Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Козько Виктор Афанасьевич
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00519-4
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
Правіўся на лодцы і спяваў песню мужчына ў чырвонай сарочцы і картовых стракатых штанах. Я толькі зірнуў і адразу прызнаў у ім земляка. Прызнаў па тым, як ён упраўляўся з лодкай. Гэтую паляшуцкую манеру гнаць лодку, адпіхваючыся вяслом аб дно, нельга зблытаць. Пра некаторых людзей гавораць, што яны нараджаюцца ў сядле. Тут, у маім краі, людзі нараджаюцца, можна сказаць, у лодцы, з маленства на вадзе і каля лодкі. Лодка імкліва, не калываючыся і не рыскаючы з боку ў бок, бегла па вадзе. Лодачнік, як упаяны, стаяў у сваёй пласкадонцы, яна, здавалася, да краёў напоўнена ліпкай смалой, і, стоячы ў гэтай смале па калена, здавалася, вельмі лёгка трымаць раўнавагу, вельмі проста за вадою і супраць вады гнаць лодку — схіляйся і выпрамляйся, папіхвайся ў дно шастом ці вясельцам, спявай песню, як спявае яе, едучы на сваім скакуне, казах ці кіргіз: лесам еду — спяваю пра лес, стэпам еду — спяваю пра стэп. Гэты ж спяваў пра ваду і дуброву:
Такой ці прыкладна такой была яго песня. Толькі яго. Як магла яна быць толькі маёй, калі б гэта я плыў у лодцы і ведаў, што ніхто, акрамя мяне, не пачуе яе. Гэты ж, у чырвонай сарочцы, не збянтэжыўся, калі ўбачыў і чужога чалавека, мяне: працягваючы сваю песню, скіраваў лодку да берага.
— Дзень добры, божы чалавек!
Я адказаў на яго прывітанне і чакаў, што будзе далей, навошта яму спатрэбілася спыняцца, здароўкацца са мной. Ён жа стаяў і маўчаў, лодка цяпер крыху пакалыхвалася, гасячы хвалю. Я бачыў, што справы ў яго да мяне няма аніякай, толькі цікаўнасць. З узнятага ўгару вясла падалі, крапілі рэчку кроплі вады, і вясло тое было падобнае на дапытліва высалаплены язык. I гэтая зацікаўленасць лодачніка да мяне не магла не здзівіць. Ні ў адзенні маім, ні ў тым, чым я займаўся, не было нічога незвычайнага. I чалавек у лодцы быў самы звычайны, было яму, здаецца, добра ўжо за сорак, невысокі, загарэлы, спрытны, складны, як ножычак-складнік. Вось толькі гэтая чырвоная сарочка.
— А я цябе, браце, не ведаю,— нечакана перапыніў ён наша маўчанне, якое рабілася ўжо зацятым.
— I я вас не ведаю,— адказаў я.
— Як? — непадробна здзівіўся ён.— Ды мяне ўсе сабакі на свеце ведаюць.
— Мо таму, што я не сабака...
Ён засмяяўся, замахаў вяслом:
— Не, не, я не к таму. Я — Лукаш-страннік.
Ён назваўся так гучна, так значна, што я сумеўся. Не ведаў я і не помніў аніякага Лукаша-странніка. I ён, здаецца, адразу ж страціў да мяне ўсялякую цікаўнасць. Адпіхнуў лодку ад берага, адплыў колькі метраў, паклаў вясло, замест яго ўзяў багор і пачаў дзяўбці тым багром у дно ракі.
— Вы нешта шукаеце? — спытаў я яго, каб хоць неяк згладзіць сваю недасведчанасць. I пачуў, як багор штосьці намацаў у дне, заспатыкаўся там.
— Што я магу шукаць,— Лукаш-страннік слухаў свой багор і не глядзеў у мой бок.— Што я магу шукаць,калі ўсё даўно ўжо знайшлі без мяне? Бога? Дык ён ужо са мною... А вось тут ляжыць гронка дубовага лесу,— і трохі пазней і далей ужо ад мяне: — I тут гронка. Калода на калодзіне. Купацца — асцярожна трэба. Вуду закідваць асцярожна... На хату дубоў.
— Вы будуецеся,— здагадаўся,— шукаеце лес. Вам трэба дубы...
— Мне нічога не трэба. Я ж сказаў, я Лукаш-страннік. Хаджу-пахаджаю, езджу, памагаю людзям. I табе вось пасобіў. Ты паставіш тут палатку, будзеш вудзіць рыбу, купацца і перасцерагацца ўжо будзеш. Калодзіны тут. Як, памог?