Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Козько Виктор Афанасьевич
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00519-4
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
У другі том выбраных твораў Віктара Казько ўвайшоў раман «Хроніка дзетдомаўскага саду», у якім апавядаецца аб лёсе саду, які заклалi нашы байцы пасля сканчэння грамадзянскай вайны, i аповесць «Цвіце на Палессі груша» аб складаных чалавечых узаемаадносінах.
Перейти на страницу:
стра адчуваў, што павінен быў ехаць у ім. Куды? Гэтага я зноў не ведаў. А хацеў бы ведаць. Хацеў быць у тым поездзе, і шкада было ўжо і сну, таго, што ён заўсёды рвецца на адным і тым жа месцы. Ён не адставаў ад мяне гадоў дзесяць. Я не мог заснуць з-за яго ўначы. Адчуванне чагосьці невыказна добрага, ад чаго заваблівала, заманьвала мяне ў дарогу, сціскала сэрца, ахоплівала такая туга, што я не мог і варухнуцца, быццам трапляў пад шахтавы абвал ці дрэва падала на мяне, часам жа здавалася, што я проста ў абдымках кагосьці жывога. Я імкнуўся вырвацца з гэтых абдымкаў, спрабаваў устаць і не мог, толькі нема крычаў: «Хто ты, адкуль ты?» Адказу ніколі не было. Прамога адказу, голасам ці гукам. Але непрамы быў, толькі я тады не разумеў, што гэта адказ. Урэшце мне ўдавалася перавярнуцца, пазбавіцца гнятлівага суму ці хоць трохі прыглушыць яго паўсядзённым, што чакала мяне раніцай, як толькі я падымуся, тымі абавязкамі і клопатамі, якімі я жыў у той час у далёкім маім горадзе. Я зноў непрыкметна ўпадаў у дрымоту і бачыў другі ўжо сон. I зноў жа нязменна адзін і той жа. I тут трэба сказаць, калі першага сну я баяўся, то другі выклікаў, прасіў, каб ён сасніўся мне, як просяць паказаць дарагую і памятную фотакартку. Не ў прыклад першаму, ён быў вельмі кароценькі, ён не сцягваўся, таму што ў ім нічога не адбывалася, ну зусім нічога. Я ішоў берагам Пятлянкі, ішоў сабе, і ўсё, вяртляваю, як сама рака, сцежкаю, па белым пяску і чорным глеі, праз асаку, што расла пры беразе. Неба над маёй галавою было заўсёды сіняе, сонца яснае і добрае, вада ў Пятлянцы пяшчотная, і я нікуды не спяшаўся, ніхто не падганяў і не чакаў мяне ні адзаду, ні наперадзе. Але я ведаў, куды іду, і ціха сам сабе радаваўся. Туды, дзе Пятлянка ўпадае ў другую рэчку, вельмі вялікую для мяне, хаму што большай я не бачыў. Дзесьці каля гэтых дзвюх рэчак ёсць старыца, а праз яе вельмі стары, старадаўні масток, такі старадаўні, што і дарога да яго з двух бакоў зарасла, памерлі даўно ўсе, хто хадзіў па ім і ездзіў. На тым мастку сядзіць, грэе на сонцы старыя свае косці дзедка, якога ніхто, акрамя мяне, і не бачыць. Ён глядзіць на такую ж нябачную чужому воку сцежку. Пра яе ведаем мы толькі двое. Гэта былая звярыная сцежка, па якой стагоддзі, тысячагоддзі хадзілі на вадапой цары прыроды, магутныя лясныя волаты-зубры. Апошняга з тых зуброў забілі некалькі дзесяцігоддзяў назад, толькі мы з дзедкам не верым гэтаму. Мы чакаем, калі ён вернецца, таму што наогул не верым у смерць. Хто нарадзіўся, што з'явілася на зямлі, тое ўжо вечнае, непадуладнае смерці, таму што належыць не каму-небудзь аднаму, а ўсім, усяму свету, усёй зямлі і памрэ толькі разам з зямлёй. А пакуль яна ёсць, усё на ёй жывое. Я нават ведаю, калі з'явіцца з небыцця наш з дзедкам звер, кашлатая наша ўцеха і радасць, і таму мінаю дзедку, які дзесяцігоддзямі не пакідае мастка. На зліцці рэк, дзе растуць дубы, якія памятаюць яшчэ варагаў і грэкаў, у засені іх, стаіць напаўразбураная хатка, сплаўная кантора, якая засталася тут яшчэ з той пары, калі па Пятлянцы сплаўлялі лес. З той пары захаваліся і далёка крочылі ў ваду палі, дзе-нідзе праз іх перакінута бярвенне. I я падыходзіў да гэтых паляў, узлазіў на цёплае бярвенне, лажыўся на яго, прыпадаў тварам амаль што да самай вады. I ўсё на свеце знікала — ні звяроў, ні хат, ні людзей, ні вёсак, ні гарадоў. Былі толькі я і вада, вада пацвельвала мяне, казытала апушчаны ў яе нос. I як гэта было хораша. Спакваля рэчка звыкалася са мною, выпускала са сваіх глыбінь вялікіх залацістых рыбін, яны плавалі, без перабольшання, у мяне пад носам, сонна пашавельвалі плаўнікамі, зявілі ружова-празрыстыя раты, нібыта спрабавалі сказаць мне штосьці. Я старанна імкнуўся зразумець іх мову і таксама бязгучна па-рыбінаму нешта адказваў ім. Неба і свет звужаліся, гублялі сваю бясконцасць, абмяжоўваліся памерамі таго свету і неба, якія былі вакол мяне і над маёй галавой, выкройвалася трохі месца і для хаткі, што стаяла наводдаль, драмала пад дубамі, для паляў, падобных на свечкі над вадою, і самой вады, роўнядзі ракі перад вачыма. Гэта быў вельмі добры свет, і ўсё ў ім было ў згодзе. Мяне, чалавека, яшчэ не існавала, я быў сярод рыб, гаварыў з імі, спрачаўся і пагаджаўся, яны ўцягвалі і заманьвалі мяне ўглыб, у бяздонне віру, які падземнымі жыламі злучаўся з усімі водамі свету, у віры, дзе ляжалі мораныя дубы, куды не дасягала сонца і дзе жылі толькі чорныя самы, якія ўсплывалі наверх толькі ўначы. Я адмаўляўся ісці за рыбамі, ведаючы, што адтуль ужо не вярнуся. Я ж яшчэ не нарадзіўся. Мне было толькі яшчэ наканавана нарадзіцца, з'явіцца на гэты такі цудоўны і прыгожы белы свет. Лежачы на палях, я прадчуваў сваё будучае нараджэнне і прыспешваў яго, спяшаўся, прагнуў з'явіцца сярод лета і цішыні, вады і спакою, некранутых дуброў. А пакуль сам быў спакоем і цішынёю, сонцам і небам, краснапёркаю, рыбінаю, страказой, што празрыста планіравала над вадой. Я вітаў усё, што пазнаваў, і пазнаны мною свет вітаў мяне. Мы давяралі і даверыліся ўжо адно аднаму.
Перейти на страницу: