Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
Падпольная рэвалюцыйная арганізацыя набывала сілу і мацнела.
У пачатку кастрычніка яна ўзмацняецца “установай народнага рэвалюцыйнага саюза”, які ставіць перад сабой канкрэтную мэту і задачу – прамое ўзброенае паўстанне не супраць мясцовай адміністрацыі, а супраць Царскай Кароны, супраць Цара, але не супраць рускага народа. А ў Польшчы аднавіць тыя межы, якім яна валодала калі-небудзь гістарычна. Кіраваў саюзам акрамя народнага ўрада яшчэ і народны рэвалюцыйны камітэт на чале і пад старшыньствам Мераслаўскага, хаця народны ўрад захоўваў за сабою сілу.
Друкаваліся газеты “Рух”, “Стражніца” і шэраг іншых, у якіх быў надрукаваны “Статут народнага рэвалюцыйнага камітэта”, “Інструкцыі для павятовых камітэтаў”. Цэнтральны Народны Камітэт, які адыгрываў ролю народнага ўрада, надрукаваў пастанову, у якой гаварылася, што “кожны грамадзянін, які любіць сваю Айчыну і хто хоча аднавіць яе самастойнасць, павінен унесці адначасовую і надзвычайную плату, якая павінна служыць капіталам кожнага з грамадзянаў, лічачы ў палову працэнта ад ста з нерухомай маёмасці і капіталаў. Тэрмін уплаты гэтага падатку прызначаўся да 10 лістапада 1862 года… Не хацелі развітвацца са сваім багаццем заможныя сяляне і яўрэі. Тады невядома адкуль пачаў гуляць па паселішчах “чырвоны певень”. То карчма згарыць у яўрэя, то свіран у пана. І гэтак у Літве, Беларусі, Украіне, Валыні, Падоліі, Познані, Галіцыі…
Праз нейкі час пачала ўносіцца прапанаваная раней плата.
Падпольны цэнтральны камітэт ператвараецца ў Часовы нацыянальны ўрад. І першым яго дзеяннем стала рашэнне ад 22 студзеня 1863 года аб распачынанні народнага паўстання. Тады ж быў аб’яўлены Маніфест:
“Да зброі, народ Польшчы, Літвы і Русі, да зброі! Бо прабіў час усеагульнага вызвалення, стары меч аголены, святы штандар Арла, Пагоні і Архангела ўзняты”.
Адначасова абвяшчаецца дэкрэт аб вызваленні ад прыгонніцкай залежнасці сялянаў. Ліквідоўваецца паншчына, перадаецца ва ўласнасць зямля, якую апрацоўвалі сяляне, надзяляюцца беззямельныя сяляне трыма моргамі зямлі...
Але наперадзе незразумеласць і невядомасць…
І дарогі нябачна, і сонца зайшло за шэрыя хмары…
Моўчкі і бязлітасна пісалася гісторыя шматпакутнага і здратаванага несправядлівасцю краю.
Імператар Аляксандр ІІ хадзіў з кутка ў куток, заклаўшы счэпленыя рукі за спіну. Гнятлівыя думкі непакоілі яго. Падышоўшы да буфета, які некалі прывезлі бацьку – Мікалаю І (малодшаму брату Аляксандра І) – з Францыі, узяў у рукі гранёны графінчык. Патрымаў яго ў руцэ, паглядзеў на святло.
Чырвоны пунш, чырвоны колер. Імператар здрыгануўся, хацеў ужо адставіць убок напой, але перасіліў сябе – наліў поўны шкалік. Выпіў за некалькі глыткоў.
Ён не злоўжываў алкаголем, піў зрэдзьчасу. Толькі цяпер яму усё настойлівей і настойлівей чуўся голас бацькі. Голас у апошнія хвіліны ў яго слабы, з вялікай напругай вымаўляючы словы.
– Дні майго жыцця завяршаюцца… Раней часу … Нехта дапамог. Я ведаю, хто спрычыніўся да гэтага...
“Няўжо здагадваецца, стары ліс”, – падумаў без пяці хвілін імператар, не зводзячы позірку з вачэй бацькі.
– Адно шкадую, што не ў добрым стане перадаю табе, сын мой, ўсе мае справы і клопаты. Цяпер цяжар дзяржавы ляжа на твае плечы…
– Бог дапаможа… – адказаў сын.
Бацька прымружыў вейкі.
– Будзь жорсткім… не шкадуй нікога, нават самога сябе…
Голас усё слабеў і слабеў. Сын не адымаў рукі, ён у чаканні апошняга штуршка сэрца.
Мікалай І адвярнуўся да сцяны і заціх. Сын паклаў абедзьве рукі на грудзі, заплюшчыў нябожчыку вочы…
Ён паклікаў слугу – старога і сівога, трошкі згорбленага, чалавека. Той зірнуў аддана на імператара, позіркам папытаўся – усё?
Імператар, адчуваючы, як пераліваецца ў яго цела ўлада, нахмурыўся, пальцамі дакрануўся да вачэй, робячы выгляд, што выцірае слёзы, дрыготкім голасам прашаптаў:
– Усё…
Аляксандр ІІ падышоў да акна, спыніўся каля аксамітнай шторы. Глядзеў у двор, дзе па дарожцы бегалі дзеці, даганяючы адно аднаго. Яны бегалі па тых сцежках, што некалі і ён.
“Усё ў мінулым, усё ў мінулым… Цяпер я таксама ганяюся за прывідамі, стараюся перамагчы іх, але яны не ўцякаюць ад мяне, а наадварот, гоняцца за мною…”
Прачынілся дзверы, хацеў пераступіць парог начальнік імператарскай канцылярыі, але, убачыўшы, што не да яго, тут жа і адступіў назад…
Аляксандр ІІ ведаў, з чым прыйшоў чыноўнік. Зноў будзе расказваць, што паведамілі яму жандармскія генералы і губернатары, – сяляне недзе забілі свайго памешчыка, перад гэтым падпаліўшы яго маёнтак… Адначасова разабралі ўвесь інвентар, парасцягвалі жыта і пшаніцу, бо свайго не мелі… Сумна, сумна…