Доўгая сьмерць Крынак
- Автор: Яновіч Сакрат
- Год: 1993
- Язык: белорусский
- Год: АМЭГА
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Доўгая сьмерць Крынак». Краткое содержание книги:
— Вайсковых рэглямантаў я не чытаў, пане старшыня: не давялося мне служыць у арміі. Але, час ад часу, трапляюць у мае рукі тоўстыя кніжкі мудрацоў, зь якіх, між іншым, даведаўся я, што чалавек ваюе наогул самотна — перамагае або стаецца пераможаным. I ніхто нікому ня ў сілах дапамагчы, бо дапамаганьне нішто іншае, як захоп, прынамсі, часткі таго кагосьці...
— Так, так... Позна ўжо. Пайшлі дамоў, пане Сумленевіч.
Разыйшліся яны на тратуары перад будынкам каапэратыву, скінуўшы
шапкі для кароткага паклону.
— Да пабачэньня, э...
— Да пабачэньня.
"Што сказала-б на ўсё гэта Кіра? Прамарнаваў я шанц? Старшыня па— свойму дацаніў мяне? Кіра, мая Кірыца-палахлілівіца, адсекла-б: ён цябе баіцца! З боязі прапануюць сакрэтнае супрацоўніцтва, каб... каб абясшкодзіць, во! Або... ну, што?" — Сьцяпан шчыльней захінуўся плашчом.
13.
Сьцяпана паслалі ў Бельск кантраляваць аддзел. На два дні. Меўся ён ехаць туды легкавой машынай, але раніцай накіравалі яе ў цалкам супрацьлеглую мясцовасьць. Давялося яму купіць білет на аўтобус, якога плянавы рэйс, як на злосьць, не адбыўся. У касе вярнулі грошы — і Сумленевіч, пазяхаючы ад разгубленасьці, пабег на стаянку таксі, дзе застаў ён даўжэзную чаргу. Яму сьпяшалася на чыгуначны вакзал — бліжэйшы цягнік у Бельск ад'яжджаў праз дваццаць пяць хвілінаў — і ён пайшоў пешшу.
На алеі Першамая Сьцяпану пераступіў дарогу незнаёмец, якому — не адразу ўспомніў сабе гэта — дапамагаў адкрыць рамесны варштат.
— Добры дзень, пане Сумленевіч! — быў гэта малы бедны мужчына. — Я й не падзякаваў вам за помач. Вы — добры чалавек. Кажу сваёй жонцы, што на сьвеце...
— Як вам працуецца? — Сьцяпан: "Ну, канец: не пасьпею я на цягнік!"
— Дзякую, можна жыць, — у яго, здаецца, былі штучныя зубы. — Тады я, як убачыў вас, дык і падумаў сабе: ня можа таго быць, каб аказаліся вы благім! Яксьці відаць душу ў чалавеку. Вось, прыкладна, ідзе вуліцаю баба. Прыгледзісься да яе і, будзь я так здароў, не памылісься: курва яна ці нэрвовая кабета?! Во, во...
— Прабачце, — таптаўся Сьцяпан. Яму на скронях выступіў пот. — Я на цягнік...
— Мала ўчцівых, такіх як вы, пане Сумленевіч...
Перабіў яго:
— Зараз учцівым магчыма пабыць дома.
— Колькі разбою... Ах! — хацеў ён хуценька выказацца. — Пра нішто іншае не пачуеш, як усё пра падкусваньне... Хто каго сьпіхнуў...
На шчасьце, цягнік рушыў са спазьненьнем. Сьцяпан, стоячы ў перапоўненым калідоры, выціраўся хустачкай ды пасьміхаўся з самога сябе: "Бачыш, балванец! Не давярайся ты чыгуначнікам ды пунктуальнасьці — і хопіць табе часу на многае..."
Вагонам кідала.
Сьцяпану засела ў памяці гэтая паездка. Не таму, што ён адкрыў у Бельску неахопны балаган і дзіцячую — каб не сказаць злачынную — бесклапотнасьць кіраўніцтва тамашняга аддзелу.
Прывіталі яго там па-сьвяточнаму. Дырэктар даведваўся пра здароўе Сьцяпана; забываўся ён, стары, і зноўку распытваў... Пілі чорную каву й ласаваліся шакаладкамі. — Пры тваім здароўі ня будзе грэху табе й чарачку сьцябнуць, — бесцырымонна запрапанаваў ён Сумленевічу. — Не кажы, што ня можаш, бо не паверу, — і прынёс ён балгарскага рому. — Выпі, брацец, пагрэйся сабе з дарогі. А я падаб'ю табе каманьдзіроўку на ўсе дні, ды вяртайся ты здаровенькі да сваёй маладой жонкі... Чаго тут будзеш тырчэць стаўбуном?
Гэта ня быў жарт зь яго, дырэктара, боку.
— За выпіўку дзякую вам. Ня буду.
— Ром — гэта выпіўка? Э-э, кпіш ты ці дарогу напытваеш? Ну, давай... наліў ён толькі Сьцяпану, у паўшклянку. — Я ўжо не магу, братка, адпіў сваё ў маладыя гады. Ох i даваў я па бутэльках! Каб ты тое бачыў...
— Не, — Сьцяпан перажываў, як кажуць, усё разам: злавалі яго бацькоўскі тон дырэктара, нахабства, а найбольш — безуважнасьць. — Перастаньце, пане дырэктар. Мне час брацца за справу.
— Што? Хочаш нас кантраляваць?
— Для таго я й прыехаў.
— Хто цябе прыслаў?
— Старшыня.
— Эх, ня маеце вы чым займацца, — дырэктар устаў да недачыненых дзьвярэй: — Манька! — i зноў расьсеўся. — Манька! — ён паўтарыў крык: ніхто не паяўляўся.
— Дзякую вам за пачастунак, — Сьцяпан зьняў зь вешалкі цёплае адзеньне, здагадваючыся, што дырэктар уступіў яму ў гэтым, неспадзяваным, сутыкненьні.
Цераз парог пераступіла жанчына, аб якой можна было падумаць, што яе разбудзілі. — Чаго?! — сказала яна адзінюткае слова, на нікога ня гледзячы.
— Завядзі, Маня, гэтага пана... — дырэктар растлумачыў ёй, да каго. — Ён зь Беластоку. Ну, давай, — ён чагосьці шукаў у кішэні свайго пінжака, перахіліўшы галаву.
Адміністрацыя памяшчалася ў вялізным пакоі, у якім, магчыма, некалі быў клюб. Сумленевічу знайшлося месца за незанятым пісьмовым сталом, што стаяў у куце, ла акна. ("Ужо другі тыдзень, як хварэе", — паведамілі яму пра непрысутнага супрацоўніка.) Працавалі тут, пераважна, жанчыны. Сэкцыяй паслугаў загадваў мужчына высокага росту. — Вам, хвароба, патрэбна дакумантацыя? — запытаў ён у Сьцяпана й, не чакаючы адказу, узяўся высоўваць шуфлядкі, запоўненыя паперамі, у якіх, быццам гнілкі ў сене, то жаўцелі галоўкі цыбулі, то паблісквалі камлі бутэлек, то чарнелі жмуты абгортак па бутэрбродах. — Нешта, хвароба, знойдзем вам... Няма, во, дзе паставіць шафу, i трымаем мы пры сабе ўсенькую поскудзь, — корпаўся й корпаўся ён. — Нядаўна, хвароба, справаздачу рабіў я й, во, усё параскідалася. Трэба — у папкі, ды дзе іх набрацца?.. Грош ім цана, а не купіць іх, ня вымаліць...