Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Воляй абраны. Дамова на спакусу
Воляй абраны. Дамова на спакусу - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Воляй абраны. Дамова на спакусу

Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:

У першую кнігу аўтар уключыў два раманы – “Воляй абраны” і “Дамова на спакусу”. Першы раман – пра падзеі 1863-га года, пра вызвольнае паўстанне супраць расійскага царызму, якое ўзначаліў Кастусь Каліноўскі. Пра каханне кіраўніка паўстання і яго нарачонай – Марыі Ямант. Аўтар паспрабаваў з вышыні сённяшняга часу паглядзець на супярэчлівую і выбітную асобу Вікенція Канстанціна Каліноўскага, спроба разабрацца ў тым, чаму паўстанню з самага пачатку была наканаваная параза... І чаму духоўны подзвіг дыктатара Каліноўскага застанецца ў памяці нашчадкаў на вякі. “Дамова на спакусу” – раман-фантасмагорыя. Пра тое, што побач з намі штодзённа крочыць спакуса, патойбаковыя сілы падсцерагаюць нас, калі мы “паслізнемся”, калі захочам атрымаць прывідную асалоду жыцця, спакусіцца на багацце. Пра тое, што для чалавека азначае Біблія і вера ў Бога. Як пазбегнуць спакусы, як разабрацца ў тым, якой дарогай мы павінны крочыць у заўтра і ад каго чакаць дапамогу, калі нас нечакана засмокча багна хлусні і падману, – аўтар паспрабаваў адказаць на гэтыя і іншыя пытанні. Кніга разлічана для чытачоў рознага ўзросту.
1 ... 30 31 32 33 34 35 36 37 38 ... 332
Перейти на страницу:

А тут яшчэ Польшча… Ды і Фінляндыя ў дадатак. Як нож у спіну. Але самае страшнае другое – сялянскія бунты, якія калі не перараслі, дык вось-вось перарастуць у паўстанне. Тут ужо меў рацыю бацька – трэба праявіць жорсткасць і ўладу.

Яму добра запомнілася, як нябожчык бацька ў 1854 годзе выдаў указ аб наборы ў марское апалчэнне. Думаў, што такім чынам здолее сфарміраваць флатылію для абароны балтыйскага ўзбярэжжа. І што з гэтага выйшла? Набор быў аб’яўлены па чатыром губерням – Пецярбургскай, Аланецкай, Цвярской і Ноўгарадскай. Нехта ж з хітрых сялянаў пусціў плётку-гадзюку – хто добраахвотна запішацца ў апалчэнне, таму воля з сем’ямі і бацькамі. Ну і пачалося – з Разанскай, Тамбоўскай, Уладзімірскай ды і іншых “унутраных губерняў” сяляне ішлі цэлымі вёскамі і амаль патрабавалі, каб іх запісалі ў апалчэнне. Паставіць усё на месца без дапамогі войска не ўдалося б….

Тое не насцярожыла. Амаль праз год аб’явілі новы набор у агульнадзяржаўнае апалчэнне. І зноў жа знайшліся правакатары – зноў пусцілі чутку, што тым, хто запішацца, цар-бацюхна дасць волю.

А ў Маларосіі дык зусім загаварылі пра тое, што сялянаў прызвалі “у казакі” і што ёсць указ не толькі вызваліць іх ад прыгону, а яшчэ надзяліць іх панскай зямлёй.

А яшчэ праз год… Дзесяткі тысячаў прыгонных, пакінуўшы свае прадымленыя и закураныя хаціны, цэлымі сем’ямі рынуліся ў разбураны вайною Крым. І зноў аднекуль з гнілога падзямелля вужакай папаўзла чутка: “Хто паселіцца ў Крыме – атрымае ад цара волю”. Чутка-плётка аказалася мацней за царскі ўказ.

Аляксандр ІІ мог ўспамінаць і ўспамінаць, як мітусіўся і злаваўся бацька, шукаючы выйсце. А яно не бачылася… Мінае год – паўстанне ў Магрэліі.

