Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Серия: Авантуры Пранціша Вырвіча #5
- Язык: белорусский
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара». Краткое содержание книги:
Пан нецярпліва махнуў рукой, паказваючы, што гэтая частка спектакля закончаная.
— Нясіце карты.
Тонкія ноздры князя Адама ажно раздзімаліся ад п’янкога прадчування іншай баталіі. Пафасныя словы пра лёс Айчыны патроху развейваліся над ломберным столікам, як дым ад свечак.
На гэты раз да прыгодаў іх везла запрэжаная двума коньмі сціплая брычка са скураным навесам. Ад фурмана адмовіліся. Мець пры сабе шпега? Патэнцыйнага здрадніка, як Фульчык? Лепей па чарзе трымаць лейцы.
Зараз была чарга Пранціша.
Дарога нагадвала кепскі верш, з перабоямі ў рытме і рыфмах. Трапілася некалькі спаленых сядзібаў. Невялікі цагляны храм, які перахрышчвалі ў розныя канфесіі, сумна глядзеў услед чорнымі прагаламі выбітых вокнаў, а на ягоным вострым даху пабліскваў цудам захаваны крыж. Пранціш адсёрбнуў з філіжанкі ігуменскай медавухі, на рабіне настоенай. I ўсё ж быў у гэтым панылым краявідзе нейкі заварожваючы спакой і шчымлівая прыгажосць. Быццам ты вечна будзеш трэсціся па праданай зямлі ў чужой павозцы.
Але за спінай былі свае людзі. I гэтыя свае, вядома, сварыліся. Шкада, Давыда давялося пакінуць у карчме. Аптэкар умеў наладжваць адносіны нават з вулканам у момант вывяржэння.
— Я заўсёды марыў быць гэткім жа смелым, як ты, бацька. — у голасе Аляксандра чуўся ледзь прыхаваны гнеў. — А ты. Ты нават баішся расказаць, хто мая сапраўдная маці!
Юнак, падобна, сам спалохаўся сваіх слоў, бо на апошнім аж голас сарваўся.
— Яна была добрай і гожай.
Пранціш вушам не верыў: Бутрым наважыўся?
— Памерла праз тры гады пасля твайго нараджэння. У яе было. не вельмі шчаслівае жыццё.
Бутрым зноў закашляўся. У павозцы на нейкі час запанавала маўчанне, чулася толькі рэзкае дыханне Лёдніка, ды вецер трапаў скураныя бакі навесу, так што падавалася, быццам у павозку набіліся прывіды.
— Чаму ж ты не звёз яе, не забраў — разам са мною?
Бутрым загаварыў ціха і глуха.
— Я быў рабом. Бяспраўным слугою. Яна мяне выратавала, калі мой уладальнік ледзь не закатаваў мяне.
Аляксандр недарэмна ўспадчынніў бацькаву здольнасць да навуковых высноў.
— Я чуў, ты быў слугой пана Агалінскага. Значыць…
— Так, ты нарадзіўся ў сям’і Агалінскіх. Пра што дадзена слова гонару не распавядаць.
— Уандэфул! Дык пан Аляксандр мой брат?
Штосьці зноў зашаргатала, і гэта быў не вецер. З-за наваленых трантаў — Эрнэста дапамог на грошы абодвух Брастоўскіх разжыцца зімовай вопраткай, якая вось-вось спатрэбіцца — выпаўзала князёўна Багінская-Агалінская, і рабацінкі на ейным носіку ззялі, як алхімічнае золата.
Вырвіч ажно лейцы рэзка нацягнуў, і брычка тузанулася і спынілася пад абуранае фырканне коней.
— Толькі не зноў. — прастагнаў скрозь зубы Пранціш.
У Бутрыма рука пацягнулася перахрысціцца.
Але паненка ўжо ўселася побач з заўважна збялелым Алесем, скардзячыся на падступных Брастоўскіх, якім карціць вучыць яе манерам і трымаць пад замком. А яна лепш дапаможа сваім рыцарам! З ёй ім дакладна будзе весялей!
Раздзел шосты
ЯК ПРАНЦІШ ВЫРВІЧ У ФАРАОНА ГУЛЯЎ
Вясёлае места Кракаў. Гэта нічога, што пачаўся ён з таго, што дачка князя Крака Ванда кінулася ў раку, абы не пашлюбавацца з нямецкім рыцарам. Нічога, што пасля пажару званне сталіцы адабрала ганарыстая Варшава, а апошні кароль не захацеў тут каранавацца. Вядома, ганьба — што цяпер горад апынуўся на памежжы падзеленай краіны, і на тым беразе Віслы аўстрыякі будуюць свой горад. Што Кракаў увайшоў у новаствораную аўстрыйскую правінцыю — Каралеўства Галіцыі і Ладамерыі, гонар быць сталіцай якой аддадзены Львову.
Але стаіць на Вавелі Злодзейская вежа, б’е звон па імені Сігізмунд на касцёле Святога Станіслава, цікуюць з трыснягу і прыбярэжных пячораў цмокі за прыхаднямі. Рана ці позна ўхопяць жалезнымі зубамі за бот.
I, вядома, ніхто не змусіць нат у самыя цяжкія часы кракавяніна забыцца на месцы, дзе можна пацягаць за валасы Фартуну. Мясцовыя гульнявыя дамы ўся Еўропа ведае. Вось перад адным з іх і стаяла кампанія. Так, гэта не карчма «Залаты леў» у ліцвінскай глыбінцы. Каменны гмах на тры паверхі, з пазалочанай ляпнінай, крыху паадбіванай кулямі, і трыма сінімі рыбкамі са смальты на фасаде. З вокнаў чулася гранне віяланчэлі і флейты. Паны і пані, якія падымаліся па засланых дываном прыступках, былі ў паўмасках.