Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ

Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:

У другі том выбраных твораў Віктара Казько ўвайшоў раман «Хроніка дзетдомаўскага саду», у якім апавядаецца аб лёсе саду, які заклалi нашы байцы пасля сканчэння грамадзянскай вайны, i аповесць «Цвіце на Палессі груша» аб складаных чалавечых узаемаадносінах.
1 ... 31 32 33 34 35 36 37 38 39 ... 228
Перейти на страницу:

I я, не зважаючы на правадніцу, шмыгнуў пад вагон і ў першае ж акно, каля якога былі людзі, працягнуў рукі, не думаючы, што за гэтым адбудзецца, што пакладуць тыя, у вагоне, у мае рукі — хлеб ці камень, возьмуць іх, прымуць ці ўдараць па іх. Мяне падхапілі, адарвалі ад зямлі і ўцягнулі ў купэ, лічы, узнеслі на сёмае неба. Але недарэмна гавораць: ніколі не хадзі па той дарозе, па якой аднойчы ты прайшоў ужо. Не паспеў я ачомацца, устаць на ногі, як у купэ апынулася і правадніца. Я сарваўся з месца і пабег. Усё паўтарылася, усё было так, як і тады, у дзяцінстве, калі першы раз вось такім чынам апынуўся ў такім жа вагоне. Адна толькі розніца — выкрылі мяне, што я без білета еду ў поездзе, калі ён ужо крануўся. Уся брыгада, кантралёры, рэвізоры, праваднікі, гналася за мною. Калі б поезд набраў ужо хуткасці, як тады, я б уцёк, чорта б яны мяне ўзялі. Уцёк бы па дахах вагонаў, як і тым разам: набліжэнне моста цераз рэчку выратавала мяне ад рэвізора. Ён, канечне ж, палез за мной на дах вагона, але блізкі грукат сталёвых пралётаў моста спыніў яго. Ён пабаяўся гнацца за мною далей, ашчаджаў галаву, яе магло знясці пралётам моста, сталёваю бэлькай адхапіць, як брытвай. Ён ведаў аб гэтым, ведаў і я, і ў мяне была галава на плячах, не капуста, галава, якой я таксама рызыкаваў, але не баяўся рызыкі, як баяўся рэвізор, таму што ён быў загоншчыкам, паляўнічым, а я дзічынай. А для дзічыны дзвюх смярцей не існуе.

I цяпер я быў дзічынаю, але поезд мой стаў, мёртва прыкіпеўшы коламі да рэек, нібы і не збіраўся ніколі і нікуды адыходзіць. Мяне гналі праз усе вагоны да самага паравоза. З пляцоўкі апошняга вагона я і ўзабраўся на тэндэр, хацеў закапацца ў вуглі, але мне не дазволілі. Я скочыў з тэндэра ў паравозную будку, яна была пустая, не гарэў і агонь у топцы. Топка зазывала мяне да сябе: самае схоўнае месца, самая надзейная схованка на свеце. Ніхто не знойдзе. Але я ведаў, што гэта лавушка, пастка. Варта мне было нырнуць туды — і імгненна запалыхае агонь. Я згару, як згаралі афіцэры, што вярталіся з фронту дамоў, ці «мяшочнікі». Выйсце было адно, немагчымае, неймавернае, але ўсё ж выйсце. Пакінуць поезд, здацца і сто гадоў чакаць наступнага ці спрабаваць непрыкметна зноў залезці ў акно гэтага.

Я саскочыў на зямлю, за мной пасыпаліся з вагонаў і мае ганіцелі. I колькі ж іх было. Да іх далучыліся, здавалася, і тыя, хто толькі што падаў мне руку, дапамог залезці ў вагон. Усе яны гналіся за мной, палявалі зайца. Я бег па састарэлай, як вымерлай станцыі: міма калонкі, дзе бралі ваду некалі паравозы, а цяпер яна была бяздзейнаю, без кроплі вады; міма вакзальных ларкоў, якія не рабілі, прадаўцы спалі, схіліўшыся за цьмянымі, стагод дзе не мытымі вітрынамі над заплеснелымі зялёнымі бутэрбродамі з каўбасой і сырам; міма трухлявых цяпер ужо штабялёў лесу, які рассыпаўся ў прах ад аднаго толькі подыху ветру; бег па парослых мазутнаю травою шпалах, пакрытых болькамі, з'едзеных іржою рэйках, па якіх ужо сто гадоў ніхто не ездзіў. I на гэтай каляровай гнілі былога свята хуткасці і руху мяне заўсёды даганяў гудок паравоза. Даганяў заўсёды таму, што гэта быў даўні мой сон-трызненне, насланнё, пракляцце маё. Паравозны гудок скаланаў і разбураў вакзал, ларкі, штабялі лесу, нібы скрозь зямлю правальваліся, знікалі і людзі. Поезд кранаўся, я заставаўся адзін. Ні душы вакол. Нікога, толькі невідушча і цяпер ужо бязгучна бег у сінь і блакіт неба поезд. I тут я звычайна прачынаўся, агорнуты неверагодным смуткам, збянтэжаны, адчуваючы, як наплываюць і шчыплюць твар слёзы. Не трапіў, не трапіў. Лепш бы ўжо і не прачынацца, так шкада мне было поезд, які паехаў без мяне. Пазбавіўшыся ўжо сну, наяве я яшчэ больш востра адчуваў, што павінен быў ехаць у ім. Куды? Гэтага я зноў не ведаў. А хацеў бы ведаць. Хацеў быць у тым поездзе, і шкада было ўжо і сну, таго, што ён заўсёды рвецца на адным і тым жа месцы. Ён не адставаў ад мяне гадоў дзесяць. Я не мог заснуць з-за яго ўначы. Адчуванне чагосьці невыказна добрага, ад чаго заваблівала, заманьвала мяне ў дарогу, сціскала сэрца, ахоплівала такая туга, што я не мог і варухнуцца, быццам трапляў пад шахтавы абвал ці дрэва падала на мяне, часам жа здавалася, што я проста ў абдымках кагосьці жывога. Я імкнуўся вырвацца з гэтых абдымкаў, спрабаваў устаць і не мог, толькі нема крычаў: «Хто ты, адкуль ты?» Адказу ніколі не было. Прамога адказу, голасам ці гукам. Але непрамы быў, толькі я тады не разумеў, што гэта адказ. Урэшце мне ўдавалася перавярнуцца, пазбавіцца гнятлівага суму ці хоць трохі прыглушыць яго паўсядзённым, што чакала мяне раніцай, як толькі я падымуся, тымі абавязкамі і клопатамі, якімі я жыў у той час у далёкім маім горадзе. Я зноў непрыкметна ўпадаў у дрымоту і бачыў другі ўжо сон. I зноў жа нязменна адзін і той жа. I тут трэба сказаць, калі першага сну я баяўся, то другі выклікаў, прасіў, каб ён сасніўся мне, як просяць паказаць дарагую і памятную фотакартку. Не ў прыклад першаму, ён быў вельмі кароценькі, ён не сцягваўся, таму што ў ім нічога не адбывалася, ну зусім нічога. Я ішоў берагам Пятлянкі, ішоў сабе, і ўсё, вяртляваю, як сама рака, сцежкаю, па белым пяску і чорным глеі, праз асаку, што расла пры беразе. Неба над маёй галавою было заўсёды сіняе, сонца яснае і добрае, вада ў Пятлянцы пяшчотная, і я нікуды не спяшаўся, ніхто не падганяў і не чакаў мяне ні адзаду, ні наперадзе. Але я ведаў, куды іду, і