“Ну, чаму такія няўдзячныя сяляне? – здзіўляўся шчыра імператар, зноў падышоў да буфета – ужо іншага, што стаяў у прыцемкаватым кутку, наліў сабе салодкага пуншу. – Здавалася, усё ўжо зроблена для таго, каб улагодзіць іх. Радуйцеся, выказвайце падзякі цару, услаўляйце яго, з амвона ў касцёлах ды цэрквах узносьце “доўгія леты”, дык усё наадварот – зноў ім не так.

Яшчэ ў маніфесце 1856 года – з нагоды заключэння Парыжскага міру – было абвешчана: “Ды зацвердзіцца і ўдасканаліцца унутраны дабрабыт Расіі; праўда і міласць ды царствуюць у судах яе, ды развіваецца паўсюль і з новай сілай імкненне да асветы і ўсялякай карыснай дзейнасці, і кожны, пад покрывам закона, для ўсіх роўна справядлівых, усім роўна заступніцтва, ды няхай насалодзяцца мірна пладамі працы нявіннай…”

Хто кажа, што ён, імператар крыважэрны і злы? Нядобразычліўцы… Ці не ён знішчыў сумна вядомы “бутурлінскі камітэт” па цэнзуры? Хіба не ён вярнуў з ссылкі дзекабрыстаў, хто застаўся яшчэ жыць? І петрашоўцам прыйшлося дараваць, за мяжу дазволіў ім ездзіць… А тут прадстаўнікі ІІІ аддзялення даносяць, што няўдзячныя падданыя зграямі хлынулі у Лондан, к Іскандэру – Герцэну. А ён што? Яго “Колокол” быццам бы падмяняе царскую канцылярыю – ўзяўся разглядаць праекты “Палажэнне аб сялянах, якія выйшлі з-пад прыгоннай залежнасці”.

Тады ж дробнапамесныя, даведаўшыся пра тыя праекты, адразу пачалі бунтаваць, за сякеры брацца, крычаць пачалі: “Ніякага вызвалення! Ніякіх надзелаў! Бо нам прыдзецца жабракаваць ісці па свеце!”

Ён, Аляксандр, прадбачыў такое, яшчэ ў 1856 годзе гаварыў на сходзе прадвадзіцелям маскоўскага дваранства, што лепей вызваліць іх зверху, чымся чакаць, калі яны самі, узяўшыся за вілы і косы, вызваляць сябе знізу. Не прыслухаліся, а дарэмна. Цяпер гэта стала яго галаўным болем. Ён і да гэтага адчуваў, што сялянскія масы сталі падобны на горшчык, у якім кіпіць варыва. Калі слабы агеньчык пад сподам, то кіпень можа трымацца доўга, а калі хто ў агонь кіне некалькі паленцаў, што з таго будзе? Вось і падкідвае нехта тыя паленцы…

Аляксандр ІІ ходзіць і ходзіць па пакоі, нячутна ступаючы на паліраваную да бляску падлогу. Зноў смакуе пунш. Ведае, што задужа ён прыкладваецца да яго, але толькі ён ратуе ад галаўнога болю і сцішвае гнятучы настрой. Бацька ўжо адышоў у іншы свет, яго ўжо нічога не непакоіць, а яму, спадкаемцу, трэба думу думаць, як абысці тыя непажаданыя няшчасці, які ўсплылі спакваля і нечакана…

А мо і не нечакана. Бо вунь нават сярод некаторай часткі дваранства балаболяць, што вызваленне сялянаў гэта толькі палова справы, трэба думаць ужо пра стварэнне новай, дэмакратычнай і справядлівай канстытуцыі. Во яно як павярнулася! Іх, бачце, ужо не задавальняюць праекты, якія склалі дваранскія губернскія камітэты, яны ўжо прызнаюць іх згубнымі і павярхоўнымі, што нават не адпавядаюць агульным запатрабаванням”. Дык няхай бы пра тое плявузгалі між сабою, выгаварыліся б і замоўклі, дык не, склалі “Адрас” на імя цара.

1 ... 30 31 32 33 34 35 36 37 38 ... 332
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)