Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Белая муха, забойца мужчын
Белая муха, забойца мужчын - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Белая муха, забойца мужчын

Электронная книга - «Белая муха, забойца мужчын». Краткое содержание книги:

Новы раман Альгерда Бахарэвіча — гісторыя жаночай банды, «дзевак без цара ў галаве», якія кінулі выклік патрыярхальнаму грамадству. Хто яны: тэрарысткі, вар’яткі, мастачкі? Або проста прывіды мінулага, з якімі нечакана сустракаецца галоўны герой кнігі?
1 ... 27 28 29 30 31 32 33 34 35 ... 69
Перейти на страницу:

«Цалавацца з кім?»

«З усімі тымі жанчынамі, якіх ты сустрэнеш».

І мы замоўклі, і неяк дзіўна зрабілася на душы, балюча і трывожна, ці што… Быццам нешта ўкалола мяне проста ў сэрца.

А яшчэ ў яе, маёй новай неверагоднай сяброўкі, была белая муха. Сапраўдная муха-альбінос. І мая Глюмдалькліч ганарылася ёй так, што забывала пра мяне. «Яна ніколі ня сьпіць, — паўтарала яна так задуменна, быццам мяне не было ў пакоі. — Яна дажыве да канца зімы, і я яе выпушчу. Яна заўжды маўчыць, і яна белая, і гэта не супадзеньне».

Я з пашанай, азіраючыся ўпотай на гаспадыню, разглядаў белую муху. Муха і праўда была жывая, яна поўзала па сьценках шклянога куба, у якім яе трымала гэтая вар’ятка. І я пякуча адчуваў у гэтыя моманты, што мы зь ёй робім нешта няправільнае, недазволенае. Але сапраўднае. Сапраўднае, як гэтая муха.

І было некалькі такіх асаблівых, жудасных сваёй небясьпекаю момантаў, калі мне здавалася, што я падаю — падаю з даху нашага дзевяціпавярховіка проста ў чорныя прастакутнікі на сьнезе. Аднойчы мы валтузіліся на канапе і мой твар апынуўся ў яе паміж ног, і я адчуў далёкі, але зусім новы для мяне пах, і затрымаўся там, схапіўшы яе за калені… На некалькі сэкундаў, усяго на некалькі сэкундаў, але гэта былі лішнія, зусім ня тыя сэкунды, пра якія можна забыцца і жыць далей, і што самае страшнае: яна цярпліва чакала, пакуль яны скончацца. Аднойчы, аднойчы, аднойчы.

Аднойчы я рвануў на сябе дзьверы прыбіральні, мне здавалася, яна ўжо даўно адтуль выйшла і была ў кухні — але яна сядзела там, і на імгненьне я пабачыў тое, што мне нельга было бачыць ні ў якім разе. Я рэзка зачыніў дзьверы, але пасьпеў пабачыць на яе твары ўсьмешку — зусім ня злосную. Аднойчы яна паклала мне на твар белыя калготкі, а сама выскачыла з пакоя, замкнула дзьверы і села за імі, я чуў, як яна дыхае. Яна чакала, што я буду рабіць. Я знайшоў у сабе сілы акуратна скласьці белую спакусу, пакласьці на крэсла і ўзяць у рукі кнігу. Рукі хадзілі хадуном. Я забыўся ўсе літары. Яна ўвайшла хвілін празь пятнаццаць, разьятраная і бледная, і выгнала мяне дамоў.

Я зусім перастаў выбіваць дываны. Цяпер гэта рабіла маці — і я назіраў за ёй з акна кватэры маёй Глюмдалькліч. Бо — ня ўголас, вядома — але я працягваў так яе называць. Маці злавалася, яна ня ведала, дзе я швэндаюся кожны дзень да самай ночы; набліжаўся Новы год.

14. Ружовыя дзьверы

Я прачнуўся на досьвітку ад таго, што на мяне хтосьці глядзеў. Па пакоі плаваў сонны дух нямытых чалавечых целаў. У куце ўсё гэтак жа качаўся, ціха стогнучы, Шпэцль. Давялося добра прадзерці вочы, каб атрымаць перад сабой досыць выразную карцінку: і зь яе на мяне, не міргаючы, пазіраў Міхаіл Юр’евіч, на дзіва бадзёры і вельмі жывы. І да таго ж у ранішнім сьвятле містычным чынам падобны да партрэтаў уладароў Замку — быццам за ноч яму пасьпелі зрабіць плястычную апэрацыю.

«Спите, — прамовіў ён злосна. — Спите, спите… Так, блядь, всю историю проспите нахуй».

Я зноў заплюшчыў вочы, але Міхаіл Юр’евіч схапіў мяне за плячо. Давялося падняцца, каб скінуць гэтую пабацькоўску ўладную руку. Разьмінаючы зацёклыя рукі, я асавела глядзеў на яго, а ён барабаніў пальцамі па стале.

«Оружие… Оружие! Здесь же оружия на одних стенах столько, что каждому в руки по две единицы можно дать. И тогда гестаповкам саблей по голове, в коридор и потом всех под корень. Мне б топор хотя бы — рука не дрогнула б. А внизу арсенал. Вот бы туда пробраться. Рискнешь, сынок?»

«Неа, — сказаў я, пастараўшыся ўкласьці ў голас як мага больш шляхецкай ляноты. — Я спаць хачу».

«Вот все вы такие, бульбаши, — зыркнуў на мяне Міхаіл сьвет Юр’евіч. — Потому и сидите в говне, что только спать да бульбу жрать умеете. Потому и приходится шевелиться мне, отставному вояке, чтобы и к вам история пришла. Да ты знаешь вообще, почему я здесь? Мне спешить надо. Потому как история стоит. А история не хер, чтобы стоять. Историю делать надо. Валить под себя и делать… Делать!»

І ён зноў грымнуў кулаком па стале, і атрымалася дужа музычна: барабанны бой пальцаў і потым гэты кароткі вагнэраўскі шум. Ад такога ранішняга гімну заварушыліся астатнія. З вар’яцкім выглядам падняліся з падлогі Паўлюк і Рыгор, вылез з-пад жонкі Віталік, гучна чхнуў немец.

«Гутэн морген! Я с вами согласен, дядя Миша, — выпаўз з-пад стала Цімур. — Надо что-то делать».

«Все потому, что бабам слишком много власти, — сказаў Віталік. — И начинается: пуси раёт, баба на мужика ревет, фемены всякие. Я по ящику смотрел. За бабами глаз да глаз нужен. Вот моей никогда такая фигня в голову не придет: на цыцках фломастером писать».

1 ... 27 28 29 30 31 32 33 34 35 ... 69
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)