ціха сам сабе радаваўся. Туды, дзе Пятлянка ўпадае ў другую рэчку, вельмі вялікую для мяне, хаму што большай я не бачыў. Дзесьці каля гэтых дзвюх рэчак ёсць старыца, а праз яе вельмі стары, старадаўні масток, такі старадаўні, што і дарога да яго з двух бакоў зарасла, памерлі даўно ўсе, хто хадзіў па ім і ездзіў. На тым мастку сядзіць, грэе на сонцы старыя свае косці дзедка, якога ніхто, акрамя мяне, і не бачыць. Ён глядзіць на такую ж нябачную чужому воку сцежку. Пра яе ведаем мы толькі двое. Гэта былая звярыная сцежка, па якой стагоддзі, тысячагоддзі хадзілі на вадапой цары прыроды, магутныя лясныя волаты-зубры. Апошняга з тых зуброў забілі некалькі дзесяцігоддзяў назад, толькі мы з дзедкам не верым гэтаму. Мы чакаем, калі ён вернецца, таму што наогул не верым у смерць. Хто нарадзіўся, што з'явілася на зямлі, тое ўжо вечнае, непадуладнае смерці, таму што належыць не каму-небудзь аднаму, а ўсім, усяму свету, усёй зямлі і памрэ толькі разам з зямлёй. А пакуль яна ёсць, усё на ёй жывое. Я нават ведаю, калі з'явіцца з небыцця наш з дзедкам звер, кашлатая наша ўцеха і радасць, і таму мінаю дзедку, які дзесяцігоддзямі не пакідае мастка. На зліцці рэк, дзе растуць дубы, якія памятаюць яшчэ варагаў і грэкаў, у засені іх, стаіць напаўразбураная хатка, сплаўная кантора, якая засталася тут яшчэ з той пары, калі па Пятлянцы сплаўлялі лес. З той пары захаваліся і далёка крочылі ў ваду палі, дзе-нідзе праз іх перакінута бярвенне. I я падыходзіў да гэтых паляў, узлазіў на цёплае бярвенне, лажыўся на яго, прыпадаў тварам амаль што да самай вады. I ўсё на свеце знікала — ні звяроў, ні хат, ні людзей, ні вёсак, ні гарадоў. Былі толькі я і вада, вада пацвельвала мяне, казытала апушчаны ў яе нос. I як гэта было хораша. Спакваля рэчка звыкалася са мною, выпускала са сваіх глыбінь вялікіх залацістых рыбін, яны плавалі, без перабольшання, у мяне пад носам, сонна пашавельвалі плаўнікамі, зявілі ружова-празрыстыя раты, нібыта спрабавалі сказаць мне штосьці. Я старанна імкнуўся зразумець іх мову і таксама бязгучна па-рыбінаму нешта адказваў ім. Неба і свет звужаліся, гублялі сваю бясконцасць, абмяжоўваліся памерамі таго свету і неба, якія былі вакол мяне і над маёй галавой, выкройвалася трохі месца і для хаткі, што стаяла наводдаль, драмала пад дубамі, для паляў, падобных на свечкі над вадою, і самой вады, роўнядзі ракі перад вачыма. Гэта быў вельмі добры свет, і ўсё ў ім было ў згодзе. Мяне, чалавека, яшчэ не існавала, я быў сярод рыб, гаварыў з імі, спрачаўся і пагаджаўся, яны ўцягвалі і заманьвалі мяне ўглыб, у бяздонне віру, які падземнымі жыламі злучаўся з усімі водамі свету, у віры, дзе ляжалі мораныя дубы, куды не дасягала сонца і дзе жылі толькі чорныя самы, якія ўсплывалі наверх толькі ўначы. Я адмаўляўся ісці за рыбамі, ведаючы, што адтуль ужо не вярнуся. Я ж яшчэ не нарадзіўся. Мне было толькі яшчэ наканавана нарадзіцца, з'явіцца на гэты такі цудоўны і прыгожы белы свет. Лежачы на палях, я прадчуваў сваё будучае нараджэнне і прыспешваў яго, спяшаўся, прагнуў з'явіцца

1 ... 31 32 33 34 35 36 37 38 39 ... 228
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)