Доўгая сьмерць Крынак
- Автор: Яновіч Сакрат
- Год: 1993
- Язык: белорусский
- Год: АМЭГА
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Доўгая сьмерць Крынак». Краткое содержание книги:
Рызыкавалася многім: купля замежнага вытворчага абсталяваньня магла не апраўдацца. Адсутнічала апэратыўная арыентацыя ў структуры попыту; разважаньні аб гэтым у каапэратыве былі, амаль, традыцыяй.
Сьцяпан, каб пазьбегчы прызначэньня яму нецікавага заданьня, выступіў зь ініцыятывай арганізаваць дасьледваньне прадбачванага рынку збыту.
— Нашто? — замахалі на яго рукамі. У канцы канфэрэнцыйнага стала шапталіся, ківаючы галовамі, удзельнікі звычаёвай нарады.
— Перадумовай удачы зьяўляецца...
Яму не далі закончыць. Але ён, ужо хітруючы, яшчэ сказаў:
— Ёсьць-жа памкненьні ў кірунку выпуску навінак! Няўжо вы не разумееце, што гэтага цалкам дастаткова? Няхай вам, паважаныя калегі, не баліць галава пра маштабы продажу. Пакупнік, як ведаеце, ня мае голасу — ён задаволены тым, што наогул можна сёе-тое купіць...
— У нас, дзякуй Богу, няма рынку пакупніка. I не ён наш пан, — умяшаўся хтосьці, хто маўчаў.
— Людзі, аднак, хочуць...
Сумленевічу разыходзілася пра тое, што неабходна імкнуцца да перадавога ўзроўню вытворчасьці. Выслухалі яго нецярпліва й перайшлі да абмеркаваньня справаў дробных, каб не сказаць — дурных.
Старшыня час ад часу зіркаў у бок Сьцяпана, у азарце. Ён прыкметна ўсьміхаўся да самога сябе, як гэта, мабыць, робіць певень, гледзячы на курэй, якія накінуліся на мякіну. Дзюбалі й дзюбалі яны, даючы ўцеху аднаму.
"Каб ня тое, што бяз грошай немагчыма пражыць, я не тырчэў-бы тут больш ні сэкунды! Высадзіў-бы акно, зваліўся-б на тратуар, пакалечыўся-б, бо не хапіла-б мне вытрымкі выйсьці адсюль нармальна, празь дзьверы й калідор", Сьцяпан пальцамі мацаў патыліцу, у якой брыняў боль.
Ад пачуцьця бяссэнсу ён быў блізкі беспрытомнасьці, шырока ўгледжваўся ў падлогу, у геамэтрычныя фігуры паркеціны. Такога спосабу ратаваць сябе ад зацьменьняў яго навучыў лекар, у якога ён лячыў кутні зуб; дантыст пасьпяхова вырваў Сьцяпану ўнутраны нэрвік, пасьля чаго сярэдзіну зуба вычысьціў ад гнільлі й запоўніў яе белістай сумесьсю. Салідна выканаў сваю работу! "Вы, калі ласка, не заплюшчвайце вачэй, глядзіце ў столь, і не ўяўляйце сабе таго, што я раблю. Пастарайцеся зразумець, толькі зразумець тое; думайце пра неабходнасьць лячэньня, і вам стане лягчэй..." — прыгаворваў сымпатычны дантыст, не перапыняючы сваіх дзеяньняў. Яму таксама ўспацеў лоб; бзычэла сьвідравальніца.
Вакол старшыні ўзьнялося гарлапанства. Шумелі — кураняты каля квактухі! Сумленевіч адвёў зрок ад замяшаньня, як той, каму далі па мордзе й сказалі, каб ня лез у не сваё.
— Пане старшыня, я думаю, што ўжо магу пайсьці да сябе, — нясьмела папрасіў Сьцяпан. — У мяне шмат працы, не мяне чакаюць пэтэнты, — яму дзеравянелі мускулы на твары, а голас разыходзіўся водгульлем па галаве. Ад пустэчы.
— Ужо закончваем, — адгукнуўся старшыня. — Таварышы, ціха, — ён пачухаў сабе кончык носа. — Што-ж, э, дзякую вам за ўдзел у абмеркаваньні. Нарада была плённай. Да пабачэньня.
Уставалі, усё роўна бы разбуджаныя з дрымоты, і тлумна выходзілі з пакою.
— Калега Сумленевіч, — аклікнуў старшыня. — Прашу вас застацца на момант...
Сьцяпан быў упэўнены: шэф дайшоў да высновы, што зноў патрэбна яму супыніць няўрымсьлівага маладзіка. З гэтым дасьледваньнем рынку, скажа, вы перасалілі, яно нам лішняе, а таму, што няма праблемы са збытам, пане Сумленевіч, а ёсьць праблема з вытворчасьцю, дык давайце думаць пра павелічэньне выпуску тавараў, э, во!..
Ён не адразу ўцяміў, што яму гаворыць старшыня.
— Вы, дарагі калега, нешта сумны.
— Я? Чаго? Не, — Сьцяпан зашпіліў пінжак.
— Прапанаваныя вамі абсьледваньні рынку, пэрспэктыўнага попыту, сапраўды ня маюць сэнсу. Разумееце, э...
— Так. Разумею.
— Ну, ня злуйцеся, — старшыня, заклаўшы рукі за сьпіну, прайшоўся перад вялізным сталом вішнёвага колеру, невясёлага.
— Прыкра мне, вядома, што не прынялі мае рацыі, але гэта ня значыць, што я за тое злуюся...
— Так, так...
Пайшлі чуткі: папярэдняга старшыню, пэнсыянера, цягаюць суды. Разглядаецца справа аб нелегальнай майстэрні па вырабу вазоў. Замяшана ў гэта некалькі асобаў зь цяперашняга кіраўніцтва каапэратыву, што захоўваецца ў таямніцы. I якісьці сяржант міліцыі. Усіх праваліў цясьляр, горкі п'яніца й злодзей, схоплены міліцыянерамі, калі гнаў самагонку ў хмызьняку пад Васільковам.
— З нашага каапэратыву атрымалася фірма, э, дарагі калега. Становішча зьмяняецца, ня тое што з году ў год або зь месяца ў месяц, але, бачыце, э, зь дня ў дзень. Калі тут і аглядвацца: трэба бегчы й бегчы, дапераду, толькі дапераду. Часамі ажно духі вылазяць! А вазьмі пакаўзьніся — затопчуць! З разгону, ведаеце, э, як кавалерыя — падбітага ездака... Калегу, сябру, э...