Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе
- Автор: Алексиевич Светлана Александровна
- Год: 2015
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- ISBN: 978-0-929849-78-2
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Краткое содержание книги:
У кнізе сабраныя матэрыялы, якія больш чым два дзесяцігодзьдзі гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.
У кнізе скарыстаныя фатaздымкі Ўладзя Грыдзіна, Багдана Арлова, Аляксандры Дынько, AFP.
© Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015
Толькі-толькі пачынае нешта зьяўляцца ў людзях. Яны пачынаюць трохі езьдзіць, нешта глядзець, нягледзячы на тое, што жыцьцё як бы пад магутным прыгнётам і кантролем. І ўсё ж людзі пачынаюць разумець, што можна жыцьцё пабудаваць інакш, можна дах пакрыць мэталёвай дахоўкай, можна дзяцей вывучыць ў іншым месцы... Гэта толькі-толькі пачынаецца. Ну а ў грамадзкім жыцьці цалкам зачыстка праведзена.
Улада абараняе саму сябе. Дакладней, улада пэрсаніфікаваная ў адным чалавеку, які абараняе самога сябе і трымае грамадзтва ў пастаяннай гістэрыі, заяўляючы, што грамадзтва ў небясьпецы. А ніякай небясьпекі няма! Небясьпека толькі ў аднаго чалавека.
І ніякія «змовы» ня трэба адкрываць. Калі і існуе «змова» — то гэта «змова» сумленных і сумленных людзей. Вось гэта адзіная змова, якая існуе ў гэтай краіне. Але гэтыя людзі сёньня дастаткова разгубленыя, яны ў бясьсільлі. Пакуль цяжка казаць пра тое, каб тут нейкія ідэі працавалі. На жаль, вельмі часта наша сытуацыя нагадвае грубы анэкдот: калі б Чарнобыль здарыўся ў папуасаў, то ўвесь сьвет бы пра гэта ведаў, акрамя саміх папуасаў. Нешта падобнае з намі.
Паважаная Сьвятлана, як вам падаецца, чаму ў Лукашэнкі такая нянавісьць да старажытнай беларускай мовы і культуры? Ці гэта ягоны ўзровень адукацыі перашкаджае яму, ці нешта іншае? Кастусь Дубок, Таронта.
Алексіевіч: Разумееце, я ўжо сказала, што дыктатары — прынцыпова некультурныя людзі, яны на гэтым стаяць.
Калі ў ім быў бы той інструмэнт унутраны, які ёсьць у Мілінкевіча, які як бы прадстаўляе беларускую ідэю — гэта быў бы нават фізычна іншы чалавек. У яго быў бы іншы слоўнік, у яго была б іншая плястыка, у яго былі б іншыя ўяўленьні цалкам.
Але Лукашэнка — гэта чалавек з савецкага часу, зьлеплены моцна савецкім часам, з моцнай прагай улады, і ён, вядома, хоча застацца ў гісторыі. Але ён ужо выкарыстаў увесь свой патэнцыял. Яму няма з чым рухацца.
А ўзяць вось гэта новае, перахапіць тую самую беларускую ідэю, або ўзяць вакол сябе інтэлектуалаў нейкіх, людзей з думкамі пра будучыню, з ідэяй будучыні — у яго ўжо няма гэтых антэн. І я думаю, ён ужо ходзіць па коле, і нацыю водзіць па коле. І гэта зразумела, чаму. У яго ўжо няма гэтых магчымасьцяў. Таму што ён абмежаваны гэтым сваім часам і сваёй адзінотай, я б сказала.
Чамусьці мне ўяўляецца, што гэта вельмі самотны чалавек. Чалавек, які зьяўляецца фанатыкам — любові, улады ці яшчэ чагосьці — як кожны фанат, такі чалавек вельмі самотны. Такі чалавек вельмі небясьпечны для сябе, а ўжо тым больш, калі ён ва ўладзе.
1. Цытую Вас, Святлана: «Таму сёньняшні сьвет аказаўся ня менш страшным. І чалавек па-ранейшаму ў ім самотны. І па-ранейшаму ня ведае, як жыць». І яшчэ цытата: «...увесь сьвет — ва ўсякім выпадку, эўрапейскі — жыве пры самай страшнай дыктатуры — дыктатуры маленькага чалавека». Ці ведаеце Вы, Святлана, як жыць? І што трэба зрабіць для таго, каб маленькі чалавек убачыў у сабе задаткі чалавека вялікага і стаў ім? У Вас ёсьць такі рэцэпт? 2. Ці была ў Вас у юнацтве мэта стаць пісьменьнікам, альбо ўсё атрымалася спантанна? І кім была б Сьвятлана Алексіевіч цяпер, калі б не паехала ў 1973 годзе зь Бярозы ў Менск? Мікалай Сінкевіч, «Маяк».
Алексіевіч: Наконт рэцэптаў «Як жыць?» — думаю, мінуў той час, калі пісьменьнікі ведалі больш за іншых. Сёньня кожны чалавек так паразумнеў, што пісьменьніку цяжка даць адказ, і можна казаць толькі пра свой уласны шлях. Я паезьдзіла па сьвеце і магу сказаць, што ў Эўропе, у дэмакратычнай часткі, сапраўды дэмакратыя — гэта жыцьцё, зладжанае для сярэдняга чалавека. Ён хоча спачатку, каб у яго была машына, дом, а потым ужо — кнігі, якія ён разумее... Ня трэба сябе суцяшаць, як мы гэта рабілі ў савецкі час, што мы публіка, якая чытае больш за іншых. Нічога падобнага. Я думаю, 70 працэнтаў людзей заўсёды хацелі чытаць Марыніну, Дашкову (бяру іх як сымбаль) — і зусім не жадалі чытаць Дастаеўскага, Васіля Быкава, ці Кузьму Чорнага... Дэмакратыя — таксама свайго кшталту пастка. Але іншая справа, што гэта пастка, у якой існуе выбар. Але я думаю, яшчэ ўсё ХХI стагодзьдзе будзе стагодзьдзем «маленькага чалавека». І ён выбірае сабе падобнага — паглядзіце на лідэраў краін сёньня. Гэта прадстаўнікі «маленькага чалавека». Ну а ў нас ужо дыктатура «маленькага чалавека» ў самай прымітыўнай стадыі.
Што тычыцца майго пісьменьніцтва? Ня ведаю... Мае бацькі казалі, што як я толькі навучылася пісаць, казала, што буду пісьменьніцай... Я ня думаю, што так гэта сур’ёзна было, але я заўсёды хацела пісаць. Але хіба пісьменьніцтва — прафэсія? Гэта мой спосаб зразумець, навошта я, навошта ўсё, што вакол мяне. Гэта мой спосаб жыцьця, скажам так. Я не раблю зь сябе мэсію. Мне проста цікава жыць, цікавыя людзі, цікава іх разумець, цікава шукаць словы...