Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Серия: Авантуры Пранціша Вырвіча #5
- Язык: белорусский
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара». Краткое содержание книги:
Ну вось і з’ясавалася пра хованку святога рога.
Раптам звычны гуд карчомнага жыцця перакрыў дзявочы віскат. Амерыканачка!
Вырвіч і Лёднік кінуліся на крык.
Пакой на другім паверсе, з дываном і высокімі бронзавымі кандэлябрамі, быў як восеньскім лісцем засыпаны картамі. Віновыя дамы і жалудовыя каралі разгублена надзімалі яркія вусны. Адлічаны студыёзус Аляксандр Лёднік настаўляў аголеную шаблю на сваіх праціўнікаў, прыкрываючы княжну Багінскую, а тая, вызіраючы з-за свайго абаронцы, вішчэла пагрозна:
— Вы не мелі права заручаць мяне без згоды пана-бацькі! Вярніце мяне майму бацьку, пану Гервасію Агалінскаму!
А вось і той, на каго паненка крычыць. Пан Брастоўскі ўласнай персонай!
Лёднік, узброены кандэлябрам, умомант адкінуў гардыянаў Брастоўскага ад сына, вянгерац вагой зусім не з кураня адляцеў ад скіраванай на яго далані Чорнага Доктара, хаця той, здаецца, і не дакрануўся. Амерыканачка ажно падскоквала з віскам захаплення: «Так, так іх, пан магік!»
Вырвіч паўдзельнічаў у вікторыі з прыхопленай ля грубкі качаргой, змусіўшы апошняга гардыяна прысесці ў кут, трымаючыся за анямелае плячо.
— Мама мія! Маледэта! — лаяўся ў дзвярах няшчасны гаспадар «Залатога льва», запусціўшы рукі ў валасы — выспа лысіны мусіла пашырыцца.
— Уражвае! — князь Брастоўскі нат шаблю з похваў не дастаў, і спыніў жэстам сваіх людзей, што ірваліся да сатысфакцыі. — Вы, пан Лёднік, сапраўды. неардынарны чалавек. Хоць зблізу бачу вас упершыню.
Што ён вярзе? Пан з задавальненнем назіраў разгубленасць нечаканых нападнікаў:
— Паненка дарэмна вінаваціць мяне ў сваіх нешчаслівых заручынах. Я — пан Адам Брастоўскі. I дзеянні майго браткі-блізнюка Міхала зазвычай не ўхваляю, а часам і ўсяляк ім перашкаджаю.
Вось табе на. Патрапілі проста ў рукі таго, ад каго хаваліся, апранаючы балаганныя ўборы. I зноў усё з-за паненкі Багінскай-Агалінскай, вось жа паслаў лёс назолу!
Аказалася, паненка згледзела прыезд пана Брастоўскага і вырашыла прасачыць: што ягамосць тут робіць, калі мусіць быць зусім у іншым месцы? Ці не ўдасца даведацца пра лёс бацькі? Выслізнула спрытненька з-пад увагі малодшага Лёдніка, пралезла ў пакоі. Была заўважаная. Не дзіця — зброя небяспечная!
Брастоўскі між тым, не зважаючы на аголеныя шаблі, спакойна і трохі здзекліва разважаў:
— Значыць, вось каго братка паслаў здабываць пацверджанні радавітасці Цялка! Не разумею, як вы з Ашмянаў выбраліся праз маіх шпегаў. Ты ж, Лёднік, зараз ці гнісці ў турме мусіш, ці магільных рабакоў карміць за забойства маёй пляменніцы. А ты яшчэ і другую маю пляменніцу скраў. Вы ж, спадзяюся, ведаеце, што мая жонка — родная цётка гэтага мілага дзіцяці? Ну што, загадаць вас перастраляць, як курапатак, альбо пагутарым шчыра?
Выслухаўшы версію падзей, Брастоўскі злосна пакрывіў вусны.
— Мне паведамлялі, што да пана Караля ў Венецыю падаслалі забойцу. Здрадніка з альбанчыкаў, які перакінуўся да ворагаў з-за выгаднай жаніцьбы. На шчасце, яго ўдалося схапіць, — пан Адам пастукаў даланёй па ломберным століку, за якім, відаць, паспеў прайграць не адну залатую карэту. — Значыць, пану-дабрадзею Каралю Радзівілу спецыяльна ў вушы ўвялі, каб бацьку гэтай паненкі прыбраць, і Міхал мог яе ўдачарыць і здзейсніць свой гешэфт са Штакельбергам. Ганьба якая. Бедны пан Караль, кругом яго адны здрайцы ды шпегі. I першая — жоначка, Тэрэза са Ржавускіх, змяюка.
Апошняе імя пан вымавіў ажно з прысвістам ад нянавісці.
— Падумаць толькі, што і з ёю мы ў сваяцтве апынуліся! Гэта ж мой братка зрабіў яе хроснай маці маіх пляменніц.
— I панны Праксэды? — ускінуўся Лёднік.
Падобна, лёс асістэнткі ўсур’ёз не даваў яму спакою.
— I яе, — скрывіўся пан Адам. — Думаеце, Міхал такі вось добры, з-за пакутаў сумлення паклапаціўся пра дзіця, прыжытае ў Нямеччыне і асірацелае? У іх дамова. З пані Тэрэзай і Юзэфам Радзівілам, старостай менскім, які зараз лапу наклаў на маёнткі нашага пана Караля. Ведаеце самі, што бацька Юзафа, вар’ят Марцін, дзяцей сваіх так збіваў, што ў Юзафа — горб. А брат ягоны малодшы Якуб дык зусім пачвара. Сам яго не бачыў, але дакладна ведаю — дурань, да жабы падобны, толькі бурбалкі ўмее пускаць. Але калі яго прызнаюць дзеяздольным, можа прэтэндаваць на кавалак бацькавай спадчыны, які быў у маёмасці пана Караля, а зараз у секвестры пад каронай. Тут адзіны сродак — жаніць. Але не на простай дзеўцы, а, паводле тастаменту Марціна, каб у далёкім сваяцтве з Радзівіламі была. Як Брастоўскія. Вось і дамовіліся: дачка Міхала, памылка юнацтва, як падрасце, выйдзе замуж за вар’ята. Яе мужу перадаюць належныя ўладанні, іх дзеляць мой брат і пан Юзаф. Ну і пані Тэрэзе, якая ўсё і прыдумала, за спрыянне штось перападае. Пан Караль, як з ёй развядзецца, ні перліны паскудніцы не пакіне.