Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ

Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:

У другі том выбраных твораў Віктара Казько ўвайшоў раман «Хроніка дзетдомаўскага саду», у якім апавядаецца аб лёсе саду, які заклалi нашы байцы пасля сканчэння грамадзянскай вайны, i аповесць «Цвіце на Палессі груша» аб складаных чалавечых узаемаадносінах.
1 ... 37 38 39 40 41 42 43 44 45 ... 228
Перейти на страницу:

На ўсё жыццё прасякнутая сонцам гарачая кроў захоўвала і перадавала нашчадкам памяць аб небывалым, аб небылі, што магло быць, але чаго не было. Аб тым, што на гэтым свеце заўсёды вечная вясна. Вясна і каханне — падман, канечне, але які. Навеяны самой смерцю, успешчаны стагоддзямі, так, што ні працівіцца, ні розумам ахапіць. А калі так, то прасцей за ўсё прыняць яго як праўду. I чаму б не прыняць, калі гэта дапамагае жыць, больш таго, у ім усё ж ёсць крупінка праўды. Нешта ж падобнае на праўду прыносіў, дараваў табе кожны новы дзень, кожны год. Не толькі ж сонца, але і ўвесь шар зямны спрасоўваўся, каціўся табе пад ногі, калі ты з зубрыхай, будучай маці тваіх зубранят, ішоў лесам, які на тваіх вачах неяк дзіўна звужаўся, нібы ў ім расло адно толькі вечназялёнае дрэва, але такое, што яго хапала, каб укрыць усю зямлю і цябе, таму і ва ўсім свеце адзін толькі блакіт і зеляніна. I ўсё гэта ты, тваё сённяшняе, будучае і мінулае. Сад зямны. Ты ў ім, а ён на тваіх касцях. I ў ім ужо ўсё без прыдумкі, надуманасці, таму што за ўсё жывое прыходзіцца разлічвацца таксама жыццём, сваім жыццём, а не суседа ці ворага. I старыя зубры глядзелі на неба і зямлю, за сінь, зеляніну і блакіт каторых было сплочана іх жыццём, і хацелі, каб усё гэта дарэшты належала толькі ім. Яны хацелі, як тое мелася і раней, уладарыць. А для ўладарання ім неабходна было трохі зведаных імі раней жахаў, трохі нястачы і нягоды, ліхіх прыгод. Праз гэта яны лепш усведамлялі сваю выключнасць на зямлі, уваходзілі ў сілу праз вынішчэнне, міжусобныя бойкі, войны, голад. Тады яны адчувалі сваю неабходнасць і ўладаранне, неабходнасць векавога свайго вопыту ў змаганні за тое, каб выжыць. Не памятаючы ўжо, што гэты вопыт і мудрагельства не раз падводзілі іх, што зусім нядаўна яны жорстка прайгралі. Прайгралі да смерці. I толькі нейкае дзіва выратавала іх ад канчатковага ўжо небыцця, добрая рука безупыннага і бясконцага жыцця выхапіла, не аддала іх забыццю. А магло ж быць і інакш. I было ўжо з іх сваякамі-мамантамі.

Але старыя зубры дамагаліся свайго, патрабавалі пакінуць загоны і закуткі, адмовіцца ад нарыхтаванага загадзя корму, нібыта яны былі каровамі, і выйсці зноў на свае старыя сцежкі, аб'явіць сябе свету, адваяваць, вярнуць былое месца ў свеце, які яны пакінулі ці які адабралі ў іх.

Маладняк не пагаджаўся і наракаў. Наракалі больш несапраўдныя, народжаныя як бы штучна, у загонах. Сталыя зубры так і звалі іх штучнікамі, забыліся ўжо, што самі яны як ні на ёсць сапраўдныя штучныя, таму што гэта іменна іх збіралі па ўсім свеце, эксперыментавалі і, калі нешта атрымалася, выпусцілі ў загоны, дзе потым нарадзіліся новыя зубры, хаця і пад вольным небам, але і за загарадкаю. Але загарадка не палохала і не бянтэжыла маладняк, яны лічылі, што так і трэба, і не вельмі сумавалі па вольным небе, ім хапала і таго, пад якім яны выраслі, яно было цёплае і сытнае. Прымалі яны і руку наглядчыка-турэмшчыка, што карміла іх, пазбаўляла шматлікіх прывідаў мінулага, якое хоць і цьмяна, але захоўвалася ў іх памяці. Так жа цьмяна жыло ў іх адчуванне неахопнасці свету, які колісь належаў ім. Такое адчуванне агортвала іх, калі надыходзіў час гону; не наважваючыся яму паддацца, а іншым разам не маючы магчымасці паддацца, яны шалелі, зносілі і знішчалі ўсё, звярэючы ад гэтага знішчэння, зняможаныя прадчуваннем чагосьці вялікага і сапраўднага, такога вялікага і сапраўднага, што і ўявіць немагчыма. I яно амаль што побач, варта толькі зрабіць адзін крок, і ўсё пераменіцца, перакроіцца. Спадзе з вачэй туман, у аднаколернасці якога яны жылі дагэтуль, забліскаюць маланкі, прагрыміць гром, неба ахопіць вясёлка, праясніць усё, пазбавіць здранцвення і тугі. I сцежкамі, што парабілі ім людзі, дарогаю, пазначанай і выгараджанай з двух бакоў жэрдкамі, парамі яны ішлі, здавалася, напрасткі ў будучыню, якая ўжо клікала і падганяла іх. Ішлі, гледзячы перад сабой ашклянелымі вачыма, тварыць любоў, спадзеючыся, што больш сюды ніколі ўжо не вернуцца. I кожны раз, зняможаныя ад шаленства і голаду, вярталіся, падманваючы сябе, што гэта ненадоўга, і адначасова ведаючы, што гэта назаўсёды, што дазволеная любоў, якая толькі што збылася, павязала іх з гэтым небам і гэтымі загарадкамі. I нічога ўжо ў іх жыцці не пераменіцца. Яны на крузе яго, і круг гэты вечны. Адны падаюць, другія становяцца на іх месца. I па гэтым крузе ў пэўных месцах стаяць кармушкі, а каб сена ці трава не выдавалі прэснымі, ляжыць соль, старанна абладжаны і зацішныя куткі, дзе яны любяцца. I няма на што наракаць — усё разумна, усё прадугледжана. Трэба толькі падпарадкоўвацца.

1 ... 37 38 39 40 41 42 43 44 45 ... 228
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)