў вашай творчасьці. Магчыма таму, што адчуваецца прыхаваная адмоўная энэргія ад Вас і Вашых кніг да беларускасьці, да Беларусі. Тым ня менш, што дае Вам падставы лічыць сябе беларускай пісьменьніцай? Бенедзікт.
Алексіевіч: Я часта чую такое меркаваньне, асабліва ад моладзі. Я думаю, гэта ідзе ад адчуваньня слабасьці, ад нежаданьня зразумець, у якім сучасным сьвеце мы жывем.
Чаму я пішу на расейскай мове? Таму што я ствараю хроніку ўтопіі. Утопія размаўляла на расейскай мове. Вось гэтая велізарная краіна, вось гэты страшны экспэрымэнт, гэты вялікі падман... яго мова была расейская. Таму напісаць сваю хроніку на беларускай мове — гэта была б не дакладная гістарычная праўда.
Чаму я лічу сябе беларускім пісьменьнікам? Вы ведаеце, я сябе лічу наогул пісьменьнікам. Я не адмаўляюся ад таго, што я беларускі пісьменьнік. Я не адмаўляюся ад таго, што я чалавек сьвету. Я не адмаўляюся ад таго, што я выхавана больш на расейскай культуры, на расейскіх ідэях. Напрыклад, я не магла б напісаць чарнобыльскую кнігу бяз Фёдарава, Дастаеўскага, Цыялкоўскага.
Пастаноўка пытаньня для сёньняшняга часу даволі дзіўная, я б нават сказала састарэлая. Я жыла два з паловай гады ў Парыжы. І дастаткова проста пажыць там месяц, каб убачыць: вось вядуць дзяцей у дзіцячы садок, з іх 40% — чорныя ці жоўтыя. Вядуць дзяцей у школу — 60% чорныя ці жоўтыя. Ужо зьявілася нават у Нямеччыне такое паняцьце як «канстытуцыйны патрыятызм», гэта значыць, мы разумеем, што з часам Эўропа будзе жыць у сьвеце, дзе можа паўгораду, траціна гораду Бэрліну будуць складаць людзі зусім розных культураў — арабскія, кітайскія раёны. Гэта ўжо факт нашага жыцьця, факт будучыні.
Мы — нацыя, якая спазьнілася. Мы вырашаем праблемы мінулага. І мы яшчэ праблему мовы ўводзім як галоўную. Яна сапраўды для нас галоўная, але я яшчэ раз хачу сказаць: матрыцу мінуўшчыны ўсё ў меншай ступені можна накладваць на матрыцу будучага нашага жыцьця. Будучыня абсалютна непрагназуемая. Я, напрыклад, гаварыла зь нямецкімі інтэлектуаламі і францускімі. Яны не падазравалі, і толькі цяпер, пасьля нядаўніх беспарадкаў у Францыі, сталі ўсур’ёз гэта абмяркоўваць, што няма ўжо францускай Францыі. Яна іншая. І будучыня нейкая іншая.