Страла Зэнона (Рытмалягічны трактат)
- Автор: Пацюпа Юрий
- Язык: белорусский
- Жанр: Прочее научное
Электронная книга - «Страла Зэнона (Рытмалягічны трактат)». Краткое содержание книги:
Паводле аналёгіі з трохскладовымі сьцягнутымі ступамі можна выбудаваць віртуальную піраміду пяціскладовых «расьцягнутых» ступаў (да якой практычна яшчэ давядзецца вяртацца):
ОооооО(х)
оОооооО(х)
ооОооооО(х)
оооОооооО(х)
ооооОооооО(х)
ОооооОооооО(х)
оОооооОооооО(х)
ооОооооОооооО(х)
оооОооооОооооО(х)
ооооОооооОооооО(х)
ОооооОооооОооооО(х)
Гэтая структура таксама не дазваляе гарманічна разьмеркаваць усплёскі ды акустычна разьмежаваць ікты і сысталы, але заразом з прычыны абмежаванае даўжыні слова таксама ня можа пазбыцца лішніх складоў. Менавіта зь неўпарадкаванасьці інфраструктуры пэнтон мае адценьне «дольніка». Абсечаныя ж вярхі дзьвюх апошніх пірамідаў гавораць пра ненатуральнасьць іх квазіканстантавага рытму, калі толькі пульсанта, ператвораная ў другую канстанту, дае пачатак няслушным структурам.
Аднак усюды мы бачым: інварыянты рытмэмаў і квазірытмэмаў, незалежна ад іх даўжыні, захоўваюць адзінства рытмавага працэсу. Адсюль вынікае, што лягаэдаў, найперш як спалучэньняў ступ рознае прыроды (а ў пэўнай ступені — і радкоў, і строф), быць ня можа. Жыцьцяздольныя толькі такія лягаэды, дзе прасочваецца адзінства рытмавага працэсу. Рэшта лягаэдаў — гэта штучная і нікому не патрэбная празаізацыя вершаў. Парушэньне рытмавага працэсу ў абсягах рытмэмы нельга кампэнсаваць рэгулярным паўтарэньнем гэтага парушэньня. Менавіта ў рэзкіх зьменах рытмавых чаканьняў і замыкаецца цяжкасьць чытаньня радковых лягаэдаў. Будова рытмэмы заўсёды простая, бо падначальваецца закону адзінства. Складаныя ж арабэскі могуць утвараць спалучэньні рытмэмаў, а ня ступ. У тым і замыкаецца майстэрства паэта, каб выбудаваць арабэсак іктаў, не парушыўшы адзінства рытмавага працэсу.
Умоваю існаваньня ўсіх памераў ёсьць раўнамернасьць чаргаваньня двух ці трох відаў складоў: валоў, усплёскаў і роўняў. Таму надта ненатуральны і ў дыхатамічных памерах, і ў анапэсьце, і ў сылябіцы зьбег націскаў, які называюць спандэем. Аднак «спандэй» ня ёсьць і ня можа быць ступою, бо не зьяўляе, а парушае адзінства рытмавага працэсу. Два ікты ўзапар мажлівыя ў мовах з доўгімі складамі, але ніколі — у мовах з моцнымі складамі. Гэта свайго роду рытмавы «вірус». Верш пазбываецца спандэю траякім спосабам: 1) адзін з сумежных націскаў проста зьлегкаважваецца, становячы сабою сысталу; 2) пульсанта, усутыч набліжаная да канстанты, кампэнсуецца выбухам дыясталы ў моцнай пазыцыі; 3) калі ж абодва націскі выступаюць як ікты, дык паміж імі ўзьнікае цэзура або лейма. Менавіта ў гэтым моманце знаходзіць сабе частковае тлумачэньне ідэя леймаванага рытму.
Увесь апісаны тут рытмавы працэс, які задаецца з хваста, а падаецца з пачатку, выходзіць наскрозь супярэчлівым. Як разьвязаць гэта на практыцы? Выйсьце дае такая псыхічная зьява, як рытмавы стэрэатып. Першы націск, які часта абмыльна ўважаюць за падставовы, насамрэч адыгрывае важную, але другасную ролю рытмавае арыентацыі, «падказкі». Калі тая не спрацоўвае і мы не зымаем дынамікі напружанага шэрагу — даводзіцца чытаць пачатак тэксту па-новаму, каб патрапіць на рытмавую інэрцыю. Балазе, найчасьцей такая апэрацыя лішняя. Прычына замыкаецца ў самім парадку ўзьнікненьня вершу. Успомнім, паэты абы час любяць падкрэсьліваць неадлучнасьць думкі ад рытму. І мала хто з аўтараў загадзя ведае, да якога памеру ў той ці іншы момант ён зьвернецца.
Матрыцаю служыць першая фраза, якая мусіць быць рытмава акрэсьленаю, выразнаю. Яе паэт інтуіцыйна прымяркоўвае да знаёмага рытмавага стэрэатыпу, пераносячы на ўвесь верш. Нават загадзя намеркаваны памер патрабуе рытмава выразнае першае фразы. Дарэчы, вершаў зь невыразнымі першымі радкамі параўнальна няшмат. Калі ж фраза замыкае ў сабе вершавую патэнцыю, але паэт ня мае ў памяці адпаведнага рытмавага стэрэатыпу, дык хутчэй за ўсё не пакарыстуе яе. Ці стане адкрываньнікам новага стэрэатыпу. Менавіта тут тлумачыцца славуты парадокс Л. Цімафеева, дзей «у вершы няма нічога, чаго няма ў мове», і ня менш парадаксальны адказ Б. Тамашэўскага: «Нічога, апрача самога вершу». Маўленьне — гэта патэнцыі, рэальныя, але не актуалізаваныя, не «размножаныя». Верш — стэрэатып актуалізаванае патэнцыі.