Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
– Я пацікавіўся яшчэ ў Корава, дзе і адкуль мы возьмем зброю для барацьбы. Якія і колькі людзей будзе ў нас, бо бачна, што сяляне з-пад ілба і коса глядзелі на тыя дзеянні, варожыя да ўрада. І шляхта не верыла ў паўстанне, лічыла яго гібельным, бо мела на мэце дабівацца мірным шляхам уступак ад урада. І ведаеце, што мне адказаў Кораў?
– Ведаю. Ён сказаў, што зброі ў нас будзе ў дастатковай колькасці. Запэўніў, што яе выдадуць самі рускія. А для барацьбы шмат людзей і не трэба, бо царскія войскі не будуць ваяваць супраць паўстанцаў. І што ён выдаў вам рэвальвер сістэмы Беккера. Паабяцаў выдаць яшчэ столькі, колькі вы далучыце да гэтай справы новых людзей…
Ежы здзіўлена паглядзеў на свайго спадарожніка:
– Адкуль вам тое вядома?
Замест адказу Еўстафій дастаў з-пад сядзення наган. Заўсміхаўся:
– Мы з вамі ў адным таварыстве… І нам даверана адказная справа. Няхай у ёй яшчэ шмат чаго недасканалага, але не гэта галоўнае… Нам неабходна шукаць людзей, гутарыць з імі, тлумачыць пазіцыю паўстання. І выпрацаваць сваю стратэгію і ход дзеянняў, але якія б не разыходзіліся з асноўнай лініяй рэвалюцыйнага камітэта. Згода?
Моцны поціск рукі змацаваў іх не толькі дружбу, але і сумесныя дзеянні ў агульнай барацьбе.
Праехалі больш паловы дарогі. Сонца стаяла яшчэ высока.
Каваныя абады колаў, уядаючыся ў зямлю, кацілі брычку далей і далей, у будучыя дні, у будучыя вірлівыя падзеі.
Герцэн і Агароў ушчыльную падступіліся да сваёй галоўнай задумы – канкрэтызацыі мэты задуманага імі тайнага таварыства. Згадзіліся разам, што іх праграмны дакумент будзе выглядаць пад назвай “Ідэалы”.
Больш нікога не далучалі да гэтай працы, але іх сябры ведалі, што яны рыхтуюць абяцаную прапанову – праграму згуртавання.
Самі ж стваральнікі яе кіраваліся тым, што праграма таварыства прадугледжвала поўную палітычную перабудову Расіі. А яна, перабудова, заключалася ў тым, што Расія павінна стаць канфедэрацыяй з цэнтральным урадам, які будзе несці поўную адказнасць перад сваімі выбаршчыкамі. У адным з пунктаў указвалася канкрэтна – форма цэнтральнай улады – камітэт.
У сувязі з гэтым адмяняецца прыгоннае права. Усе сяляне надзяляюцца зямлёй, а памешчыкі атрымліваюць ад дзяржавы кампенсацыю за зямлю.
Канфедэрацыя мае на мэце – абшчыны, з якіх утвараюцца воласці, а яны ў сваю чаргу групуюцца ў саюзы, а яны ўжо і складаюць канфедэрацыю. Перад законам усе роўныя. Усе пасады толькі на выбарнай аснове. Структура тайнага таварыства трымалася на так называемых “апосталах”, дасканальна свядомых дзеячоў і тых, хто распараджаецца ўсім. Каля іх групуюцца “вучні” і “напалову асвядомленыя”. Пасля іх свой шэраг займаюць агенты…
У Расіі такі цэнтр фарміраваўся вакол “апосталаў дэмакратыі” Чарнышэўскага і Дабралюбава, а ў Лондане Герцэн і Агароў стваралі прапагандысцкі цэнтр.
Усе яны мелі агульную канчатковую мэту – палітычнае вызваленне Расіі ад самадзяржаўнага дэспатызму. Пераўтварэнне яе на дэмакратычных і сацыялістычных пачатках.
Але, да слова сказаць, не ўсё гладка і зладжана было пад час фарміравання гэтай структуры. Герцэн і Агароў разыходзіліся з Дабралюбавым і Чарнышэўскім у тактыцы, бо першыя лічылі, што дэмакратычныя і сацыялістычныя пераўтварэнні могуць быць здзейснены толькі мірным, рэфармісцкім шляхам, хаця ў той жа час не абвяргалі і рэвалюцыйныя сродкі барацьбы.
Вызваленне сялянаў лібералы чакалі “зверху”, катэгарычна “зверху”. На гэта Герцэн сцвярджаў: “Ці будзе тое вызваленне “зверху ці знізу” – мы будзем за яго.
Зразумела, што паняцце “знізу” азначала толькі адно – народную рэвалюцыю, і зразумела было і другое – Герцэн вызначаў сваё месца у гісторыі: ён на баку тых, хто змагаецца за свабоду і пераўтварэнні любым шляхам. Значыць, ён абраў сваю дарогу – ён будзе ў шэрагах паўстанцаў.
Звон “Колокола” далятаў да самых аддаленых куткоў Расіі. Аўтарытэт Герцэна дасягнуў сваёй вяршыні. Сотнямі і тысячамі ішлі пісьмы ў рэдакцыю выдання. Па матэрыялах “Колокола” распачыналіся крымінальныя справы, якія былі аддадзены забыццю, “Колоколом” пагражалі ўладам… Водгукаў на падзеі ў Расіі баяліся міністры і чыноўнікі ўсіх класаў.
Герцэнаўскае выданне чытала імператрыца Марыя Аляксандраўна. Нават сам імператар загадаў дастаўляць яму кожны экземпляр. І чытаў “Колокол” спакойна і безуважна да тае пары, калі не прачытаў аднойчы, што Герцэн заклікаў народ “к топору”.