Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
Нечакана нарадзіўся царскі рэскрыпт генерал-губернатару Віленскай губерні Назімаву ад 20 лістапада 1857 года. У ім указвалася на неабходнасць тэрмінова прыступіць да падрыхтоўкі сялянскай рэформы. Герцэн амаль пляскаў у далоні. Але яго радасці і замілавання не падзяляў Агароў – ён проста не давяраў.
Ствараліся губернскія камітэты, стварыўся нават Галоўны камітэт. А калі былі ўтвораны яшчэ і рэдакцыйныя камісіі, то гэты факт умацаваў яшчэ больш у Герцэна наіўную веру ў прагрэсіўнага цара, яго шчырае жаданне даць рускаму селяніну сапраўдную волю. І тады, звяртаючыся да Аляксандра ІІ, кінуў радасную рэпліку: “Ты перамог, Галілеянін!”
А ўжо ў наступным годзе, летам, у “Звоне” з расчараваннем напіша: “Аляксандр ІІ не апраўдаў надзей і спадзяванняў…” Герцэн друкуе “пісьмы з правінцыі”. Невядомы аўтар піша ў свім лісце, патрабуе, “каб “Звон” клікаў не да малебна, а біў у набат. Да сякеры клічце Русь!”
У сакавіку 1861 года ва ўсіх цэрквах Расіі святары чыталі з амвонаў царскі маніфест аб вызваленні сялянаў ад прыгону. Працягвалася, здавалася б, рэалізацыя першапачатковай праграмы герцэнаўскага выдання, – вызваляюцца ад прыгнёту з зямлёй сяляне, прагучэла абяцанне правесці шырокія рэформы судоў, друку, свабоды слова, адменены указ на забарону дэманстрацый і мітынгаў…
З гэтай нагоды Герцэн прапанаваў арганізаваць урачысты абед, каб падняць разам з сябрамі тост у гонар Аляксандра ІІ.
Калі накрылі стол, калі разлілі шампанскае, расчынілся дзверы. На парозе стаяў разгублены выдавец.
– Сябры! З Варшавы толькі што прыйшла вестка. У горадзе праходзіла мірная дэманстрацыя. У людзей стралялі царскія салдаты. Шмат забітых і параненых…
Герцэн памяняўся ў твары, нахмурыўся, з нейкай унутранай злосцю прамовіў:
– Ганьба табе, Аляксандр ІІ! Ганьба!
…Вільня Людвіку Кандратовічу падалася і не сваёй, але ж і не чужой.
Ведучы гаспадарку ў Залучы, Людвік прывык да вясковага жыцця, да прыроды, да ранкаў, калі ўсходзіла сонца, любіў узяць у рукі накляпаную касу і прайсціся з ёю па роснай і сакавітай траве; пошчак салаўёў у густым кустоўі, цнатлівая цішыня да звону ў вушах, – усё радавала яго… Нахадзіўшыся па балацявінах, ці восеньскай парой па грыбных мясцінах, нагрузіўшы з коптурам вялізны кош баравікоў з цёмна-карычневымі галоўкамі, з вялікай радасцю вяртаўся шчаслівым дадому… А ў галаве не-не ды пачне рытмічна, бы стук дзюбы дзятла аб сухадрэвіну, нараджацца радок: “… святая усюды пустота, ды нават… не думай аб хлебе…”
Перад самым фальваркам сустрэў прыгоннага селяніна Юльяна Заброцкага. Той, зняўшы магерку, павітаўся, спытаў:
– Як здароўе вяльможнага пана Ўладыслава?
– Які я табе пан, братка Юльян?
– Які не пан, але пан…
Кандратовіч зняў кашэль, паставіў каля ног. Важкаваты быў, траха і адпачыць не зашкодзіць.
– Харошыя грыбы, – пахваліў селянін, – адзін у адзін… Умееце збіраць.
– Ды што іх збіраць, Юльян, у лесе сёлета хоць касой касі.
– Падзякаваць хачу, пан Ладыслаў. За тое, што сям’я мая з голаду не памерла. Той гарнец жыта, што вы далі, акурат і выратаваў нас ад смерці.
– Ды што ты, Юльян, за гэта не дзякуюць. Я рад, што хоць нечым памог.
– Дзякую, пан Уладыслаў, дзякую. Пытанне ёсць да вас. Адкажаце?
Уладыслаў з цікавасцю паглядзеў на селяніна. Падабаўся ён яму. Разумны, сабе на ўме, умее пажартаваць, гісторыю якую расказаць. Можна сказаць, што некалькі з іх Уладыслаў выкарыстаў у напісанні сваіх радкоў. У сям’і трое дзяцей, жонка Аўдоля, дужая і працавітая, прыгожая. Спявала хораша. Песень шмат ведала. Кандратовіч запісаў некалькі…
– Дачуліся мы, што вы, пан Уладыслаў, у Менск ездзілі. І не толькі ў Менск, а і па розных ваколіцах… Вы сабраліся пакінуць нас? Што мы вам ліхога зрабілі, чаму вы рашылі пусціць нас абяздоленымі па белым свеце адных?
Кандратовіч здзіўлена паглядзеў на селяніна.
– Я не вас цураюся, Юльян… Я сябе вызваляю як прыгонніка і арандатара. Не хачу, каб на мяне працавалі, Юльяне, сам на сябе хачу працаваць. Есці свой хлеб, здабыты потам і крывёю. Чым кепска, га?
Селянін са скрухай паглядзеў на Кандратовіча, прамовіў:
– А як жа мы? Пад другога пана пападзем. А ён такім жаласлівым не будзе, як вы, пане Уладыслаў, не, не будзе… Мы помнім, што вы напісалі: