Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 9789857089598
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1». Краткое содержание книги:
Дзясяты том склалі аўтабіяграфічныя дыялогі з А. Адамовічам «Маладыя гады» (1985, 2001), а таксама выбраная публіцыстыка 1957–1980 гг.: артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні.
Дзесьці ў гэты час мы атрымалі новыя 57-міліметровыя гарматы. Гэта былі добрыя супрацьтанкавыя гарматы — з доўгім ствалом і вялікай прабіўной сілай снарада. Яны нам адразу спадабаліся. Я сам прастраляў іх паводле ўласнага спосабу — з дапамогай бінокля. Трапнасць іх таксама была выключная, і мы шкадавалі толькі, што паявіліся яны ў нас гэтак позна. Але і тое добра. У хуткім часе яны нам паслужылі, як за ўсю вайну не служылі іншыя гарматы.
16 сакавіка магутным выбухам на світанні (гэта немцы ўзарвалі ўсё тую ж пераправу пад Шыманторніяй) пачаўся іхні адыход і нашае наступленне. Наступалі па тых жа мясцінах, дзе месяц таму абараняліся, дзе наш полк разграмілі нямецкія танкі. Як праязджалі каля маёй агнявой пазіцыі, дзе гарэлі ракеты, спыніліся, і камандзір палка загадаў завярнуць убок, на старыя пазіцыі разгромленых батарэй, забраць уцалелыя снарады. Мы адчапілі гармату і на «студэбекеры» паехалі недалёка ад дарогі ў поле. На падножку машыны да нас ўскочыў капітан-смершавец, і я з пэўнай трывогай падумаў: навошта? Пазіцыі ўзвода Беражнога былі крайнія, мы адразу ўбачылі яго разбітую гармату, разварочаны гусеніцамі ровік, некалькі трупаў салдат і яго самога — на броўцы ровіка з раскінутымі рукамі. Дзяга з яго была знята, пісталета не было ўжо, з гімнасцёркі хтосьці звінціў ордэн «Чырвонага Сцяга». Залітая крывёй гімнасцёрка ссохлася. Скрынкі са снарадамі былі ўсе побач, але гармата… Увогуле яна была цэлая, толькі яе ствол — пялёсткамі ўбакі.
А. А.: Разарваная?
В. Б.: Так, разарваная…
А. А.: Значыць, пяску насыпалі і яе разарвала?
В. Б.: Насыпалі ў ствол і стрэльнулі. Гэта было вельмі кепска. Гляджу на капітана, а той падышоў, пруцікам пастукаў па ствале і кажа, пазіраючы нам у вочы: глядзі, гэта ж трэба было так трапіць.
А. А.: Трапіць?
В. Б.: Трапіць у самы ствол, кажа так, каб усе пачулі. І салдаты, каб учулі, і я таксама. Я паглядзеў на яго і крыху здзівіўся, а пасля зразумеў, што капітан гэта — знарок. Бо сам ён артылерыст, ва ўсякім разе, такія эмблемы насіў і гэткіх справах павінны быў разбірацца.
А. А.: А што, артылерысты не мелі права, калі нявыкрутка, разарваць ствол гарматы?
В. Б.: Канешне, не. Мы павінны былі страляць, пакуль цэлыя гарматы.
А. А.: Ну, а каб не дасталася ворагу — узарваць?
В. Б.: Пакуль былі жывыя і былі боепрыпасы, павінны былі змагацца. А пакінуць — то трыбунальная справа.
А. А.: Узрывалі.
В. Б.: Пры адыходзе. Але для таго патрэбны быў загад старэйшага начальніка. Не свавольнічаць… А тут выходзіць, гармата спраўная, снарадаў даволі, а ён яе падарваў? Канешне, не ён падарваў…
А. А.: Ён ужо забіты.
В. Б.: Відаць, з ягонага разліку падарвалі. Але ўсё роўна тое — справа падсудная, і СМЕРШ мог усё раскруціць. А ён даў нам знак, што лічыць гармату разбітай з нямецкага танка.
І праўда, болей размоў на гэтую тэму не ўзнікала. Забралі некалькі скрынак снарадаў, забітых не ўзялі, іх павінны былі пахаваць тылавікі, мы спяшаліся, бо немцы адступалі.
…Ноч некуды ехалі, ехалі — па нейкіх мокрых і гразкіх прасёлках, па полі, пад ранак прыехалі на ўскраіну сяла, сталі абапал сцірты. Чутно, як непадалёк адбываўся якійсьці рух — гырчэлі маторы, штосьці гуло, шархацела, часам чуліся прыглушаныя галасы. Ішлі калоны. Немцы ад Будапешта прарываліся на захад.
Як стала трошкі світаць, убачылі зводдаль тое, што чулі ў цемры. Ішоў суцэльны паток войска: аўтамабілі, танкі, пяхота. Зараз жа адкрылі агонь. Страляць было проста, бо блізка. Адразу там запалала некалькі аўтамабіляў, з танкаў па нашай ускраіне зрабілі некалькі непрыцэльных стрэлаў.