Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Белая муха, забойца мужчын
Белая муха, забойца мужчын - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Белая муха, забойца мужчын

Электронная книга - «Белая муха, забойца мужчын». Краткое содержание книги:

Новы раман Альгерда Бахарэвіча — гісторыя жаночай банды, «дзевак без цара ў галаве», якія кінулі выклік патрыярхальнаму грамадству. Хто яны: тэрарысткі, вар’яткі, мастачкі? Або проста прывіды мінулага, з якімі нечакана сустракаецца галоўны герой кнігі?
1 ... 26 27 28 29 30 31 32 33 34 ... 69
Перейти на страницу:

І я на імгненьне пабачыў тое, што і яна. Аўтобус, які едзе ў напрамку сьмерці. Людзі, якія там засталіся, яшчэ ня ведаюць, што ніколі не даедуць да месца прызначэньня. Яны асуджаныя. Аўтобус прывязе іх у пекла. А мы моўчкі пабрыдзем дамоў. Міма фабрыкі, па пустцы і праз чорны ўзьлесак.

«Холадна? Давай сюды руку», — прапанаваў я і атрымаў яе проста ў рукаў: сьцюдзёную, чырвоную, яшчэ чужую.

«Чаму цябе перавялі ў нашу школу? Вы пераехалі?»

«Таму што з маёй мяне выгналі. Гэта ўжо трэцяя. А больш я нічога расказваць не хачу».

«За адзнакі?»

«Не».

«Ці за паводзіны?»

«Гэта што, допыт? — спытала яна, спыніўшыся. — Я ж сказала, я не хачу гаварыць. Не — гэта значыць не».

Так я прыняў яе правілы гульні.

А правілы былі строгія. Пасьля школы я прыходзіў да яе ў кватэру — бацькоў не было дома, яны вярталіся толькі а сёмай, і, мабыць, паглядзелі б на мяне коса, калі б засьпелі, я быў старэйшы за яе амаль на тры гады, а яна была разумнейшая за мяне на тры тысячы прачытаных кніг, на трыста пабачаных фільмаў, на трыццаць незнаёмых мне словаў, на трынаццаць вуліц, дзе ёй давялося пажыць. Я мусіў слухаць яе ўлюбёную музыку — такой у маім раёне ня слухаў ніхто, мусіў гуляць зь ёй у яе ўлюбёныя гульні: напрыклад, яна любіла раскідваць па паштовых скрынях суседзяў парнаграфічныя паштоўкі, скрадзеныя ў бацькоў, любіла набіваць цыгарэтныя гільзы гарбатай і курыць яе на бальконе, давячыся ад сьмеху, любіла апранаць мяне ў адзеньне сваёй сястры, якая вучылася ў другую зьмену і, заваліўшыся на канапу, з нагамі на сьцяне, амаль стаўшы на галаву, фатаграфаваць мяне ў такім выглядзе. Сам ня ведаю, як я на ўсё гэта пагаджаўся, гэта было чыстым вар’яцтвам, калі б гэтыя здымкі знайшлі — са школы вылецелі б мы абое…

Я чытаў ёй уголас Сўіфта, яна любіла знаходзіць у звычных кнігах самае нязначнае і разьдзімаць гэта да памераў літаратурнай сэнсацыі.

Памятаю, як сёньня, вось гэта, брыдкае, ванітоўнае, з падарожжа ў краіну веліканаў: «Сярод іх была жанчына, хворая на рак… яе грудзі распухлі да пачварных памераў, і ў іх зеўралі раны такой велічыні», што Гулівэр мог «лёгка забрацца ў дзьве ці тры зь іх і схавацца там цалкам». Сўіфт наогул шмат пісаў такога, што дзецям паказваць нельга. Але мы былі ўжо ня дзеці. Мы чыталі пра тое, як ён спраўляе патрэбу ў садзе, як яго, накормленага малпай, ванітуе, пра распусных жанчын, што аддаюць перавагу іншаземцам, а мужамі пагарджаюць, пра прастытутак і забойцаў, якім адсякаюць галовы так, што кроў сьвішча з шыі рыхтык вэрсальскі фантан…

А як вам гэтакі пасаж: «Самая прыгожая з фрэйлін, вясёлая гарэзьлівая дзяўчына шаснаццаці гадоў, часам саджала мяне верхам на адну са сваіх смочак і прымушала рабіць па яе целе іншыя экскурсіі, але чытач дазволіць мне абысьціся без падрабязнасьцяў».

Яна часта прасіла мяне прачытаць гэта ўголас, і калі я чытаў, па твары яе прабягала штосьці балючае, а ў вачах праступала смуга, нібы ў яе бралі кроў з пальца.

Мая сяброўка лічыла Сўіфта ледзьве ня самым сапраўдным зь пісьменьнікаў. Я не спрачаўся. Мне было важней, што яна думае пра мяне.

І вось так, чытаючы «Падарожжа ў Бробдынгнэг», мы адкрылі для сябе маленькага і гордага пэрсанажа, дзяўчынку, якую звалі Глюмдалькліч і якая ўразіла мяне на ўсё жыцьцё.

Дзяўчынка Глюмдалькліч была дачкой грубага і хцівага фэрмэра, які і пасяліў у сябе маленькага прыхадня Гулівэра, якога знайшлі ў полі парабкі. Глюмдалькліч апекавалася Гулівэрам, як магла, папрасіла зрабіць для яго драўляную скрыню, што стала для Гулівэра домам. І вось аднойчы яна паехала ў сталіцу, да каралевы — і трымала тую скрыню ў сябе на каленях, а ён сядзеў там, яе Грыльдрыг, яе палонны, яе двухногі ўлюбёнец, і ня ведаў, што яго чакае… А чакалі яго каралеўскі двор, і размовы з манархам, і прыдворныя дамы, якія любілі распранаць Гулівэра і садзіць яго сабе на грудзі. «Ад іх кепска пахла», — канстатаваў з прыкрасьцю Гулівэр. Ня тое што ад каралевы… І ад Глюмдалькліч, ягонай выратавальніцы, яго добрага анёла.

Выйшла так, што потым я гадамі ня мог пазбыцца гэтай карцінкі перад вачыма. Позьняя восень, гразкі гасьцінец, і карэта, што трасецца на калдобінах і ўгрузае ў мокрай гліне. А ў карэце, прыціснуўшыся да акна, сядзіць Глюмдалькліч. Яна моцна ўхапілася ў драўляную скрыню на каленях, памерам з маленькі чамадан. Яна едзе на поўнач. Яна зробіцца знакамітай. Яна і яе Гулівэр.

«Буду называць цябе Глюмдалькліч, — сказаў я аднойчы маёй сяброўцы. — Бо гэта прыгожа і табе пасуе».

«Не! — крыкнула яна, заціснуўшы ў зубах гарбатную папяроску. — Ніколі не называй мяне так. Бо зломіш язык і ня зможаш цалавацца».

1 ... 26 27 28 29 30 31 32 33 34 ... 69
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)