Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе
- Автор: Алексиевич Светлана Александровна
- Год: 2015
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- ISBN: 978-0-929849-78-2
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Краткое содержание книги:
У кнізе сабраныя матэрыялы, якія больш чым два дзесяцігодзьдзі гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.
У кнізе скарыстаныя фатaздымкі Ўладзя Грыдзіна, Багдана Арлова, Аляксандры Дынько, AFP.
© Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015
Акудовіч: Мой любімы паэт, дарагі мой сябра Ўладзімер Някляеў трошкі ня так расчытаў маю рэпліку. Я ня менш за яго і за каго заўгодна заангажаваны і ў нашую сымболіку і ў беларускасьць. Я казаў, што калі людзі выходзілі масава на вуліцы, яны выходзілі не як мы зь Някляевым — пад пэўны сьцяг, яны выходзілі таму, што была энэргетыка і патрэба пераменаў.
Дракахруст: Спадар Валянцін, у Вас у свой час быў знакаміты артыкул «Бяз нас», дзе Вы з горыччу апісалі глыбокую ізаляцыю нацыянальнай інтэлігенцыі. Дык чаму ж у рэшце рэшт на альтэрнатыўным баку лідэрамі аказваюцца людзі ўсё ж нацыянальна сьвядомыя?
Акудовіч: Мала хто заўважае, што за 15 гадоў незалежнасьці беларусы ўжо амаль аформіліся як нацыя. А не заўважаюць гэта найперш таму, што шлях нацыятварэньня бачыўся і бачыцца многім зусім іншым — а менавіта этналінгвістычным, праз ахопліваньне ўсяго грамадзтва нацыянальнай культурай, беларускай мовай, уласнай гісторыяй і да таго падобнае.
Аднак атрымалася ўсё зусім інакш. Беларусы неўпрыкмет для сябе пачынаюць гуртавацца ў нацыю на сацыяльных падставах — гэта значыць, свая дзяржава, свае законы, свой дзяржаўны лад і гэтак далей.
Але з чаго тады нават у нацыянальна не заангажаваных палітычных лідэраў відавочна бачны акцэнт на ўласна нацыянальнае, як, скажам, у спадара Казуліна? Рэч у тым, што нацыянальна сфармаваны чалавек, на якіх бы падставах ён ні фармаваўся, пачынае разумець значэньне ўнівэрсальных каштоўнасьцяў. А значыць, ён пакрысе ўсьведамляе, што ўласна беларускае, якім бы маргінальным сёньня яно ні было — гэта адна з тых унівэрсальных каштоўнасьцяў, якая нябачна зьвязвае нашу краіну ў адно цэлае.
Беларускасьць сёньня знаходзіцца ў маргінальным стане, але гэта — цэнтрапалеглая маргіналія. Вымі яе цалкам — і ўсё пасыплецца.
І таму чуйныя, разумныя людзі, як у выпадку з Казуліным, першае, што робяць, калі самі не зьяўляюцца ўнутры нацыянальнымі ў пляне ўласна беларускага — яны агароджваюць сябе людзьмі выразна нацыянальна заангажаванымі, як Іпатава, Някляеў і да таго падобнае.
Дракахруст: Спадарыня Сьвятлана, ізноў жа вяртаючыся да Вашай палемікі з Генадзем Бураўкіным у «Праскім акцэнце». Вы тады казалі, што нацыянальна арыентаваная інтэлігенцыя — гэта такія летуценьнікі, іх сьвет — гэта, так бы мовіць, вузенькая прастора вакол рэдакцыяў «Нашай Нівы» і «ARCHE», а вакол, казалі Вы, жыве зусім іншае грамадзтва, чужое гэтым ідэям.
Але цяпер Вы самі кажаце, што на вастрыні чаканьняў апынуўся Мілінкевіч — чалавек менавіта гэтых ідэяў. Чаму?
Алексіевіч: Не зусім дакладна перададзены сэнс таго, што я хацела сказаць тады. Як я зразумела, і ў розных выданьнях яго таксама няправільна зразумелі. Я не казала, што ёсьць шчырыя беларусы вакол «ARCHE», «Нашай Нівы», вакол нейкіх лідэраў, такіх як Акудовіч. Я казала, што большая частка Беларусі яшчэ гаворыць па-расейску. Справа ня ў мове ці ня толькі ў мове. Ня важна, на якой мове адбываецца высьпяваньне нацыі, высьпяваньне наагул чалавечай сьвядомасьці, роўнай таму, што адбываецца ў сьвеце.
І калі размова ішла пра вяшчаньне зь Нямеччыны, я тады сказала, што вельмі разумны крок, каб яно было на расейскай мове, бо да выбараў засталося няшмат часу (высьветлілася, што яго яшчэ менш), і давайце заангажуем гэтую частку людзей.
Што тычыцца нацыі, то яна сапраўды за гэты час відавочна зьбіраецца, і гэта адбываецца ня толькі паводле нутраных, але і паводле зьнешніх прычынаў. Іншага стрыжня, акрамя нацыянальнага, на сёньняшні момант разьвіцьця чалавецтва няма. Я б не сказала. што гэта маргінальная інтэлігенцыя і што гэтыя каштоўнасьці маргінальныя. Мы ўжо прызвычаіліся так думаць і прыніжацца. Яны яшчэ не артыкуляваныя і адбываюцца на падсьвядомым узроўні.
Адзін нямецкі філёзаф казаў, што ёсьць ананімныя хрысьціяне — людзі, якія ня ведаюць, што яны хрысьціяне. У нас краіна беларусаў, якія ня ведаюць, што яны беларусы. Я гэта магу сказаць і пра сябе.
Гэтая ўлада закрытая ад сьвету, сьвет не прымае гэтую ўладу, але людзі езьдзяць, глядзяць. Хай сабе яны цягаюць скрыні з харчамі ці рэчамі, якія яны прадаюць, але яны бачаць, які велізарны сьвет. І яны бачаць, што гэты сьвет сёньня мае праблемы, і яны вырашаюцца праз асэнсаваньне, хто ты ёсьць — італьянец гэта італьянец, француз гэта француз, паляк гэта паляк.
Людзі бачаць, што войны, якія ідуць сёньня і якія часам называюць тэрарызмам, зьвязаныя з глыбокімі нацыянальнымі праблемамі. Усходні сьвет ня хоча жыць, як амэрыканцы ці эўрапейцы, ён ня хоча жыць на гэтых хуткасьцях, так хутка губляць каштоўнасьці.