Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Козько Виктор Афанасьевич
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00519-4
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
— Мамаша,— сказаў ён ціха, не паварочваючыся да сваіх спадарожніц, якія ўсё яшчэ стаялі на дарозе.— Мамаша, там у мяне, у машыне, яшчэ яблыкі, нясіце іх.
— Ага, бягу, трымайце мяне, а то лоб разаб'ю,— азвалася мамаша.
— Я зараз, я зараз,— аж усхліпнула, задыхнулася дзевачка, дачка яе.
— Ага, чорту на рог, так я цябе сваімі рукамі і пусціла.
— Ды ён дамашні, ручны. А тут такі кадр, дзяды і звер,— у голасе мужчыны было ўжо нецярпенне.
— Дзяды і звер... Воўк таксама свойскі, пакуль авечку свяжуе.
— Ды не бойцеся. Вы ж дзержыце карову, галоўнае спакойствіе.
— Я спакойная, я спакойная, і ліха мяне не возьме, калі толькі я яго не крану. Пайшлі, дочка, пайшлі... Зверу звярынае, чалавеку чалавечае. Цьфу, свет перавярнуўся.
Жанчына асмялела, таму што каля яе ўжо былі людзі. Людзі і машыны, якіх усё большала і большала, тоўпіліся і грудзіліся на бетонцы. Ужо даўно развіднела, пачаўся рабочы дзень, і шмат у каго, хто апынуўся на тую пару каля помніка дзядам, ён пачынаўся з дзіва, цуду. I вадзіцелі, і пасажыры спяшаліся паглядзець на гэтае дзіва, а калі можна, то і памацаць яго рукамі. Людзі палавінілі свой наедак, загорнутыя ў газету сняданкі і абеды, неслі зверу ўсё, што ў іх было: яблыкі, хлеб, каўбасу, сала. Сноўдалу ўжо раздражняла гэтая чалавечая мітуслівая добразычлівасць. Ён перабіраў ужо, адмаўляўся ад усяго мяснога, цягнуўся да яблыкаў, заядаў іх хлебам. Ішоў праз людскі натоўп, прагнучы ўжо не наесціся, а як-небудзь выдрацца, прабіцца праз гэты частакол дакучліва працягнутых да яго з міласцінаю рук. I тыя двое, што моўчкі застылі ў камені і нічога не падавалі і не працягвалі, здаваліся яму лепшымі сярод людзей. Лепшымі былі жанчына і дзевачка, якія прайшлі ўжо, зніклі, згубіліся са сваім хлебам на прасёлачнай дарозе. I ён бы, канечне, адвярнуўся ад гэтых працягнутых да яго рук і скіраваў следам за імі. Але яму трэба было зусім у другі бок. Трэба было неяк перабрысці бетонку і ступіць у лес, схавацца ў лесе і красціся лесам. Можна было ісці і бетонкай, ёю якраз і трэба было брацца. Іменна пад каменем, ён адчуваў, і схавана была яго сцежка. Людзі ведалі, што адзяваць у камень, куды класці бетон, дзе пракладваць свае дарогі. Там, дзе ўжо ступала чыясьці нага. А тут спрадвеку вілася іх зубрыная сцежка, між гразкіх балот, непраходнай багны, лясных завалаў, дзе і крумкач не пралятаў, яны перабрыдалі рэчку, выходзілі на зары з вады, як з падання, аб гэтым потым і складалі паданні. Паданні і дзівосныя казкі, як яны ішлі па зямлі след у след, і самы вялікі туман быў ім толькі да каленяў. I зямля скаланалася ад іх нехапатлівай хады, здавалася, што гэта сама зямля кранулася ў дарогу ці сабрала іх у гэтую дарогу, рассунуліся, разамкнуліся балотныя лясныя чарназёмы і падзолы, агаліліся векавыя карані дрэў. Гэтыя карані пастрасалі з сябе вільготны пясок, пахісталіся, пакалыхаліся, абярнуліся зубрамі і рушылі ў дарогу. I тыя з зуброў, якія хоць раз прайшлі гэтаю дарогай, Сноўдала чуў, былі сёння незадаволены ім, яго пакорлівасцю, а мо і крыхаборствам. Не было такога ў звярыным родзе. I не для таго яго выпраўлялі ў дарогу, каб ён збіраў міласціну.
Род яго зубрыны адрадзіўся і ў апошнія гады памножыўся. I разам з гэтым памнажэннем пачала адраджацца і памяць, таму што ім стала цесна і няўтульна ў тых закутках і загонах, дзе іх трымалі, склалі, сабралі па варсінцы, па пылінцы з усіх частак свету; не маючы, не ведаючы сваіх пачаткаў і канцоў, яны былі асуджаны зноў на выміранне, цяпер ужо ад сытасці, перакормленасці, ад лёгкасці, здаецца, ляснога, а на самай справе хатняга жыцця.
Старыя, падобна Сноўдалу, яшчэ дзічыліся гэтай хатнасці, прыручанасці. Яны яшчэ былі гордымі ў сваіх занесеных пяском стагоддзяў паданнях і снах, працягвалі ўладарыць у сваіх снах. Помнілі час, калі зімы былі сапраўднымі, калі аніякімі капытамі немагчыма было прабіць снег, лёд амаль. Камянела галлё на кустах і дрэвах, не голле — ледзяшы. Дрэвы ўначы лопаліся ад марозу і стралялі, што з пушак. А вясною прыбывала столькі вады, што замест сакавітай травы, якая павінна ўжо была прабіцца, даводзілася грызці кару старых замшэлых дубоў, нават грабаў, раздзіраць да крыві рот, захлынацца крывёю, таму што вада не пускала да маладых дрэўцаў, залівала іх разам з апошняй пупышкай на макаўцы. А калі гэтая пупышка разгортвалася і выкідвала зялёны ліст, з'яўляліся паляўнічыя, ласыя да зубрынага мяса і іх гарачай густой крыві. Куля не ведала літасці, не абмінала ні старых, ні маладых, смерць касіла сваёй касой усіх запар, каб помнілі да дзесятага калена. I старыя штосьці помнілі. Старым барадатым зубрам асалода і раскоша хатняга жыцця не засцілала, як валам, спакоем вачэй. Канечне, ранейшае жыццё было густа замешана на іх уласнай крыві, жахах памірання кожны дзень, голадзе, холадзе. Але ж так яны ўзыходзілі і прарасталі, ішлі ў жыццё. Было ў ім шмат такога, што праз гады бачыцца светлым і радасным, нібы сонца само сышло на зямлю. Здаецца, сапраўды сонца ляжала каля іх ног, вялікае і пякучае. Ад такой спёкі можна было згарэць, і яны згаралі. Але калі ўжо шанцавала, дык на ўсё жыццё.